22 снежня 2024, Нядзеля, 19:22
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Наталля Радзіна: Сродкаў у сайта «Хартыя-97» засталося на месяц працы

23
Наталля Радзіна: Сродкаў у сайта «Хартыя-97» засталося на месяц працы
НАТАЛЛЯ РАДЗІНА
ФОТА: РАСЦІСЛАЎ ГОРДАН/GORDONUA.COM

Вось ужо некалькі месяцаў сайт Charter97.org працуе толькі дзякуючы падтрымцы чытачоў.

Лідары беларускай апазіцыі накіравалі ліст прэзідэнту Польшчы Анджэю Дуду і прэм'ер-міністру краіны Матэвушу Маравецкаму з просьбай падтрымаць працу незалежнага інфармацыйнага сайта Charter97.org, рэдакцыя якога праз рэпрэсіі з боку ўладаў Беларусі сёння знаходзіцца ў Варшаве.

У гэтым годзе фінансаванне партала было значна скарочанае. «Радыё Рацыя» звязалася з галоўнай рэдактаркай «Хартыі-97» Наталляй Радзінай, каб высветліць у якім стане цяпер самы рэйтынгавы сайт Беларусі, і як ідуць перамовы пра далейшае фінансаванне:

- Праблема ў тым, што праект «Хартыі-97», які падтрымліваў Фонд міжнароднай салідарнасці, скончыўся ў лістападзе мінулага года. На сёння мы яшчэ нічога не маем. Сёння абсалютна зразумела, што будуць значныя змены. Я праводзіла сустрэчы ў самім фондзе і ў Міністэрстве замежных спраў.

Я вельмі ўдзячная лідарам беларускай апазіцыі, якія сёння звярнуліся да прэзідэнта і прэм'ер-міністра Польшчы з просьбай падтрымаць сайт «Хартыя-97». Яны адзначылі яго важнасць для самой Беларусі ва ўмовах дыктатуры, а таксама ў сувязі з вельмі агрэсіўнай палітыкай Расеі ў дачыненні да нашай краіны. Пасля таго, як у лістападзе скончыўся польскі праект, мы працуем толькі дзякуючы падтрымцы чытачоў.

Я магу вам сказаць, што сродкаў у сайта засталося на месяц працы. Партал, які сёння мае мільёны чытачоў, нават нягледзячы на блакаванне ў Беларусі, знаходзіцца на мяжы закрыцця.

- Колькі людзей цяпер працуе над сайтам, над стварэннем кантэнту? Якім чынам даводзіцца папярэджваць людзей аб скарачэнні і пра тыя праблемы, якія існуюць?

- Мы будзем працягваць змагацца, будзем шукаць фінансаванне для сайта. Сёння на партале працуе блізу 30 чалавек, з улікам не толькі журналістаў, але і перакладчыкаў (у нас тры моўныя версіі), і тэхнічнай службы. Палова супрацоўнікаў працуе ў Беларусі, а палова - сёння з Варшавы.

- Якія тэмы цяпер найбольш актуальныя для сайта, якія немагчыма асвятляць у сувязі з гэтымі фінансавымі праблемамі, робячы свой уласны кантэнт?

- Праблема ў тым, што многія людзі, якія працуюць сёння на сайце «Хартыі» ў Варшаве, патрапілі ў Беларусі пад рэпрэсіі. Ні я, ні многія з маіх журналістаў не могуць прыехаць у Беларусь. Мы сёння ўсе здымаем у Варшаве кватэры і, калі не будзе нейкага мінімальнага заробку, які дазваляе здымаць жытло, то людзі проста апынуцца на вуліцы. Таму, вядома, у гэтай сітуацыі «Хартыя-97» яшчэ больш ўразлівая, чым медыі, якія працуюць унутры Беларусі, бо там журналіст можа ў крайнім выпадку жыць у сваіх бацькоў ці родных. У нашай сітуацыі гэта немагчыма.

Тым не менш мы будзем шукаць магчымасці для таго, каб прадоўжыць працу. Мы працуем ужо 20 гадоў, сутыкаліся з самымі рознымі цяжкімі сітуацыямі, хоць сённяшняя сітуацыя, вядома, крытычная.

Я вам скажу, што бачу такую тэндэнцыю: некаторыя еўрапейскія палітыкі робяць стаўку на супрацоўніцтва з дыктатарам Лукашэнкам. Адначасова адбываецца скарачэнне дапамогі незалежным СМІ ў Беларусі, тым арганізацыям, якія дазваляюць сабе крытыку рэжыму Лукашэнкі, якія без цэнзуры заяўляюць, што ў краіне парушаюцца правы чалавека і патрэбны перамены. Я не думаю, што гэта супадзенне, хутчэй за ўсё, некаторыя фонды дзейнічаюць у фарватары той еўрапейскай палітыкі, якую мы маем сёння.

Польшча заўсёды адрознівалася ад іншых еўрапейскіх краін сваёй прынцыповасцю ў дачыненнях з рэжымам Лукашэнкі, тым, што падтрымлівала беларускія незалежныя медыі (я маю на ўвазе «Хартыю-97», тэлеканал «Белсат», «Радыё Рацыя», «Еўрапейскае радыё» і іншыя незалежныя беларускія СМІ). Спадзяюся, што гэтая палітыка застанецца нязменнай, і кіраўніцтва краіны зразумее, што знішчэнне такога праекту, як «Хартыя-97» можа прывесці да негатыўных вынікаў, у тым ліку для самой Польшчы. Знікненне беларускіх незалежных медый прывядзе да ўварвання расейскіх войскаў у Беларусь.

Напісаць каментар 23

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках