«Дармаед» з Менска: Хай гэтая дзяржава ад мяне адчэпіцца
38- 30.04.2019, 10:46
- 51,872
«Дармаедскія» камісіі - па-за законам.
Мянчук Ігар Якшэвіч патрабуе ад адміністрацыі Маскоўскага раёна выключыць яго са спісу «дармаедаў». Жыхар сталіцы прынцыпова намагае на тым, каб дзяржава перастала ўмешвацца ў ягонае асабістае жыццё.
Ігар Якшэвіч распавёў сайту Charter97.org, як ён змагаецца супраць незаконнага дэкрэта:
- Я ніколі не працаваў на дзяржаву. Цяпер займаюся будаўнічымі работамі, на простай мове - я «шабашнік». У свой час я працаваў у ахове, у прыватнай кампаніі. Але гэта хутчэй была не праца, а падпрацоўка. Асноўны род дзейнасці ў мяне - будаўніцтва.
У паштовую скрыню разам з рахункам мне прыйшло паведамленне. Унізе было напісана, што я папярэдне трапіў у спіс «дармаедаў». Каб мяне выключылі, трэба было з’явіцца на камісію і давесці, што ў мяне ёсць праца.
- Ці хадзілі вы на камісію або надумалі яе байкатаваць?
- Не, ну паслухайце, ёсць 41-ы артыкул Канстытуцыі. Мяне ж прымушаюць працаваць! Хай сабе, але калі залазяць мне ў кішэню, вылічваюць дадатковыя грошы за падагрэў вады, пачынаюць рабаваць - дык выбачайце, не буду гэта трываць.
- Раскажыце, як праходзіць судовы працэс паводле гэтай справы?
- Мы падалі ў адміністрацыю маскоўскага раёну Менску - прыйшла адпіска, маўляў, падавайце ў суд. Нічога цікавага напісана не было, толькі тое, што я магу падаць у суд маскоўскага раёна. З суда мне прыйшоў дакумент, што яны такімі справамі не займаюцца, не ў іх кампетэнцыі такія пытанні. Разам з юрыстам прафзвязу РЭП Юрыем Беляковым мы падалі ў Канстытуцыйны суд. Бо мяне абвінавацілі, што я утрыманец, але я нідзе гэта аспрэчыць не магу.
- Як я разумею, для вас гэта прынцыповае пытанне.
- Я хачу, каб гэтая дзяржава ад мяне адчапілася. Я ўжо сутыкнуўся з нашай дзяржаўнай паліклінікай, цяпер туды ні нагой. Лепш заплачу грошы і схаджу ў платны медцэнтр.
Распавяду сваю гісторыю. У мяне былі праблемы з сэрцам і я звярнуўся ў паліклініку. Каб зрабіць УГД трэба чакаць тры месяцы! Мяне забрала хуткая, у лякарні я не ляжаў таксама, я надумаў пайсці ў платны медцэнтр. Мяне абследавалі, далі таблетку і ўсё прайшло.
Гэта было ў красавіку, а ў верасні мне патэлефанавалі з паліклінікі і кажуць: «Ваша чаргу на УГД прыйшла».
Яны кажуць, што ў нас «сацыяльная дзяржава», льготы, бясплатная медыцына (хоць яна ніякая не бясплатная), а ў выніку ў нас усё платнае.
Калі ўзяць, да прыкладу, дарожны падатак - то гэта наогул трызненне. Я сам кіроўца і ў мяне прынцыповая пазіцыя - не плаціць. Але дарогі ў нас такія ж, як і раней.
Згодны заплаціць, але каб гэтыя грошы пайшлі на справу: дзецям, пенсіянерам.
- Яку б параду вы далі людзям, якія трапілі ў спіс «дармаедаў»?
- Многія сябры мне казалі: «Навошта табе гэта трэба?». Я кажу, а што кепскага ў патрабаванні таго, каб выконваўся закон? Мне вельмі цікава, што будзе, калі справа дойдзе да суда?
А людзям хачу сказаць, што трэба змагацца за свае правы. Калі не за ўсіх - то хаця б за сябе. Я нічога не патрабую, толькі прашу выконваць закон.
Пасля таго, як у СМІ з'явілася інфармацыя пра маю справу, мне патэлефанавалі з адміністрацыі і папрасілі прыйсці на размову. Я ім адказаў, што не прыйду, я не ўважаю гэтыя камісіі за законныя. «Дармаедскія» камісіі - па-за законам. Яны ў мяне спыталі, ці працую я. Адказаў, што працую. Мяне папрасілі прынесці дакументы з працы. Я адказаў коратка і ясна: «Не хачу!». Я маю права «не хацець»? Гэта ж ўварванне ў маё асабістае жыццё!