2 траўня 2024, Чацвер, 14:19
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Як Канстытуцыйны Суд засакрэціў разгляд закона аб адтэрміноўцы

5
Як Канстытуцыйны Суд засакрэціў разгляд закона аб адтэрміноўцы

Неабыякавы юрыст паспрабаваў трапіць на пасяджэнне КС.

Канстытуцыйны Суд будзе разглядаць "закон аб адтэрміноўцы" за зачыненымі дзвярыма. Для рэзананснага дакумента, які робіць больш жорсткімі правілы набору ў войска, абраны так званае пісьмовы разгляд: без лішніх сведак і спрэчак. Але як гэта тлумачаць у судзе?

У распараджэнне "Еўрарадыё" трапіў цікавы аўдыёзапіс. Неабыякавы беларус хоча патрапіць на разгляд і тэлефануе ў Канстытуцыйны суд. Ён заўважае, што ў пастановах КС часта напісана, што яны прымаюцца на адкрытых пасяджэннях.

- Гэта значыць патрапіць туды можа кожны ахвотны?

- Не, не зусім так. Ёсць вусная форма разгляду закона, а ёсць пісьмовая. У выпадку вуснай формы разгляду закона выклікаюцца стораны, выклікаюцца прадстаўнікі дзяржаўных органаў, выступаюць, спрачаюцца, кансультуюць <....> І адпаведным чынам праходзіць адкрытае абмеркаванне, якое прадугледжвае вусная форма. Дыскусія, галоснае выказванне сваіх думак. Такое паседжанне прадугледжвае ўдзел іншых асоб, сродкаў масавай інфармацыі і гэтак далей.

- Зразумела.

- Калі вы пачытаеце закон "Аб канстытуцыйным судаводстве", то там ёсць другая форма разгляду - пісьмовая. Яна не прадугледжвае ўдзелу іншых асоб, акрамя як суддзяў.

Каб трапіць на вусны разгляд таго ці іншага закона ў Канстытуцыйным судзе, трэба напісаць туды запыт. Але ў выпадку з пісьмовым разглядам гэта не спрацуе: староннія туды не дапускаюцца. Пры гэтым паседжанне не ўважаюцца за зачыненыя.

- Ёсць паняцце закрытага пасяджэння, калі разглядаюцца пытанні, якія тычацца дзяржаўных сакрэтаў ці іншыя пытанні, якія прадугледжваюць закрыццё, невыдаванне інфармацыі, якая можа нанесці шкоду дзяржаўным інтарэсам. У гэтым выпадку гаворка не ідзе пра гэта. Усе законы не могуць утрымліваць грыф "сакрэтна", "для службовага карыстання" і іншыя. Таму пасяджэнне адкрытае, але ўжываецца пісьмовая форма разгляду, дзе суддзі абмяркоўваюць.

- Ну дык, я хачу прыйсці паслухаць, як яны абмяркоўваюць пісьмовыя дакументы.

- Не-не-не. Ёсць паняцце "таямніца дарадчага пакоя".

- Я не хачу слухаць, як яны раяцца. Я хачу паслухаць суддзю-дакладчыка, што ён скажа аб гэтым законе. А далей няхай раяцца колькі хочуць. А потым яны ж выходзяць з дарадчага пакоя і агучваюць вердыкт, правільна? Гэта мне таксама будзе цікава паслухаць.

- Вы кажаце пра тое, як гэта ў кіно адбываецца.

- Ва ўсіх нармальных краінах так адбываецца. Чаму Канстытуцыйны суд закрываецца ад грамадзян?

- Чаму закрываецца? Канстытуцыйны суд працуе ў адпаведнасці з законам аб канстытуцыйным судаводстве.

- Пакуль што я не бачу ніякай галоснасці ў яго працы, што прадугледжана гэтым самым законам

- Гэта ваша ацэнка. Вы маеце права даваць тую ацэнку, якую ўважаеце за патрэбную.

У артыкуле 11 "Выкарыстанне вуснай і пісьмовай формаў канстытуцыйнага судаводства" закона "Аб канстытуцыйным судаводстве" напісана, што разгляд спраў ажыццяўляецца з выкарыстаннем вуснай формы "за выключэннем выпадкаў, прадугледжаных гэтым Законам, калі Канстытуцыйны суд разглядае справы з выкарыстаннем пісьмовай формы канстытуцыйнага судаводства".

Пры гэтым далей напісана, што "пры разглядзе справы з выкарыстаннем пісьмовай формы канстытуцыйнага судаводства дапускаецца выкарыстанне элементаў вуснай формы канстытуцыйнага судаводства (удзел у судовым пасяджэнні паўнамоцных прадстаўнікоў, а згодна з пастановай Канстытуцыйнага суда - прадстаўнікоў іншых дзяржаўных органаў, іншых арганізацый)". Гэта значыць паводле закона "звычайныя" грамадзяне ўсё ж могуць трапіць на такое паседжанне. Было б жаданне ў суддзяў.

- А як жа галоснасць? - пытаецца ў супрацоўніка Канстытуцыйнага суда наш неабыякавы беларус.

- Ну якая галоснасць? - чуе ён у адказ. - Прысутнічае галоснасць. Вы даведаецеся пра тое, як разгледжаны закон, убачыце пастанову Канстытуцыйнага суда.

Напісаць каментар 5

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках