15 верасня 2019, Нядзеля, 13:56
Мы ў адной лодцы
Рубрыкі

Спонсар помніка Гедзіміну: Помнік будзе выклікаць пачуцьцё гонару ў лідзкай моладзі

4
Спонсар помніка Гедзіміну: Помнік будзе выклікаць пачуцьцё гонару ў лідзкай моладзі
ФОТА: RADIOSVOBODA.ORG

Алег Матусевіч расказаў, чаму вырашыў падарыць Лідзе помнік Гедзіміну.

Помнік князю ВКЛ быў усталяваны на грошы замежнага прадпрыемства «Белтэкс оптык», якое ўваходзіць у склад літоўскай кампаніі Yukon Advanced Optics Worldwide.

Дырэктар «Белтэкс оптык» Алег Матусевіч расказаў «Радыё Свабода», як ягоная кампанія стала спонсарам усталяваньня помніка вялікаму князю літоўскаму.

«Усё пачалося з таго, што Лідзкі райвыканкам рассылаў лісты з запрашэньнем паўдзельнічаць у фінансаваньні гэтага помніка. Наша галаўная кампанія Yukon Advanced Optics Worldwide знаходзіцца ў Вільні, а Гедзімін — гэта знакавая асоба як для Беларусі, так і для Літвы. Мы пагутарылі з гендырэктарам, я спытаў, колькі будзем выдзяляць. Ён сказаў, што мы прафінансуем усё поўнасьцю. Адзінае, каб там была адзнака, што гэта ад нас падарунак гораду. Рашэньне было прынята цягам дня, і мы ўсё прафінансавалі. У прынцыпе, гісторыя вельмі простая», — сказаў Алег Матусевіч.

Паводле дырэктара прадпрыемства «Белтэкс оптык», якое належыць літоўскай кампаніі, «была ідэя пашырыць межы, аб’яднаць больш народу». Ён сказаў, што «Белтэкс оптык» мае добрыя адносіны зь літоўскім консульствам у Горадні, а Yukon Advanced Optics Worldwide — зь беларускай амбасадай у Вільні. «Мы зьвязаныя даўно, наша прадпрыемства знаходзіцца і ў Беларусі, і ў Літве», — кажа Алег Матусевіч.

ФОТА: RADIOSVOBODA.ORG

Колькі грошай выдзелена на помнік, ён сказаць адмовіўся, спаслаўшыся на камэрцыйную таямніцу. сказаў толькі, што «сума немалая». Дарэчы, грошы, якія зьбіраліся на помнік раней, пойдуць на ахову здароўя.

Алег Матусевіч кажа, што аўтары помніка падарылі яму кнігу Алеся Краўцэвіча «Гедзімін.1316–1341. Каралеўства Літвы і Русі».

«Гедзімін — гэта была знакавая фігура пры стварэньні Вялікага Княства Літоўскага. Гэта якраз тая асоба ў гісторыі, якой не хапала такога помніка менавіта ў Лідзе. І тое, што ён паўстаў побач з замкам, таксама сымбалічна», — сказаў Алег Матусевіч.

ФОТА: RADIOSVOBODA.ORG

Ён кажа, што помнік будзе выклікаць «пачуцьцё гонару» і ў лідзкай моладзі, і ў супрацоўнікаў вядомага ў Лідзе прадпрыемства «Белтэкс оптык»:

«Я толькі ўчора прыляцеў з адпачынку, па дарозе на працу сёньня праяжджаў каля помніка, ён мне спадабаўся».

Усе астатнія пытаньні вырашала адмысловая камісія. У прыватнасьці, яна абрала аўтараў помніка. Шыльду з пазначэньнем фундатара спачатку плянавалі прымацаваць збоку помніка, але потым камісія вырашыла, што лепш ззаду.

«Белтэкс оптык» кантралявала, каб грошы ішлі толькі на помнік, і пералічвала грошы пад канкрэтныя дамовы.

Алег Матусевіч дадаў, што гендырэктар кампаніі родам лідчанін, а цяпер жыве і працуе ў Вільні. «Я думаю, што на адкрыцьцё помніка 7 верасьня ён прыедзе», — сказаў Алег Матусевіч.

Помнік Гедзіміну зрабілі па эскізе скульптараў Вольгі Нячай і Сяргея Аганава, якія выйгралі ў конкурсе на стварэньне помніка ад Лідзкага райвыканкаму. Нячай і Аганаў — аўтары мэмарыялу ў Курапатах, усталяванага летась.

Помнік паставілі на пляцоўцы каля Лідзкага замка. Бронзавая конная скульптура мае вагу каля 3 тонаў і вышыню да 6 мэтраў. Пастамэнт абліцаваны гранітам у колер Лідзкага замка. На ім будзе надпіс «Гедымін» і герб «Калюмны».