СМІ даведаліся дэталі плана аб'яднання эканомік Беларусі і Расеі
104- 16.09.2019, 7:45
- 75,859
(абноўлена) Аб'яднанне паводле планаў уладаў павінна пачацца са студзеня 2021 года.
«Коммерсант» пазнаёміўся з праграмай эканамічнай інтэграцыі Беларусі і Расеі. Крыніцы выдання ў Крамлі пацвердзілі сапраўднасць дакумента. Яна прымеркаваная на паўтара года і мяркуе частковае аб'яднанне дзвюх эканамічных сістэмаў са студзеня 2021 года. Гаворка ідзе як мінімум пра адзіны Падатковы кодэкс, знешнегандлёвы рэжым і Грамадзянскі кодэкс, уніфікаваны ўлік уласнасці і падобных сацгарантый, амаль аб'яднаны банкаўскі нагляд, але з двума цэнтрабанкамі, адзіным рэгулятарам рынкаў нафты, газу і электраэнэргіі і гарманізацыяй дзяржрэгулявання галінаў. Такая ступень інтэграцыі – вышэйшая, чым у ЕЗ, фактычна на ўзроўні эканомік гаворка ідзе пра стварэнне з 2022 года канфедэратыўнай дзяржавы. Пры гэтым наўрад ці яна будзе цалкам раўнапраўная для бакоў: эканоміка РФ у 29 разоў большая за беларускую, піша выданне.
Большая частка планаў бакоў заключаецца ў агучванні адзін аднаму да 1 лістапада 2019 года прапановаў датычна «дарожных картаў» аб'яднання эканомік, падрыхтоўцы заканадаўчых крокаў для інтэграцыі да канца 2020 года, у большасці выпадкаў – пачатак працы ў аб'яднаным рэжыме з 1 студзеня 2021 года.
Як адзначае выданне, гаворка ідзе пра даволі радыкальны праект: гэта частковая эканамічная інтэграцыя на ўзроўні не менш як у Еўразвязе, а ў шэрагу пытанняў – аналагічная канфедэратыўнай ці нават федэратыўнай дзяржаве.
«Пры рэалізацыі плана да 2021 года гаворка ідзе пра паглынанне моцна дзяржаўнай эканомікай Расеі амаль цалкам дзяржаўнай эканомікі Беларусі на ўзроўні кіравання», – піша «Коммерсант».
Сапраўднасць праекта, разгледжанага «Коммерсантом», пацвердзіла крыніца выдання ва ўрадзе Расеі, паведамляе tut.by.
Што ў плане ёсць?
У «Праграме дзеянняў» прапісаныя наступныя моманты:
Узаемнае скасаванне роўмінгу з 1 чэрвеня 2020 года.
Аб'яднанне падатковых сістэмаў: мяркуецца, што ў "саюзнай дзяржаве" Расеі і Беларусі да 1 красавіка 2021 года будзе прыняты адзіны Падатковы кодэкс.
Адзіная мытная палітыка – ажно да супольных мытных рэйдаў, агульная інфармсістэма і ледзь не агульная мытная служба.
Энэргапалітыка. Дакумент наўпрост прадугледжвае стварэнне «адзінага рэгулятара» рынкаў газу, нафты, нафтапрадуктаў і электраэнэргіі – таксама без падрабязнасцяў, апісальным тэрмінам.
Адзіныя прынцыпы «спецыяльных эканамічных захадаў». Мяркуючы з усяго, гаворка ідзе пра контрсанкцыі.
Сацыяльная палітыка. Са студзеня 2022 года дзве дзяржавы ў рамках «саюзнай дзяржавы» таксама маюць намер весці «ўзгодненую палітыку» на рынку працы і ў сферы сацыяльнай абароны, аднак у апошнім выпадку абяцанае толькі «збліжэнне ўзроўню» сацгарантый і ў будучыні – «роўныя правы» грамадзянаў дзвюх краінаў.
Іншае. Два міністэрствы эканомікі – расейскае і беларускае – да 1 лістапада 2019 года таксама павінны стварыць «дарожную карту», якая аб'ядноўвае галіновае рэгуляванне. Акрамя ТЭК гарманізаваць (у гэтым выпадку маецца на ўвазе адзіны набор нормаў рэгулявання, а не адзіны «саюзны» дзяржорган) прапануецца «прамысловую палітыку», што б гэта ні значыла, рэжым дзяржрэгулявання аграрынкаў, гандлю, транспарту і сувязі, антыманапольную палітыку, рэжым абароны спажыўцоў. Абяцаны таксама да 2021 года ўзаемны адзіны доступ да дзяржзакупак, адзіная сістэма ўліку ўласнасці і ўніфікацыя гаспадарчага заканадаўства, то-бок верагодна, Грамадзянскія кодэксы: будзе весціся праца над Асновамі грамадзянскага заканадаўства "саюзнай дзяржавы".
Чаго ў планах няма?
У дакуменце падкрэсліваецца, што гаворка ідзе толькі пра эканамічную інтэграцыю.
Пра аб'яднанне эмісійных банкаў і адзіную валюту згадак у дакуменце няма, але пра гарманізацыю макраэканамічнай палітыкі, уніфікацыю валютнага кантролю, аб'яднанне плацежных сістэмаў і, прынамсі збольшага, адзіны рэжым абароны інвестыцый цэнтрабанкі і мінфіны дзвюх краінаў маюць намер дамовіцца. ЦБ Расеі і Нацбанк Беларусі таксама павінны з 2021 года працаваць у рамках міждзяржаўнай дамовы пра адзіныя прынцыпы банкаўскага і фінансавага нагляду.
Дакумент не ўтрымлівае канкрэтных дамоўленасцяў пра лёс «адзінага» бюджэту «саюзнай дзяржавы».
Іншае. У праекце няма згадак пра абарону, дзяржбяспеку, суды, праваахову і пытанні МУС, адукацыю, ахову здароўя, навуку, а таксама непасрэдна дзяржкіраванне, то-бок унутранае ўладкаванне выканаўчай улады ў Расеі і Беларусі.
Пра выканальнасць прапанаванай праграмы на роўных казаць амаль немагчыма. Да таго ж апярэджанне развіцця прынамсі большай часткай рэгулятарнай інфраструктуры РФ беларускіх аналагаў відавочнае – напрыклад, наўрад ці магчымая гарманізацыя дзяржрэгулявання рынкаў транспарту РФ і Беларусі ў форме, якая адрозніваецца ад прыняцця Беларуссю расейскіх нормаў, і тое самае тычыцца большай часткі прадметаў будучых перамоваў. Як і заўсёды ў такіх выпадках, галоўная рызыка для большай (у гэтым выпадку расейскай) эканомікі ад нераўнаважнай інтэграцыі – адкрываецца магчымасць перагляду ўнутраных правілаў гульні «пад інтэграцыйныя патрэбы», чым відавочна захочуць скарыстацца вельмі многія. Толькі канкрэтны ход перамоваў, якія зыходзячы з досведу верасня 2019 года наўрад ці будуць публічныя, пакажа, наколькі гэтая рызыка для Расеі адпавядае задачам інтэграцыі з эканомікай у 29 разоў меншай.
Рэвізія дамовы пра «саюзную дзяржаву»
Нагадаем, у снежні летась прэм'ер-міністр Дзмітрый Мядзведзеў заявіў, што Расея гатовая і далей прасоўвацца па шляху будаўніцтва «саюзнай дзяржавы» ў парадку, які прадугледжаны дамовай пра стварэнне «саюзнай дзяржавы» ад 8 снежня 1999 года. Згодна з ёй, у краінаў павінны быць адзіная валюта, адзіны суд, адзіная мытня. Дамова таксама прадугледжвае і далейшыя крокі ў інтэграцыі – прынамсі шлях да адзінага «парламенту» і адзінага «прэзідэнта».
25 снежня ў час сустрэчы кіраўнікоў Беларусі і Расеі была дасягнутая дамоўленасць пра стварэнне расейска-беларускай працоўнай групы для абмеркавання розных аспектаў інтэграцыі і спрэчных пытанняў. Ад расейскага боку групу ўзначаліў міністр эканамічнага развіцця Максім Арэшкін. У Беларусі ў склад групы ўвайшлі 30 чыноўнікаў, узначальвае яе міністр эканомікі Дзмітрый Круты.
У ліпені на Форуме рэгіёнаў Беларусі і Расеі ў Санкт-Пецярбургу Лукашэнка прапанаваў Пуціну развязаць усе спрэчныя пытанні і падрыхтаваць праграму стратэгіі дзеянняў у інтэграцыі да 8 снежня, да 20-годдзя «саюзнай дамовы».
Паводле словаў прэм'ер-міністра Беларусі Сяргея Румаса, у распрацаванай праграме закладзены прынцып «дзве краіны – адзін рынак». У ёй няма пытанняў палітычнага характару. Ён таксама паабяцаў, што праграма будзе апублікаваная, каб зняць асцярогі з нагоды суверэнітэту.
Пазней міністр эканамічнага развіцця Расеі Максім Арэшкін паведаміў, што інтэграцыя – гэта не пытанне аб'яднання дзяржаваў, гаворка «пра аб'яднанне эканомік як роўных партнёраў».
У канцы жніўня праект быў прапанаваны Аляксандру Лукашэнку. 6 верасня яго парафіявалі, то-бок узгаднілі з магчымасцю нязначных зменаў, прэм'ер-міністры Беларусі і Расеі Сяргей Румас і Дзмітрый Мядзведзеў.
Афіцыйна дакумент не быў апублікаваны.