17 снежня 2025, Серада, 4:50
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Я атрымаў кватэру – мне паказалі: вось твой хлеў»

10
«Я атрымаў кватэру – мне паказалі: вось твой хлеў»
ІЛЮСТРАЦЫЙНАЕ ФОТА

Жыхары Мар'інай Горкі змагаюцца з уладамі за сваю нерухомасць.

У Мар'інай Горцы ідзе бітва за годныя ўмовы: больш за год жыхары вуліцы Пасёлак-1 дамагаюцца ад кіраўніцтва Пухавіцкага раёна размесціць на іх вуліцы смеццевыя кантэйнеры і пакінуць гаспадарчыя пабудовы і грамадскія прыбіральні, паведамляе «Белсат».

Прыбіральні на вуліцах, паліва ў адрынах, смецце пры дарозе – такія ўмовы жыхары Мар'інай Горкі маюць ужо цягам года. І гэта – у цэнтры горада, за два кварталы ад будынка адміністрацыі Пухавіцкага раёна.

Мікалай Рубан 27 гадоў адслужыў ва Узброеных сілах, цяперашні свой дом атрымаў ад дзяржавы ў ваенным пасёлку Мар'інай Горкі 52 гады таму. Кажа, не думаў, што калі-небудзь улады назавуць яго «захопнікам»:

«Я кватэру атрымаў – мне паказалі: вось твой хлеў. Пасля нешта падрамантаваў сам, але самае крыўднае, што цяпер нас называюць захопнікамі – нас злачынцамі, атрымліваецца, зрабілі».

Адміністрацыя Пухавіцкага раёна запатрабавала вызваліць нібыта самавольна занятую тэрыторыю – прыбраць хлявы, дзе жыхары захоўваюць паліва для ацяплення дамоў. Частку ўжо знеслі бульдозерамі, не звяртаючы ўвагі, што некаторыя будынкі былі зарэгістраваныя ў прыватнай уласнасці.

«Хлявы прыбралі, цяпер зіма на носе, і ў нас няма дзе пакласці торф, бо дровы хоць каля дома недзе можна пакінуць, а торф – тры тоны прывозяць, такую кучу дзе скласці?» – абураецца мясцовая жыхарка Наталля Кулажанка.

Жыхары кажуць, што акрамя таго прыбралі смеццевыя кантэйнеры і спрабавалі знесці прыбіральні, хоць частка дамоў і да сёння не мае ніякіх камунальных выгодаў.

«Мы просім вярнуць агароджу на месца, паставіць кантэйнеры і звярнуць увагу, што гэтая зямля не самазахоп. Каб ЖКГ дапамагла людзям развязаць гаспадарча-побытавыя праблемы», – кажа Таццяна Баешка.

У адміністрацыі Пухавіцкага раёна сцвярджаюць, што пра праблему мясцовых жыхароў нічога не ведаюць.

«Ну я не ведаю, цяпер будзем разбірацца. Я пакуль не гатовая вам адказаць», – заявіла першая намесніца старшыні Пухавіцкага райвыканкама Настасся Кузьміна.

Пасёлак вайскоўцаў – былая ўскраіна, а цяпер – цэнтр Мар'інай Горкі. Тут пачалі будоўлю гандлёвага цэнтра, а яшчэ раней – катэджаў. І гэта – галоўная прычына супрацьстаяння, мяркуюць жыхары.

«Наша тэрыторыя – прынадны кавалак, таму нас адсюль паціху выціскаюць», – мяркуе Наталля Нужненка.

«Прагучала такая думка: я пачула, што тут будзе стаянка на сто аўтамабіляў. Вось у цёткі Галі – нашай доўгажыхаркі – там стаялі прыбіральня і кантэйнер смеццевы, а цяпер будзе стаянка на сто аўтамабіляў», – абураная Таццяна Баешка.

Мясцовыя жыхары неаднаразова звярталіся па дапамогу ў мясцовую адміністрацыю Пухавіцкага раёна, але безвынікова.

«Увесь склад Пухавіцкага райвыканкама ўжо гадамі прыдумляе, прыкрываючыся нашым заканадаўствам, творыць вось такія здзекі з жыхароў нашага пасёлка», – апавядае мясцовая жыхарка Святлана Баравік.

Жыхары паселішча вайскоўцаў у Мар'інай Горцы звярталіся па дапамогу ў вышэйшыя органы ўлады, але і гэта выніку не прынесла.

Напісаць каментар 10

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках