19 сакавiка 2024, aўторак, 14:47
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Узбунтаваныя рабочыя БелАЭС выйшлі на галоўную плошчу Астраўца

169
Узбунтаваныя рабочыя БелАЭС выйшлі на галоўную плошчу Астраўца
ФОТА: SVABODA.ORG

Рабочым месяцамі не плацяць заробак.

Блізу 50 рабочых з Расеі 15 жніўня выйшлі на галоўную плошчу Астраўца. Яны патрабуюць разліку за два месяцы працы, паведамляе «Радыё Свабода».

15 жніўня адразу ў некалькіх дзясяткаў наёмных рабочых-мантажнікаў, якія працавалі на будоўлі Беларускай АЭС, скончыліся дамовы. Яны сцвярджаюць, што наймаліся на працу праз расейскую кампанію «Будінвестпраект», размешчаную ў Санкт-Пецярбургу. Пры гэтым на пластыкавых пропусках ва ўсіх пазначаная іншая кампанія - АТ «Сезам».

Са слоў рабочых, наймальнік спраўна аплачваў арэнднае жыллё, выдаваў камандзіровачныя. А калі прыйшоў час выплачваць заробак, грошай не знайшлося.

«Нам есці няма чаго, калі нам заплацяць?»

«Нас тут такіх блізу 90 чалавек, - распавёў «Радыё Свабода» ў цэнтры Астраўца адзін з расейцаў, Аляксандр Лычоў. - Вось сюды, да помніка Леніну, цяпер прыйшло 50 чалавек, гэта самыя адчайныя. Вы зразумейце, у нас грошай зусім няма, я нават за тэлефон не магу заплаціць. З вамі звязаўся праз інтэрнэт з дому, гаспадар нам Wi-Fi oключыў. Мы да вас звярнуліся, бо гэта крайні захад ужо. Мы не ведаем, што рабіць далей»

Да помніка Леніну на цэнтральнай плошчы Астраўца прыйшло блізу паўсотні рабочых. Свае гісторыі распавядаюць, перабіваючы адзін аднаго, але ва ўсіх яны ў прынцыпе аднолькавыя. Наняліся на працу ў расейскай кампаніі «Будінвестпраект», прыехалі ў Астравец на вахту, адпрацавалі два месяцы, абяцаных грошай не атрымалі.

«Нам есці няма чаго, калі нам заплацяць? - прадаўжае Аляксандр. - Цяпер нам кажуць - вяртайцеся ў Расею дадому, тады, магчыма, мы з вамі разлічымся. Але мы разумеем, што калі паедзем дадому, то грошай дакладна не ўбачым. Мы сюды ехалі, бо тут Беларусь, сур'ёзнае дзяржаўнае будаўніцтва. Ніхто не мог падумаць, што нас так кінуць тут».

Сумы, якія ім належаць па праву, рабочыя называюць розныя. У выпадку Аляксандра Лычова гэта прыкладна 62 тысячы расейскіх рублёў (амаль тысячы даляраў). Ёсць як большыя, да 85 тысяч, так і меншыя. Акрамя жадання атрымаць заробленыя грошы, усіх расейцаў, якія прыйшлі ў цэнтр Астраўца, аб'ядноўваюць яшчэ як мінімум дзве праблемы - у большасці з іх здымнае жыллё ў Астраўцы аплачанае да найбліжэйшага панядзелка, дадому дабірацца сотні ці тысячы кіламетраў, а грошай няма нават даехаць да Смаргоні, куды іх паслалі ў Астравецкай пракуратуры.

«Мы зусім не ведаем, што нам рабіць цяпер, - распавядае яшчэ адзін расеец. - Хадзілі ў вашу пракуратуру, там далі нам паперку з адрасам у Смаргоні. Маўляў, звяртайцеся туды, гэта мясцовая інспекцыя працы. Кажуць, калі дамоў аб працы няма, то нічым дапамагчы не могуць. Прараб наш кажа, каб разбіраліся з Пецярбуржскай кампаніяй, там раяць вяртацца ў Расею, у менскім прадстаўніцтве АТ «Сезам» таксама нічога не кажуць. А нам што рабіць? Мы сюды ехалі зарабіць, ва ўсіх сем'і свае, крэдыты. Дзяцей у школу трэба збіраць, першага верасня хутка».

У якасці довадаў сваёй датычнасці да будоўлі Астравецкай АЭС расейцы паказваюць пластыкавыя пропускі, якія перасталі працаваць з 15 жніўня. На ўсіх картках - лагатып АТ «Сезам». Тое, што яны не ўклалі афіцыйных дамоў з кампаніяй-наймальніцай, тлумачаць проста - так абяцалі больш заплаціць, чым у выпадку з афіцыйным афармленнем.

«Нам да Лукашэнкі ісці ці што рабіць? - кажа Аляксандр Лычоў. - Раскажыце, куды звяртацца. Вось мы сюды выйшлі, можам яшчэ ў пракуратуру схадзіць. Нам няма чаго губляць. Калі мы цяпер паедзем у Расею дадому, то там з намі ніхто дакладна не расплаціцца. У нас адзіны шанец атрымаць грошы - застацца ў Беларусі, пакуль не заплацяць»

«Усіх набіралі па аб'яве»

Яшчэ частка рабочых у такой жа сітуацыі наважыла вярнуцца ў Расею. Гэтак жа хоча зрабіць і Яўген, які не далучыўся да рабочых на сустрэчы з журналістамі. Праз тэлефон ён распавёў, што ў такой сітуацыі знаходзяцца блізу 90 чалавек.

«Нас усіх набіралі па аб'яве. Усіх, хто тут працуе. Кампанія «Сезам» уклала дамову аўтстафінгу з кампаніяй «Будінвестпраект», а «Сезам», у сваю чаргу, уклаў дамову з АСЭ («Атамбудэкспарт» - генпадрадчык будаўніцтва БелАЭС). Паводле дамовы, у іх на выплату ёсць 45 дзён. Сёння апошні дзень, калі яны павінны выплаціць. А хлопцам раней «Будінвестпраект» абяцаў выплаты цягам месяца. Вось яны і чакалі, што выплаты будуць раней. І я такі ж наіўны быў».

З ягоных слоў, за травень заробак людзі атрымалі. Цяпер тым, хто хоча выехаць у Расею, кампанія «Будінвестпраект» набывае квіткі, каб людзі даехалі дадому. І абяцаюць ужо там выплаціць ім заробак.

«Мы разарвалі кантракт з «Сезамам». Цяпер «Сезам» можа запатрабаваць выселіць людзей праз гэта. Але квіткі ніхто не адмаўляецца ім набываць. Некаторыя адмаўляюцца, бо думаюць, што калі яны застануцца, то хутчэй атрымаюць грошы. Я ў гэта не веру», - тлумачыць Яўген сваю пазіцыю.

«Затрымак няма, усё дакладна»

Расейцы ў адзін голас кажуць, што да беларускіх уладаў прэтэнзій не маюць, толькі да расейскай кампаніі-наймальніку. Яны спадзяюцца, што дырэкцыя будаўніцтва АЭС дапаможа развязаць праблему з атрыманнем абяцаных заробкаў. У адваротным выпадку пагражаюць «расказаць усю праўду» пра тое, з якімі парушэннямі адбываецца будаўніцтва Астравецкай АЭС.

Кампанія «Сезам» стала вядомай беларусам у 2016 годзе, калі выявілася, што яе рабочыя выпусцілі на зямлю корпус атамнага рэактара БелАЭС. У 2018 годзе на будоўлі БелАЭС адзін з рабочых кампаніі загінуў.

У беларускім прадстаўніцтве «Сезама», калі журналісты папрасілі пракаментаваць сітуацыю, іх накіравалі да кіраўніцтва Расейскай кампаніі «Энэргаспецмантаж». Яна выконвае мантаж і рэканструкцыю атамных энэргетычных установак, у тым ліку на аб'ектах «Расатама», да якіх належыць і БелАЭС.

«Усім супрацоўнікам «Сезама» заробак плаціцца своечасова - аванс і пад разлік. Затрымак няма, усё дакладна. Што да астатніх рабочых, я нічога пракаментаваць не змагу», - сказаў «Радыё Свабода» намеснік генеральнага дырэктара ў эканоміцы і фінансах публічнага акцыянернага таварыства «Энэргаспецмантаж» Уладзімір Лабенка.

Такую ж пазіцыю заняў і Яўген - прадстаўнік кампаніі «Будінвестпраект», якая наймала на будаўніцтва АЭС рабочых для кампаніі «Сезам». Ён параіў напісаць афіцыйны запыт кіраўніцтву.

У інфармацыйным цэнтры АЭС паведамілі, што без спецыяльнага пісьмовага запыту каментаваць сітуацыю не будуць.

Напісаць каментар 169

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках