19 чэрвеня 2019, Серада, 21:14
Мы ў адной лодцы
Рубрыкі

«Белсат»: Затрыманы цэлы шэраг дырэктараў у Гомелі, Віцебску, Воршы

129

Вакульчык і Шуневіч прадаўжаюць арудаваць.

Паводле інфармацыі крыніц «Белсата», 21-22 траўня прайшлі затрыманні дырэктараў шэрагу прадпрыемстваў у Гомелі, Віцебску і Воршы. Частцы затрыманых інкрымінуюць удзел у карупцыйных схемах.

Як высветлілі карэспандэнты, на працоўным месцы адсутнічае дырэктар Аршанскага ААТ «Станказавод «Чырвоны барацьбіт» Аляксандр Ш. На прадпрыемстве журналістам паведамілі, што найбліжэйшым часам кіраўнік на працы не з'явіцца.

Аналагічная сітуацыя з дырэктарам на гомельскім ААТ «СтанкаГомель». Кіраўнік прадпрыемства Уладзімір С. на працы адсутнічае, на пытанне карэспандэнта, калі дырэктар з'явіцца на працоўным месцы, у прыёмнай ААТ «СтанкаГомель» зразумелага адказу не далі.

Таксама затрыманыя дырэктары віцебскіх заводаў ААТ «ВІЗАС» (Віцебскі завод затачных станкоў) і станкабудаўнічага завода «Вістан». На апошнім прадпрыемстве карэспандэнта запэўнілі, што дырэктар Валерый К. «у камандзіроўцы», а на дадатковае пытанне аб затрыманні ў прыёмнай кінулі слухаўку. Як сцвярджаюць крыніцы «Валерыю К. інкрымінуюць удзел у карупцыйных схемах пры закупах з удзелам кампаніі «Сітэк».

Паводле інфармацыі крыніц, затрыманыя дырэктары знаходзяцца ў СІЗА КДБ у Менску. Прэс-служба КДБ цягам дня на званкі не адказвае.

Таксама паводле інфармацыі крыніц, праваахоўнікі цікавіліся працай кіраўнікоў Гомельскага завода станочных вузлоў, Менскага завода аўтаматычных ліній, Менскага завода «МЗОР», пінскага «Кузлітмаша», ніводнага з кіраўнікоў названых прадпрыемстваў карэспандэнты не знайшлі на працоўным месцы.