15 верасня 2019, Нядзеля, 9:34
Мы ў адной лодцы
Рубрыкі

Лекар з Архангельска: Маладыя хлопцы за суткі развальваліся ад радыяцыі

29
Лекар з Архангельска: Маладыя хлопцы за суткі развальваліся ад радыяцыі

Расейскі медык публічна апавёў пра радыеактыўных пацыентаў пасля выбуху пад Северадзвінскам.

Архангельскі лекар публічна пацвердзіў: ягоным калегам не паведамлялі, што пацыенты, якіх прывезлі ў лякарню пасля выбуху на вайсковым палігоне пад Северадзвінскам, могуць быць крыніцай радыеактыўнага выпраменьвання. Напярэдадні прадстаўнік Крамля заявіў, што пастаноўка пытання "архангельскія лекары сцвярджаюць..." не мае права на існаванне.

Афіцыйнай інфармацыі пра выкід радыяцыі пасля інцыдэнту ў Северадзвінску па-ранейшаму мала. Лекары, якія абследавалі пацярпелых пры выбуху, да гэтага часу згаджаліся казаць пра гэта толькі на ўмовах ананімнасці. Рэпартаж, заснаваны на размовах з лекарамі, напярэдадні быў апублікаваны Бі-бі-сі.

Газета Moscow Times у пятніцу звярнула ўвагу на запіс у сацсетцы "Вконтакте" Ігара Сем’іна, які яшчэ 14 жніўня пісаў: лекараў не папярэдзілі пра тое, што іхнія пацыенты могуць быць крыніцай радыеактыўнага выпраменьвання.

"Падстаўленыя многія: маладыя хлопцы, самаму старэйшаму з якіх 31 год, за суткі разваленыя ад радыяцыі, насельніцтва Северадзвінска, якое дружна схадзіла на пару-тройку пазапланавых рэнтгенаграм, лекары, мае калегі, якія апынуліся перад пацярпелымі проста [непадрыхтаванымі], банальна рэспіратараў не было. Ніхто нічога не сказаў, не папярэдзіў – і ўсё. Кінулі іх, далей разбірайцеся як хочаце", – пісаў Сем’ін.

На сайце Архангельскага абласнога клінічнага шпіталя паказана, што Ігар Сем’ін працуе там сардэчна-сасудзістым хірургам. Крыніца ў шпіталі пацвердзіла Бі-бі-сі, што Сем’ін працуе ў гэтай лякарні. "Мы цяпер турбуемся, што ў яго могуць быць праблемы", – сказаў ён.

Бі-бі-сі здолела даведацца, што лекарам, якім прывезлі пацярпелых, не сказалі, што пацыенты з'яўляюцца крыніцай радыяцыі. Усяго з заражанымі радыяцыяй кантактавалі 90 чалавек, і людзей, якія апынуліся ў зоне рызыкі, можа быць больш, ацэньвалі сітуацыю два супрацоўнікі Архангельскай абласной клінічнай лякарні.

Медыкі пагадзіліся гаварыць з карэспандэнтам Бі-бі-сі на ўмовах ананімнасці. Аналагічныя публікацыі выйшлі ў "Медузы" і "Новай газеты".

"Нехта хоча наўмысна напаліць інфармацыйны фон"

Прэс-сакратар расейскага прэзідэнта Дзмітрый Пяскоў выказаў скепсіс з нагоды публікацыяў са спасылкай на лекараў, якія гаварылі на ўмовах ананімнасці.

«Што тычыцца меркавання асобных лекараў, то, вядома, трэба ведаць, што гэта за меркаванне і чыё гэта меркаванне канкрэтна. Пастаноўка пытання "архангельскія лекары сцвярджаюць...", мне здаецца, не мае права на існаванне, – казаў Пяскоў. – Сітуацыя складваецца так, што нехта хоча наўмысна напаліць інфармацыйны фон, сказіць рэальнасць і падаць сітуацыю так, як быццам бы ёсць перадумовы для небяспекі».

Бі-бі-сі накіравала Пяскову запыт і чакае адказу.

У пятніцу ўрад Архангельскай вобласці заявіў, што ў аднаго з абследаваных спецыялістаў, якія дапамагалі пацярпелым пасля выбуху на ваенным палігоне ў Нёнаксе, знайшлі радыеактыўны цэзій-137. Абследаванне прайшлі больш за 110 чалавек – гэта лекары, спецыялісты, кіроўцы і пілоты, іншыя супрацоўнікі сістэмы аховы здароўя рэгіёну, гаворыцца ў паведамленні прэс-службы.

"У аднаго з абследаваных спецыялістаў у цягліцавых тканках выяўленыя сляды падпарогавай колькасці элемента цэзій-137, – сказана ў паведамленні. – З пэўнай верагоднасцю можна меркаваць, што ў арганізм чалавека гэты элемент трапіў праз прадукты, якія ён прымаў у ежу".

Згодна з заключэннем Федэральнага медыцынскага біяфізічнага цэнтра, цэзій-137 з'яўляецца прадуктам распаду радыенуклідаў і мае ўласцівасць назапашвацца ў рыбе, грыбах, лішайніках, водарасцях.

У сераду 21 жніўня "Медуза" са спасылкай на супрацоўніка Архангельскай абласной лякарні пісала, што лекар, у якога знайшлі радыеактыўны элемент, "проста наеўся фукусімскіх крабаў" у Тайландзе, куды нядаўна ездзіў.

8 жніўня на палігоне пад Северадзвінскам пры выпрабаванні "спецвырабу" адбыўся выбух, у выніку якога загінулі пяцёра супрацоўнікаў "Расатама". Улады да гэтага часу не раскрываюць падрабязнасці. Неўзабаве пасля здарэння з'явіліся паведамленні пра перабоі ў працы чатырох расейскіх станцый маніторынгу радыяцыі.