Літва пашырыла спіс прафесій для працаўладкавання беларусаў
11- 6.01.2020, 22:15
- 39,637
Што гэта за праца?
У Літве пашырылі спіс працоўных спецыяльнасцяў для легальнага працаўладкавання іншаземцаў. Калі ў канцы мінулага года іх было 15, то на першую палову 2020-га – 68. Пра гэта паведамляе Служба занятасці Літвы.
У Літве існуе спіс дэфіцытных прафесій, на якія замежнікам з 2017 года можна працаўладкоўвацца без спецыяльных дазволаў. Яго пераглядаюць раз у паўгоддзе. Да прыкладу, у гэтым пераліку на другое паўгоддзе 2019 года значыліся у тым ліку кіроўца міжнародных грузавых транспартных перавозак, зварнік, бетоннік, электрык, швачка, мяснік. Усе гэтыя прафесіі патрапілі ў спіс і на першае паўгоддзе 2020-га.
У 2019 года ў спісе было 15 прафесій, а ў гэтым – 68, аднак гэта не значыць, што з'явілася шмат новых прафесій – спіс дапоўнены роднаснымі прафесіямі, піша ru.delfi.lt. Паводле звестак Службы занятасці Літвы, у спісе на гэты год няма бетоннікаў, працаўнікоў у мантажы газавых труб, ізалявальнікаў, электрыкаў, спецыялістаў у абсталяванні труб на судах. Некаторыя прафесіі пашырылі. Да прыкладу, у спісе на першае паўгоддзе 2020-га значыцца не толькі зварнік, а таксама электразварнік, газавы зварнік. Падрабязны спіс «дэфіцытных» прафесій можна паглядзець праз спасылку на сайце Службы занятасці Літвы.
Паводле прагнозаў, сёлета больш за ўсё спатрэбіцца муляроў, спецыялістаў ва ўстаноўцы лясоў, тынкоўнікаў, зварнікаў, зборнікаў металічных карпусоў, аператараў станкоў ЧПУ (гнуткія металы), мяснікоў, працаўнікоў на бойні, швачак, кіроўцаў велікагрузных машынаў.
Паводле звестак Службы занятасці Літвы, прафесіі трапляюць у гэты спіс з улікам попыту і прапановы. Напрыклад, у сферы прамысловасці і будаўніцтва працоўных месцаў у два разы больш, чым беспрацоўных з неабходнай спецыяльнасцю, а ў сектары паслуг – у пяць разоў.
Акрамя таго, з улікам пажаданняў або інвестыцый працадаўцаў, прагназуюць рост попыту на прафесіі.
«Кожны год мы складаем барометр магчымасці працаўладкавання на аснове апытанняў працадаўцаў і ў рэгіёнах, і ва ўсёй Літве. Мы апытваем больш як 4000 працадаўцаў, глядзім, у чым яны маюць найбольшую патрэбу», – сказала кіраўніца Службы занятасці Мілда Янкаўскенэ.
Колькі беларусаў з'язджае на заробкі ў Літву?
Паводле звестак Дэпартамента грамадзянства і міграцыі МУС Беларусі, за 9 месяцаў мінулага года працаваць у Літву з'ехала 903 чалавекі. З іх 8 – гэта працаўнікі сферы абслугоўвання, гандлю і 895 – уладкаваліся на працоўныя спецыяльнасці. У колькасці беларусаў, якія з'ехалі туды на працу, Літву абганяюць толькі Расея і Польшча, піша tut.by.
У статыстыцы МУС улічваюцца тыя, хто выехаў за мяжу на працу з падпісанымі дамовамі і кантрактамі праз упаўнаважаныя на працаўладкаванне за мяжой арганізацыі. Тыя, хто самастойна з'ехаў, не зафіксаваныя ў статыстыцы. Таму звесткі краінаў, у якія з'язджаюць на заробкі, адрозніваюцца ў большы бок у ліку працоўных мігрантаў з Беларусі.
Паводле звестак літоўскага боку, толькі ў першым паўгоддзі 2019-га служба занятасці выдала беларусам блізу 855 дазволаў на працу.