12 снежня 2019, Чацвер, 23:12
Засталося зусім крыху
Рубрыкі

Сілуанаў: Беларусь папрасіла падоўжыць тэрмін выплаты паводле крэдыту на БелАЭС

27
Сілуанаў: Беларусь папрасіла падоўжыць тэрмін выплаты паводле крэдыту на БелАЭС
ФОТА: DPA

Таксама ўлады Беларусі просяць расейцаў знізіць стаўку.

Расея пакуль не мяняла ўмоў крэдытавання будаўніцтва Беларускай АЭС (БелАЭС) у адказ на запыт афіцыйнага Менску аб працягу тэрміну крэдыту і зніжэння стаўкі. Пра гэта паведаміў журналістам першы віцэ-прэм'ер, міністр фінансаў Расеі Антон Сілуанаў на палях штогадовай сустрэчы Міжнароднага валютнага фонду і Сусветнага банка, піша ТАСС.

«Яны [Беларусь] казалі знізіць стаўку і тэрмін падоўжыць. Але ў нас не было нейкіх іншых рашэнняў, чым прынятыя раней», - сказаў Сілуанаў.

Як паведамляў раней міністр энэргетыкі Беларусі Віктар Каранкевіч, Беларусь і Расея абмяркоўваюць пытанне аб працягу тэрміну крэдыту РФ на будаўніцтва Беларускай АЭС з 25 да 35 гадоў і аб зніжэнні стаўкі.

Раней Лукашэнка заявіў, што Менск прапануе Маскве разгледзець пытанне аб падаўжэнні тэрміну вяртання крэдыту на будаўніцтва БелАЭС і зніжэння працэнтнай стаўкі па ім, гэта пытанне абмяркоўвалася паміж прэзідэнтамі Беларусі і Расеі ў верасні мінулага года.

«І калі тэрміны былі сарваныя (мы, вядома, не хочам ісці ў суды, судзіцца, як гэта па дамове), мы дамовіліся аб тым, што тэрмін вяртання крэдыту трэба падоўжыць. І працэнтная стаўка павінна быць не горшая, чым для іншых дзяржаў. Да прыкладу, Арменіі, Бангладэш, Вугоршчыны і гэтак далей. Гэта прыкладна да 3% (аб зніжэнні стаўкі па крэдыце). Непрыняцця ніякага. Трэба проста дапрацаваць гэтае пытанне. І я думаю, што мы можам вырашыць гэтае пытанне ў тым ключы, у якім я сказаў», - распавёў Лукашэнка.

Беларуская АЭС узводзіцца за кошт крэдыту Расеі, для яе будаўніцтва выбраны праект АЭС-2006.

Нагадаем, крэдыт сумаю да 10 млрд даляраў для фінансавання 90% кошту будаўніцтва 2 энэргаблокаў АЭС быў выдзелены на перыяд на 2011 - 2020 гады. Выплата крэдыту пачынаецца праз 6 месяцаў з даты ўводу ў эксплуатацыю АЭС, але не пазней за 1 красавіка 2021 года і ажыццяўляецца 30 роўнымі долямі кожныя 6 месяцаў. Адзначалася, што Беларусь абавязаная праводзіць усе плацяжы на карысць расейскага боку ў амерыканскіх далярах. На 50% сумы кожнай выкарыстанай часткі крэдыту налічваюцца працэнты паводле стаўкі 5,23% гадавых, на другую палову раты крэдыту працэнтная стаўка складзе «LIBOR для 6-месячных дэпазітаў у далярах ЗША, павялічанай на маржу сумаю 1,83% гадавых». Агавораны былі і захады на выпадак пратэрміноўкі плацяжоў.

Першы блок БелАЭС будзе ўведзены ў строй у 2019 годзе. Раней планавалася, што першы блок запрацуе ў 2018 годзе, другі - у 2020-м. Такая затрымка выклікана тым, што Беларусь прыняла пастанову замяніць корпус рэактара праз інцыдэнт з ім.