25 снежня 2024, Серада, 20:02
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

NEXTA: З'явілася жаданне акумуляваць усё паскудства, якое ёсць у лукашэнкаўскай Беларусі

37
NEXTA: З'явілася жаданне акумуляваць усё паскудства, якое ёсць у лукашэнкаўскай Беларусі
СЦЯПАН СВЯТЛОЎ

Не будзьце памяркоўнымі.

Сайт Сharter97.org узнагародзіў Нацыянальнай прэміяй за абарону правоў чалавека імя Віктара Івашкевіча маладога відэаблогера Сцяпана Святлова, вядомага як NEXTA. Сцяпан Святлоў стаў лаўрэатам прэміі адразу ў дзвюх намінацыях: «За смеласць у творчасці» і «за асабістую мужнасць».

Пасля ўручэння прэміі блогер распавёў у інтэрв'ю Сharter97.org пра сваю дзейнасць, а таксама даў наказ маладому пакаленню беларусаў.

— Раскажы трохі пра сябе.

- Вучыўся чатыры гады ў Беларускім гуманітарным ліцэі, які забаронены ў Беларусі. Пасля школы паступіў ва ўніверсітэт у Катавіцэ на спецыяльнасць арганізацыя кіна- і тэлевытворчасці. Сёлета ўжо заканчваю бакалаўрыят і, напэўна, потым перабяруся ў Варшаву.

- Калі і чаму надумаў стварыць канал на YouTube?

- Спачатку NEXTA быў музычным праектам. Мы зрабілі песню «Выбару няма», потым запісалі трэк супраць «дармаедскага» дэкрэта. У выніку гурт наш распаўся, бо мы раз'ехаліся пасля школы па розных гарадах.

Наогул, відэакантэнтам займаюся з дзяцінства. Рабіў смяхотныя відэа на дні нараджэнні сваякам. Потым у мяне з'явілася жаданне акумуляваць увесь трэш, які адбываецца ў лукашэнкаўскай Беларусі. Сродкаў інфармацыі ў нас дастаткова, але мне хацелася зрабіць агульную падборку таго, што адбываецца ў краіне. Я прапанаваў фармат навін тыдня. Мае сябры казалі: «Ай, гэта нікому не цікава, гэта ўсюды ёсць». Таму план у нас быў такі: плюс дзесяць падпісчыкаў з аднаго выпуску. Калі дзясятка падпішацца, то будзем рабіць далей. Але калі ўсё пачалося, то падпісалася 25 тысяч, потым 50 і пайшло-паехала. Я тады наогул не разумеў, што адбываецца. Высветлілася, попыт быў на такі кантэнт у беларускай медыяпрасторы. Асабліва беларусам не ставала незалежнай інфармацыі, бо ў плане відэа ў беларусаў асабліва не было альтэрнатывы БТ. Быў толькі «Белсат», які ў тыя часы не вельмі яшчэ развіты быў.

Дарэчы, шмат хто мяркуе, што я запусціў канал на хвалі «дармаедскіх» пратэстаў, але гэта не так, я значна раней пачаў рабіць агляды. Ды і ў Катавіцы мы з сябрамі запісвалі ролікі, дзе ўкраінцы і расейцы спрабавалі адгадаць беларускія словы.

- Ты сказаў, што NEXTA - гэта першапачаткова назва вашага гурта. А адкуль гэта назва ўзялася і ці няма прэтэнзій у тваіх былых калег з музычнага цэху, што ты вядзеш свой канал пад гэтым нікам?

- Прэтэнзій дакладна няма (усміхаецца). Ды і варыянт такой назвы быццам бы я прапанаваў. Гэта было яшчэ ў ліцэйскія часы. Памятаю, мы адыгралі свой першы канцэрт у пераходзе і зарабілі першую тысячу беларускіх рублёў. На новыя грошы, праўда, гэта 10 капеек (смяецца). Што тычыцца семантыкі NEXTA - гэта гульня слоў і сэнсаў: пакаленне next (англ. наступны) і беларускае слова «нехта» - таямнічы вобраз, хто-небудзь з беларусаў, хто думае гэтак жа, як і я.

- Чаму ты надумаў займацца менавіта палітычным кантэнтам?

- Акурат таму, што моладзь не вельмі цікавіцца палітыкай. Гэта сумна напраўду. Проста калі ты не цікавішся палітыкай, то заўтра палітыка зацікавіцца табой, а ты не будзеш ведаць, што з гэтым рабіць. Апошні прыклад: студэнтка замахнулася на гарадавога. І вось я пачытаў інтэрв'ю, дзе сям'я кажа: «Не-не, мы не цікавімся палітыкай!» А вось калі б цікавіліся, то, магчыма, гэты інцыдэнт і не адбыўся б. Трэба цікавіцца палітыкай, чытаць навіны. Хай неглыбока, але хоць бы раз на тыдзень глядзець, што адбываецца ў краіне. Менавіта таму сваім гледачам прапанаваў тыднёвы фармат. Усё, што хвалюе нашае грамадства, імкнуся публікаваць.

Я заўважыў, што моладзь беларуская мяняецца. Хлопцы 17-18 гадоў ужо не баяцца запалохванняў, што іх адлічаць і гэтак далей. У эпоху інтэрнэту яны бачаць, як жывуць людзі ў іншых краінах: што яны свабодныя, што ў іх добры заробак. Яны могуць сабе дазволіць ездзіць на выходныя ў іншыя краіны, не баяцца выказваць сваю пазіцыю, калі чымсьці незадаволеныя. Вядома, частка моладзі выбірае варыянт з'ехаць з Беларусі, але я мяркую, што трэба прыкладаць як мага больш намаганняў, каб застацца ў краіне. Ці хаця б не заставацца ўбаку, калі з'ехаў, працягваць быць карыснымі для сваёй краіны. Хай сабе і ў інфармацыйным плане, як я, бо я не магу вярнуцца праз пераслед.

- Можна сказаць, ты надумаў стаць голасам свайго пакалення?

- Гэта, вядома, гучна сказана, але такія мэты ёсць - ахапіць як мага большую частку аўдыторыі. Дарэчы, расейцы і ўкраінцы таксама вельмі цікавяцца тым, што ў нас адбываецца.

- Як бацькі ставяцца да тваёй смелай дзейнасці, улічваючы тое, што ты, фактычна, абвясціў вайну кіраўніку МУС Шуневічу?

- Ігар Шуневіч сам абвясціў сабе вайну. Таму што затрымліваць людзей ні за што, лезці не ў свае справы і замоўчваць тое, што адбываюцца ў сістэме замест таго, каб гэта разглядаць, — гэта ўдар пад дых самому сабе. А я проста кажу праўду пра беларускую міліцыю. Гэта ж усё задакументавана і ёсць відэа.

Што тычыцца бацькоў, то яны паставіліся да маёй дзейнасці станоўча. Бацька мяне заўсёды падтрымліваў. Часам дапамагае парадай. Мы з ім дыскутуем на розныя тэмы. Ну а мама, вядома, хоча, каб усё было ціха, каб я нікуды не соваўся. Але ж гэта немагчыма, займаючыся такой дзейнасцю.

- Нагадай чытачам, чаму ты не можаш прыехаць у Беларусь?

— У 2017 годзе я пачаў актыўна змяшчаць відэа навіны ў сваім блогу. У лютым 2018 прыехаў у Менск на вакацыі. І вось толькі я з'ехаў на вучобу, як праз два дні мне паведамляе мама, што да нас дадому прыходзілі з ператрусам. Я наогул падумаў, што гэта жарт. Але высветлілася, што гэта праўда. Прыйшлі з панятымі, нашымі суседзямі, і канфіскавалі ноўтбук і старую камеру. Напэўна, думалі, што я ў Беларусі нешта сакрэтнае здымаў (усміхаецца). У выніку я ім напісаў некалькі зваротаў і прасіў тлумачэнняў, што гэта было. Адны адказвалі, што гэта не ў іх кампетэнцыі, іншыя пісалі, што так, нешта такое было, але сказаць не можам. А потым пачалася «вайна» з БТ у 2018 годзе. І на фоне гэтай вайны я зрабіў відэа пра ціск на мяне. Сказаў, што нават праз паўгода няма ніякай інфармацыі аб гэтым ператрусе. І даслоўна праз пару дзён пасля гэтага прыходзіць афіцыйны адказ, што супраць мяне нібыта не вядзецца справа і я магу афіцыйна ехаць у Беларусь. Але гэта ж падман…

- Калі не памыляюся, на роліку пра ператрус ты не паказваў свой твар?

- Я даволі ўмоўна быў ананімным. На старых відэа паказваў свой твар. Напрыклад, у відэа, дзе ўкраінцы перакладаюць беларускія словы. Таму для міліцыі не сакрэт быў, хто я. Ды і мая старонка «ВКонтакте» была прывязаная да ролікаў. Але спецслужбы нашы хоць і нікчэмныя, але яны ведалі пра мяне ўжо адразу пасля песні «Выбару няма». Гэта было ў 2015 годзе перад прэзідэнцкімі выбарамі. Яны прыйшлі ў маю школу, дзе я вучыўся да ліцэя, і пачалі збіраць інфармацыю. Ну а мама мая ў школе працуе, таму да яе гэтая інфармацыя дайшла. Пачалі цікавіцца, як я вучыўся, характарыстыкі глядзець…

- Акрамя канала на YouTube у цябе яшчэ ёсць папулярны telegram-канал, дзе часта змяшчаеш сенсацыйныя факты, якія выкарыстоўваюць нават СМІ. У адным з інтэрв'ю ты казаў, што часам табе самі міліцыянты распавядаюць пра некаторыя выпадкі. Чаму яны гэта робяць?

- Так, telegram завёў увосень мінулага года. Сябры парэкамендавалі. І калі яго завёў, на мяне за дзень падпісаліся дзве тысячы толькі з YouTube! Потым людзі пачалі дасылаць інфармацыю, я стаў выбіраць і публікаваць найлепшае. З часам людзі сталі ўсё больш дасылаць і гэта стала адной з крыніц інсайдэрскай інфармацыі. Людзі разумелі, што гэта ананімна і плюс пасля публікацыі праблемы звычайна пачынаюць развязваць. Чыноўнікі пачынаюць бегаць, тэлефанаваць і хвалявацца.

Чаму дасылаюць міліцыянты? Па-першае, таму што там ёсць нармальныя людзі. Яны пішуць, што ў гэтай сістэме немагчыма працаваць, але і ісці няма куды. Успомніце хоць бы звольненага міліцыянта Міхаіла Грамыку, якія быў арыштаваны і які абараняў Курапаты. Паасобку многія з іх адэкватныя, але калі іх збіраюць разам, то незразумела, што адбываецца. Так наладжаная сістэма. Чаму яны на гэта згаджаюцца? Банальна таму, што ў іх няма свайго рэальнага прафзвязу, які б мог займацца іх справамі і развязваць праблемы.

Па-другое, яны зразумелі, што гэта ўсё ананімна, хоць Шуневіч пагражае знайсці крыніцу «зліву». Але гэта немагчыма, бо гэтыя звесткі распаўсюджваюць па ўсіх установах. Высвятляецца, злачынствы ўнутры сістэмы адбываюцца ледзь не кожны дзень.

- Ці дасылалі табе нейкія сенсацыйныя навіны, але якія ты не публікаваў, бо не знайшоў пацверджання інфармацыі?

— Так, такіх інсайдаў досыць шмат. Але я стараюся правяраць, каб былі пацверджанні, фатаграфіі, пажадана ад дзвюх крыніц. Была, напрыклад, інфармацыя, што сын высокага чыну МУС Беларусі быў затрыманы ў Віцебску сярод тых, хто маляваў наркатычныя графіці. Я даведваўся, адкуль такая інфармацыя, але крыніца адказала, што сябры распавялі. Таму я не публікаваў гэтую інфармацыю.

— Ты, напэўна, у курсе, што ў Расеі існуе цэлая фабрыка троляў. Ты не заўважаў актыўнасці пад тваімі ролікамі або ў сацсетках падазроных удзельнікаў з дзіўнымі каментарамі?

- Менавіта моцнага наплыву не заўважаў. Яны часцей за ўсё сканцэнтраваныя на менш значных каналах: на тысячу, на 500 падпісчыкаў. Але напэўна ёсць нейкія БРСМаўскія тролі. Але гэта ў кожным выпадку ў Беларусі не можа далёка зайсці, бо ў нас вельмі і вельмі маленькая вага лукашэнкаўскай пазіцыі. Дзяржаўнай прапагандзе ўжо ніхто не верыць, людзі бачаць сітуацыю на свае вочы. Таму нават калі ў нас створаць нейкую фабрыку троляў, то іх проста засмяе абсалютная большасць звычайных людзей.

- Гэта значыць дзяржаўныя СМІ цалкам саступілі незалежным медыям?

- Так, прычым татальна! Мне здаецца, што ў іх нават шанцаў няма ніякіх, бо аргументаў няма, каб людзі ім паверылі. У іх няма самага галоўнага - праўды.

- Прэмію «Хартыі-97» табе ўручаў Збігнеў Буяк, легендарны лідар падпольнай «Салідарнасці», якая змагалася за вольную Польшчу. У кожнай краіны барацьба за свабоду была свая. Як думаеш, як гэта адбудзецца ў Беларусі?

ПРЭМІЮ«ХАРТЫЯ-97» СЦЯПАНУ СВЯТЛОВУ ЎРУЧЫЎ ЛІДАР ПОЛЬСКАЙ ПАДПОЛЬНАЙ «САЛІДАРНАСЦІ» ЗБІГНЕЎ БУЯК.

- У нас своеасаблівая краіна, нягледзячы на тое, што побач Украіна з гарачым тэмпераментам, імперская Расея і Польшча, якая актыўна змагалася за свае правы. У нас крыху інакш усё. Але калі здараецца нешта абуральнае, як гэта было з дэкрэтам аб «дармаедах», то людзі выходзяць на пратэст. То бок мабілізацыя адбылася, і гэтыя пратэсты вымусілі ўлады адступіць.

Ды і ўвогуле, калі ўсё ўспомніць, то беларусы даволі актыўна змагаюцца з рэжымам - гэта і акцыі «Стоп-бензін», і пратэсты з воплескамі, за якія Лукашэнка атрымаў Шнобэлеўскую прэмію. У беларусаў ёсць пратэстная глеба. Проста нам трэба павялічваць гэты пратэстны стрыжань, каб ён не звяў, як гэта было ў 2006-м ці 2010-м. Ці ўспомніць хоць бы, як на наступны дзень пасля разгону Дня Волі ў 2017, усё адно выйшлі людзі падтрымаць затрыманых. Апошні прыклад, калі затрымлівалі беларускіх музыкаў, а людзі стаялі, не баяліся і спявалі песні, нават пасля таго, як «бобік» падышоў і пагражаў выкарыстаць фізічную сілу. Таму нам проста трэба павялічыць колькасць людзей са стрыжнем унутры.

Ну і другое адрозненне беларусаў ад суседзяў - гэта нашая партызанская спадчына. Беларусы ўмеюць рабіць кропкавыя «дыверсіі», калі ўлады не разумеюць, што і дзе адбываецца. Узяць бы хоць бы апошні запуск феерверкаў і вывешванне бел-чырвона-белых сцягоў на 25 сакавіка ў розных частках краіны.

- Што скажаш пра «вакханаліі» уладаў у апошнія дні?

- І ператрус на «Белсаце», і пераслед нязгодных (пачынаючы ад пратэстоўцаў у Брэсце і заканчваючы школьнікам з бел-чырвона-белым сцягам), і беззаконне ў Курапатах, на маю думку, кажуць не пра ўсемагутнасць, а, наадварот, пра слабасць уладаў. Сістэма проста ў паніцы і ўжо не ведае, за што хапацца - няма нават саломінкі, якая б дапамагла Лукашэнку перастаць тапіцца. Людзі супраць, Расея супраць, Захад дапамагаць не збіраецца. Наперадзе выбары, патрэбны «парадак», але старыя метады піяру а-ля барацьба з абас...нымі каровамі і традыцыйны ціск з запалохваннем ужо не працуюць. Людзі больш не баяцца і выходзяць, нягледзячы на пагрозы. Грамадства бачыць, хто хлусіць, а хто кажа праўду, як павінна быць - і як не павінна.

Разам з гэтым улады дэманструюць адсутнасць скаардынаванасці і адзінай ідэалагічнай стратэгіі ўнутры самой сістэмы. Чыноўнікі і шараговыя выканаўцы злачынных загадаў нават не ведаюць, што адказваць і як глядзець у вочы людзям, бо гэты палітычны рэжым створаны выключна на падмане, страху, беззаконні і волі аднаго чалавека.

- Што б ты зычыў маладому пакаленню беларусаў?

- Галоўныя зычэнні маладому пакаленню і наогул усім беларусам - не быць інэртнымі. Нават калі вы не хочаце лезці на ражон, не трэба сядзець у куце і нічым не цікавіцца. Нават калі вы ўпадабайку паставіце пад відэа аб рэальнай сітуацыі ў краіне, ніхто вас не пасадзіць і не звольніць з працы. Расказвайце пра гэта тым, хто гэтага не ведае. Выцягвайце сябе з інфармацыйнай прапаганды Расеі, займайцеся самаадукацыяй.

І галоўнае - не будзьце абыякавымі і памяркоўнымі. Цікаўцеся сваімі правамі і ведайце, што толькі дзякуючы свабодным людзям, свабоднаму грамадству, можна стварыць годную краіну і будучыню. Бо калі жыць мімалётным жыццём у стылі «я схаджу на выбары, прагаласую датэрмінова, бо так сказалі на працы ці паабяцалі паставіць залік», з гэтага нічога не выйдзе. Залік у вас будзе адзін, а шанец нешта змяніць знікне, і вы будзеце пакутаваць наступныя пяць гадоў. Трэба выкарыстоўваць кожны момант і не быць абыякавымі. Мне здаецца, гэта самае галоўнае.

Напісаць каментар 37

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках