20 траўня 2024, панядзелак, 4:30
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Чаму беларуская эканоміка не выклікае аптымізму ў інвестараў?

2
Чаму беларуская эканоміка не выклікае аптымізму ў інвестараў?

Замежныя кампаніі рыхтуюцца да пагаршэння фінансавых вынікаў сваёй дзейнасці ў Беларусі.

Прадстаўніцтва нямецкай эканомікі ў Беларусі апытала 57 прадстаўнікоў замежных кампаній, якія працуюць у краіне, аб іх становішчы і адчуванні стану бізнэс клімату ў краіне. Большасць кампаній, якія ўзялі ўдзел у апытанні, — нямецкія, піша «Заўтра тваёй краіны».

Вынікі паказалі, што мэнэджмэнт замежнага бізнэсу адчувае распачатую яшчэ ў 2018 годзе тэндэнцыю запаволення росту эканомікі і бачыць гэты год яшчэ больш складаным для працы прадпрыемстваў.

Кожная пятая замежная кампанія чакае пагаршэння эканамічнай сітуацыі

Гэта ўдвая больш, чым у апытанні 2018 года. Тады пагаршэння эканамічнай сітуацыі чакала толькі адная з дзесяці кампаній. Агулам у прагнозах развіцця сваіх спраў і ацэнак макраэканамічнага стану замежныя кампаніі былі больш стрыманыя, чым у мінулым годзе, гаворыцца ў ацэнцы вынікаў апытання «Бізнэс клімат у Рэспубліцы Беларусь 2019».

Станоўча на бізнэс клімаце адбіваюцца досыць развітая інфраструктура, палітычная стабільнасць і чыннікі, звязаныя з чалавечым капіталам. Якасць фінансавых паслуг, плацежная дысцыпліна і забеспячэнне прававых гарантый, наадварот, стрымліваюць бізнэс актыўнасць, прызналіся ўдзельнікі апытання.

«Актуальнымі для краіны застаюцца паслядоўнае, але больш актыўнае правядзенне структурных і інстытуцыйных рэформаў, далейшае выраўноўванне ўмоў канкурэнцыі для прыватных і дзяржаўных прадпрыемстваў», — прызнаюць рэспандэнты.

Кампаній, чыё абарачэнне за мінулы год упала, стала на 6% больш, чым у 2018-м (16% супраць 10%). Зрэшты, у астатніх 84% яно вырасла. 46% рэспандэнтаў чакаюць росту абарачэння і ў гэтым годзе. Але на фоне запаволення тэмпаў росту беларускай эканомікі, прыкметна павялічылася і колькасць рэспандэнтаў-песімістаў, іх 21,1% - амаль у 6 разоў больш, чым у 2018 годзе.

За мінулы год стала больш кампаній, у якіх выраслі аб'ёмы экспарту (40%), так і тых, хто прызнаў іх падзенне (17,3%). Але калі ў леташнім апытанні палова рэспандэнтаў верыла, што аб'ёмы экспарту кампаніі не ўпадуць, то ў гэтым — так мяркуе адная з трох кампаній.

Стаўка на IT і найноўшыя сэктары эканомікі

9 з 10 кампаній чакаюць паляпшэння або захавання свайго эканамічнага становішча ў 2019 годзе. 7% прагназуюць пагаршэнне дзейнасці сваёй кампаніі.

Сёлета дзель кампаній, якія маюць намер ствараць большую колькасць працоўных месцаў, скарацілася з 51% да 38,2%. Але стала менш і тых, хто збіраецца скарачаць штат: 5,4% супраць леташніх 9%.

Рост інвестыцыйных выдаткаў у гэтым годзе запланаваны толькі на 28,6% рэспандэнтаў, гэта ўдвая менш, чым у мінулым годзе. Палова кампаній пакіне іх на ранейшым узроўні.

«80% рэспандэнтаў прагназуюць, што паказчык іх валавага прыбытку не паменшыцца, прычым дзель аптымістычна настроеных рэспандэнтаў у параўнанні з мінулым годам скарацілася ў 1,7 разы», гаворыцца ў даследаванні. Кожная пятая кампанія рыхтуецца да пагаршэння фінансавых вынікаў сваёй дзейнасці.

Дзель тых, хто разлічвае калі не на паляпшэнне, то, прынамсі, на захаванне тэмпаў развіцця сваёй галіны, у апытанні гэтага года паменшылася ў 2 разы ў параўнанні з вынікамі мінулага года (такіх 9, 5%).

Прадстаўнікі замежнага бізнэсу адзначылі патэнцыяльнымі для двухбаковага супрацоўніцтва такія кірункі, як Green Tech, робататэхніка, E-Mobility, штучны інтэлект і хмарныя вылічэнні.

Эканоміка працягне сціплы рост

Макраэканамічныя паказчыкі па выніках 2019 года сапраўды будуць сціплымі, пацвярджае доктар эканамічных навук прафесар Барыс Жаліба, спасылаючыся на прагнозы міжнародных арганізацый і фінансавых уладаў. Міжнародны валютны фонд у апошнім дакладзе знізіў прагноз прыросту ВУП за год да 1,8%. Міністэрства фінансаў у сваёй праграме на найбліжэйшыя гады заклала 2,1% росту ВУП.

Надзеі на большы рост няма праз некалькі прычын. Высокая залежнасць эканомікі ад замежных чыннікаў, якія таксама складаюцца не вельмі гладка. Эканоміка галоўнага гандлёвага партнёра, Расеі, апошнім часам расце «як статыстычная хібнасць» - блізу 1% на год.

- Перспектыў, што ВУП Расеі будзе расці больш хуткімі тэмпамі, не бачна. А паколькі мы звязаныя з Расеяй, нельга чакаць паскарэння развіцця беларускай эканомікі. Таму нам так важна пазбаўляцца ад глабальнай залежнасці ад расейскага рынку, - кажа Барыс Жаліба.

Адзіная надзея - падвышэнне коштаў нафты і нафтапрадуктаў, калійных ўгнаенняў.

- Але сусветнымі коштамі на гэтыя тавары мы не камандуем, а расейскія перспектывы вельмі няважныя. Калі ў наступныя 2-3 гады тэмпы росту будуць, як прагназуюць міжнародныя фінансавыя арганізацыі, сціплыя 2,1% ВУП, гэта нядрэнна, — мяркуе эканаміст.

У той жа час ён перакананы, што бізнэс клімат у Беларусі паляпшаецца.

— Апошнім часам праводзіцца больш нарад з удзелам бізнэсу і прадстаўнікоў урада. Яны сталі часцей сустракацца і працаваць наўпрост, — падае довады эканаміст.

Але бізнэс яшчэ не атрымаў тыя ўмовы, якія былі б аптымальнымі для развіцця. Няма роўнага становішча прыватных і дзяржаўных прадпрыемстваў, роўнасці ў доступе да рэсурсаў. Многія чыннікі, якія ўскладняюць жыццё бізнэсу, айчыннаму і з замежным капіталам, упіраюцца ў адсутнасць рэформаў.

- Камень спатыкання - перабудова карпаратыўнага кіравання дзяржаўнымі прадпрыемствамі, якія робяць пагоды ў эканоміцы. Дарожная карта, над якой працуюць урад і Сусветны банк, вядомая. Але мы не можам вывесці дзяржпрадпрыемствы з-пад залежнасці міністэрстваў, якія па-ранейшаму наўпрост умешваюцца ў іх гаспадарчую дзейнасць. Гамуецца і прыватызацыя буйных дзяржаўных прадпрыемстваў, - акрэслівае сітуацыю экспэрт.

Фактычна ў Беларусі адсутнічае які-небудзь рух у тых пытаннях, якія паставілі перад краінай міжнародныя фінансавыя арганізацыі, і якія маглі б павярнуць эканоміку тварам да вялікіх перспектыў, здольных паскорыць эканамічны рост. Адсутнасць рэформаў, канцэнтрацыя экспарту на расейскім рынку, неспрыяльная замежная кан'юнктура - уносяць свой уклад у запаволенне эканамічнага росту, якое, у сваю чаргу, абмяжоўвае магчымасці для бізнэсу.

Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках