3 траўня 2024, Пятніца, 5:04
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У Расеі ўвялі абмежаванні для беларускіх дальнабойнікаў?

20
У Расеі ўвялі абмежаванні для беларускіх дальнабойнікаў?

Расейская сістэма «Платон» раптам перастала «разумець» беларускія дакументы.

Перамены не заўсёды прыемныя, асабліва калі яны ўскладняюць жыццё і тым больш адбываюцца раптоўна. Такой ахвярай нечаканых новаўвядзенняў стаў Аляксандр Сяўцоў. "Аўтабізнэсу" ён апавёў пра тое, як у канцы жніўня атрымаў адмову ў рэгістрацыі грузавога аўтамабіля ў расейскай сістэме спагнання платы за дарогі "Платон".

Хоць да гэтага Аляксандр праходзіў працэдуру неаднойчы – чатыры іншыя аўтамабілі ў ягонай фірме раней праходзілі рэгістрацыю без якіх-небудзь праблемаў.

З новым жа аўтамабілем гладка прайсці рэгістрацыю не атрымалася. Даслаўшы, як звычайна, ксеракопіі пасведчання аб рэгістрацыі МС, ён атрымаў адказ: "Недакладная інфармацыя, падайце дакладную інфармацыю".

Прачытаўшы ўважліва правілы, Аляксандр убачыў пункт, што для рэгістрацыі неабходна адпраўляць натарыяльна завераны пераклад пасведчання аб рэгістрацыі. І гэта нягледзячы на тое, што раней з рэгістрацыяй машынаў у сістэме, паводле словаў нашага чытача, праблемаў не ўзнікала, тым больш што сам дакумент запоўнены на расейскай, а на беларускай выкананы толькі шаблон.

«Я сам гэта ўсё перакладаю, стаўлю пячатку "копія дакладная", адсылаю – і зноў атрымліваю адмову. Дакладная прычына адмовы не агучаная. Паведамленне ўтрымлівала толькі спасылкі на нарматыўна-прававыя акты і інфармацыю, што працэдуру неабходна прайсці паўторна».

Пасля чарговай адмовы Аляксандр скіраваўся з дакументамі ў бюро перакладаў г. Берасця. За пераклад ён заплаціў 6 рублёў, выслаў электронны ліст з новым перакладам – і зноў не здолеў прайсці рэгістрацыю.

Пасля трэцяй адмовы, паводле словаў Аляксандра, ён спрабаваў удакладніць дадатковую інфармацыю праз тэлефон.

«На тэлефонах сядзяць людзі, якія ўвогуле не могуць ні на адно пытанне адказаць, – успамінае Аляксандр. – Я пачынаю тлумачыць сітуацыю, а мне дзяўчына кажа: "Вам неабходна зарэгістравацца ў расейскай падатковай"».

Пасля такіх парадаў наш чытач зразумеў, што высвятляць што-небудзь праз тэлефон бессэнсоўна.

Знаёмы Аляксандра параіў яму патэлефанаваць калегу-перавозчыку. Той апавёў, што пераклад на расейскую павінен быць менавіта "расейскім", гэта значыць зробленым у Расеі.

Гэта яшчэ больш здзівіла нашага чытача, тым больш, як ён запэўніў, ягоная фірма ўжо 10 гадоў рэгістравала машыны ў сістэме і ніколі не сутыкалася з падобным.

Аляксандру далі нумар тэлефона арганізацыі, якая займаецца перакладамі. "Там сказалі: так, зробім без праблемаў, але толькі з перадаплатай. Кошт, дарэчы, немалы, у пераводзе на нашы грошы амаль 40 рублёў".

Аплаціўшы паслугі перакладу загадзя, цягам некалькіх гадзінаў чытач атрымаў "правільны" пераклад. Зноў адправіў усе дакументы – і паспяхова зарэгістраваў свой транспартны сродак.

Адказ на электронны зварот нашага чытача прыйшоў яму ўжо пасля таго, як ён самастойна знайшоў выйсце з сітуацыі.

У ім сапраўды паказана, што дакументы ў адпаведнасці з дзейным расейскім заканадаўствам павінны быць перакладзеныя на расейскую мову. Сведчанне слушнасці перакладу павінна быць заверанае ў дзяржаўнай натарыяльнай канторы або ў натарыуса, які займаецца прыватнай практыкай, а на тэрыторыі іншых дзяржаваў – службовымі асобамі консульскіх установаў РФ, упаўнаважанымі на здзяйсненне гэтых дзеянняў.

Чаму расейскі бок раптам перастаў "разумець" дакументы, змест якіх раней не выклікаў цяжкасцяў, і чым абумоўлены выбар арганізацый, правамоцных ажыццяўляць пераклад, так і засталося без адказу.

Напісаць каментар 20

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках