3 траўня 2024, Пятніца, 0:56
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Фота камяніц чыноўнікаў у Драздах хочуць засакрэціць

99
Фота камяніц чыноўнікаў у Драздах хочуць засакрэціць
ДОМ ЛІДЗІІ ЯРМОШЫНАЙ У ДРАЗДАХ
ФОТА: «НАША НІВА»

Ярмошына пастаралася?

«Палатка» прыняла сёння ў першым чытанні Закон «Аб персанальных звестках». Ён увойдзе ў дзеянне толькі праз год пасля афіцыйнага апублікавання. Для гэтага спачатку трэба будзе прыняць дакумент у другім чытанні, ухваліць у Савеце рэспублікі. Публікаваць будуць пасля подпісу прэзідэнта. Тэарэтычна гэта можа здарыцца летам 2019 года. Але можа заняць і больш доўгі тэрмін, піша officelife.media.

Як растлумачыў сёння журналістам у «палатцы» дырэктар Нацыянальнага цэнтра заканадаўства і прававых даследаванняў Вадзім Іпатаў, у асобных выпадках закон можа закрануць СМІ. Напрыклад, ён пацвердзіў, што публікацыя фота камяніцы кіраўніцы ЦВК Лідзіі Ярмошынай з пазнакай, што гэта ейная нерухомасць, будзе немагчымае без згоды Лідзіі Міхайлаўны.

«У гэтай сітуацыі, калі зыходзіць з вызначэння, якое мае гэты закон... Альбо гэта звесткі, якія дазваляюць ідэнтыфікаваць гэтую асобу, альбо з дастатковай імавернасцю ідэнтыфікаваць. Гэта значыць тут трэба быць акуратнымі», - сказаў ён.

Закон закране ўсіх, хто карыстаецца персанальнымі звесткамі фізічнай асобы. Гэта могуць быць звычайныя школы, інтэрнэт-крамы і многія іншыя арганізацыі і бізнэсы. Да прыкладу, запаўненне анкеты на атрыманне дысконтнай карты таксама будзе падпадаць пад закон. Іпатаў, адказваючы на пытанне журналістаў, не змог сказаць, якія выдаткі могуць панесці кампаніі пасля прыняцця закона.

«Думаю, што прыняцце закона не патрабуе выдаткаў. Калі ты сёння ўжо хочаш працаваць і ажыццяўляць трансмежную перадачу звестак, то тут пытанне больш не ў грошах. Рэч у тым, што трансмежавая перадача звестак у краіны, дзе няма адпаведнага прававога рэгулявання, якое адпавядае патрабаванням у сферы абароны персанальных звестак... Яна фактычна забароненая. Гэта значыць нам трэба стварыць аснову», - cказаў Іпатаў.

Незразумела пакуль, які орган будзе ўпаўнаважаны рэгуляваць гэтую сферу. Раней экспэрты меркавалі, што гэта будзе ААЦ. Іпатаў не пацвердзіў і не зняпраўдзіў гэта. Але распавёў, якім будзе орган:

«Гэта павінен быць незалежны ўпаўнаважаны орган. Гэта можа быць забяспечана двума спосабамі: фізічным (гэта значыць орган не знаходзіцца ў структуры ўрада ці яшчэ нейкай галіне ўлады), альбо яго паўнамоцтвы такім чынам замацаваны і запісаны, што гэта забяспечвае яго незалежнасць» - растлумачыў Іпатаў.

Закон пакуль не прапісвае канкрэтную адказнасць за парушэнне парадку абыходжання з асабістымі звесткамі. Беларускія ўлады яшчэ абдумваюць гэтае пытанне.

Напісаць каментар 99

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках