19 жнiўня 2019, панядзелак, 7:53
Мы ў адной лодцы
Рубрыкі

Фільм паводле сцэнару Алеся Адамовіча назвалі найлепшым у ЗША

8
Фільм паводле сцэнару Алеся Адамовіча назвалі найлепшым у ЗША

Screen Rant склаў рэйтынг найлепшых фільмаў пра Другую сусветную вайну.

Амерыканскі рэсурс Screen Rant, асноўная тэма якога - кіно, склаў уласны рэйтынг дзесяці найлепшых фільмаў пра Другую сусветную вайну. Найлепшым прызналі фільм «Ідзі і глядзі», які здымалі ў Беларусі, піша Kyky.org.

На першым месцы апынуўся савецкі двухсерыйны фільм рэжысёра Элема Клімава. Аснова сюжэту - творы беларускага пісьменніка Алеся Адамовіча «Хатынская аповесць», «Партызаны» і «Карнікі». Цікава, што спачатку сцэнар называўся «Забіць Гітлера» - Клімаў задумваў яго ў глабальным сэнсе, як заклік забіць цёмны пачатак, найперш у сабе.

Дзеянне фільма разгортваецца на тэрыторыі Беларусі ў 1943 годзе. Галоўны герой - беларускі хлопчык Флёр (памяншальнае ад Фларыян) - нягледзячы на пратэсты маці, сыходзіць у партызанскі атрад. Камандзір атрада, каб зберагчы падлетка, пакідае яго пры гаспадарчым узводзе. Флёра перажывае ўсе страхі таго часу і на другі дзень з'яўляецца ў кадры з тварам старога, скажоным жахам і болем.

Запуск фільма ў вытворчасць пачаўся ў 1977 годзе. Над ім працавалі кінастудыі «Беларусьфільм» і «Масфільм», а на экраны ён выйшаў летам 1985 года. Як пазней распавядаў Клімаў, за мяжой кіно зрабіла на гледачоў такое моцнае ўражанне, што падчас сеансаў дзяжурылі карэты «хуткай дапамогі», звозячы занадта ўражлівых людзей.