20 красавiка 2024, Субота, 10:11
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Гравітацыйныя анамаліі: месцы, у якіх закон Ньютана не дзейнічае

4
Гравітацыйныя анамаліі: месцы, у якіх закон Ньютана не дзейнічае

Восем месцаў планеты, дзе нечага вымкнулі гравітацыю.

Планета Зямля жыве паводле закону сусветнага прыцягнення, які адкрыў сэр Ісаак Ньютан. Але ёсць гравітацыйныя анамаліі, дзе гэты закон не дзейнічае: там заглушаны аўтамабіль сам едзе ўгару, вадаспад насуперак логіцы цячэ ўгору, а шматтонны валун трымаецца на вяршыні скалы пад нерэальным нахілам, ківаецца, але не падае долу, піша сайт telegraf.com.ua .

"Адваротны" вадаспад у Англіі

Гэты вадаспад недалёка ад горада Гейфілда б'е проста ў неба і тым самым крыху нагадвае фантан. Сакрэт "вадаспаду наадварот" у ветры: яго магутныя парыванні падхопліваюць ваду, якая імкнецца долу, і накіроўваюць струмень у процілеглы бок. Пры нармальнай плыні вады вышыня вадаспаду складае 24 м. Адкуль тут такі моцны вецер, які здольны даць рады вялікаму цяжару вады?

Дом таямніц у ЗША, штат Арэгон

У глыбокім лесе стаіць пахілая хатка, пабудаваная на містычнай арэгонскай лейцы. Карэнныя амэрыканцы называлі гэты раён забароненай зямлёй - месцам, якога варта ўнікаць.

Мяркуецца, што тут дзейнічае нейкае сфэрычнае сілавое поле, палова якога вышэйшая за ўзровень зямлі, а палова - ніжэйшая. Ад гэтага людзі па-іншаму адчуваюць рэальнасць. Па падлозе хадзіць проста немагчыма - трэба канечне чапляцца за сцены або жэрдкі, інакш зносіць, як пры карабельнай гайданцы.

А вось мятла, наадварот, стаіць як укапаная. Можна пераставіць яе ва ўсякае месца ў доме, але ад гэтага нічога не зменіцца - яна будзе стаяць. У гэтым таямнічым месцы мячыкі коцяцца ўгору па абсалютна простай паверхні. Ашуканства выключанае: шмат якія турысты бралі з сабой узровень для вымярэння нахілу.

Дарога ля падножжа гары Арагац у Арменіі

На мяжы Арменіі і Турцыі знаходзіцца дзівосная гара. Да яе штогод прыязджаюць тысячы падарожнікаў, каб стаць сведкамі незвычайнай антыгравітацыйнай з'явы. Калі заглушыць самаход унізе, то аўтамабіль сам пакоціцца ўгару. Дапаўняе відовішча рака, якая знаходзіцца побач, - яна таксама цячэ ўгору. Шмат хто з тых, хто там пабываў, кажа, што ўзнімацца было лягчэй, чым спускацца.

Грэбля Гувэра ў ЗША, штат Невада

Узняўшыся на дамбу вышынёй 221 м, можна правесці эксперымент: паспрабаваць выліць ваду з бутэлькі. Вадкасць не пальецца ўніз, як гэта зазвычай бывае, а імгненна паляціць угору. Тое ж самае будзе, калі паспрабаваць скінуць з вышыні які-небудзь лёгкі прадмет - яго імкліва пацягне ў неба наймагутным струменем паветра.

Вежа Д'ябла, ЗША, штат Ваёмінг

Размясцілася Вежа Д'ябла пасярод суздром пляскатых Вялікіх Раўнін і з’яўляецца маналітам вулканічнага паходжання. Ідэальна правільная форма і памер робяць гэтае ўзніклае зніадкуль горнае фармаванне галоўнай славутасцю штата Ваёмінга і жаданай здабычай для альпіністаў. Здаецца неймаверным, што альпіністы, якія ўзнімаюцца на вышыню да 8 тысяч м, не могуць скарыць Вежу Д'ябла. Яе вышыня толькі 386 м, але праз стромыя схілы ўзлезці на яе практычна немагчыма. І яшчэ цяжэй спусціцца назад.

Загадкавая дарога ў Паўднёвай Карэі

Пустыя бутэлькі і бляшанкі, пакінутыя на гэтай дарозе на выспе Чэджу, будуць паслухмяна слізгаць угару - гэта турысты не раз спраўджвалі. А знаходлівыя ўлады краіны хутка зрабілі гэта месца прывабным для турыстаў і нават паставілі таблічку, якая паказвае, адкуль пачынаецца гравітацыйная анамалія.

Залаты валун у М'янме

Пакрыты сусальным золатам камень, здаецца, у кожную сэкунду гатовы сарвацца дадолу, але стаіць на месцы ўжо 2 500 гадоў. Вышыня каменя разам з пабудаванай на ім пагадай - блізу 15 м. Паводле падання, камень трымаецца на валаску Буды, які замураваны ўнутры. Валун не замацаваны, і яго можа расхістаць кожны, але за ўвесь час існавання нават стыхіі не змаглі скінуць яго з гары. Кажуць, што толькі жанчына можа зрабіць гэта. Таму жанчынам дакранацца да святыні забаронена.

Камень Даваска ў Аргентыне

А гэты велізарны валун саступіў у барацьбе з гравітацыяй. Камень вагой больш за 300 тон вісеў на ўскраі скалы некалькі тысячагоддзяў, але крыху пагойдваўся. Тутэйшыя жыхары спраўджвалі гэта - падкладалі шкляныя бутэлькі да асновы, і яны лопаліся.

29 лютага 1912 года камень Даваска раптам сарваўся з абрыву. Гэта было сапраўднае ўзрушэнне для тутэйшых жыхароў. І праз 95 гадоў гараджане аднавілі велічны камень - паставілі пластыкавую копію ў тым жа месцы. Яе вага нашмат меншая - блізу 9 тон, і яна цвёрда замацаваная на скале.

Напісаць каментар 4

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках