14 кастрычнiка 2024, панядзелак, 4:10
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Новы прэм'ер Кыргызстана: Прэзідэнт сыдзе ў адстаўку праз 2-3 дні

4
Новы прэм'ер Кыргызстана: Прэзідэнт сыдзе ў адстаўку праз 2-3 дні
ФОТА: AFP

Палітык заявіў, што ў краіне павінны быць прызначаныя новыя парламенцкія выбары.

Садыр Жапараў, які ўдзень 10 кастрычніка быў прызначаны дэпутатамі парламента новым прэм'ер-міністрам Кыргызстана, зрабіў некалькі заяваў, што тычацца прэзідэнта Сааранбая Жээнбекава і былога намесніка кіраўніка мытні Кыргызстана Раімбека Матраімава, паведамляе currenttime.tv.

Жапараў распавёў, што сустракаўся з прэзідэнтам Жээнбекавым і той паабяцаў пакінуць сваю пасаду "пасля абрання прэм'ер-міністра на працягу 2-3 дзён".

Сам Жээнбекаў раней казаў, што гатовы сысці ў адстаўку, толькі калі "краіна стане на шлях законнасці".

"Павінны быць прызначаныя новыя парламенцкія выбары. Пастанову з гэтай нагоды прыме ЦВК. Неабходна адправіць у адстаўку прэм'ер-міністра і чальцоў урада, якія працавалі да крызісу, што створыць законныя падставы для новых прызначэнняў. Каб легітымізаваць прызначэнне новага прэм'ер-міністра і чальцоў урада, неабходныя пастанова Жагорку Кенеша і ўказ прэзідэнта. Пасля таго, як будуць зацверджаныя легітымныя кіраўнікі органаў выканаўчай улады і краіна стане на шлях законнасці, гатовы сысці з пасады прэзідэнта Кыргызскай Рэспублікі", - заявіў ён.

Жапараў таксама сказаў, што скандальна вядомы экс-намеснік старшыні Дзяржаўнай мытнай службы Раімбек Матраімаў, які быў фігурантам некалькіх журналісцкіх расследаванняў аб карупцыі на мытні, знаходзіцца ў вышуку.

"Паводле маіх звестак, цяпер ён у вышуку. Яго шукаюць", - сказаў Жапараў.

Дзясятага кастрычніка дэпутаты парламента 6-га склікання сабраліся на пазачарговае пасяджэнне ў дзяржаўнай рэзідэнцыі "Ала-Арча" і абралі Садыра Жапарава новым прэм'ерам Кыргызстана. Кандыдатура, як паведаміў першы віцэ-спікер Мірлан Бакіраў, была адобраная аднагалосна. У пачатку пасяджэння было заяўлена, што ў зале прысутнічае 51 дэпутат, а яшчэ 10 дэпутатаў перадалі даверанасці. Такім чынам, кворум, неабходны для прыняцця пастаноў, быў сабраны (для яго патрэбная траціна дэпутатаў ад 120).

Гэта ўжо другое "абранне" Жапарава прэм'ерам: раней тое ж самае адбылося на пасяджэнні дэпутатаў 6 кастрычніка. Але на тым пасяджэнні кворум не быў сабраны.

У Кыргызстане 4 кастрычніка прайшлі выбары ў парламент. Згодна з афіцыйнымі вынікамі, пераканаўчую перамогу на іх атрымалі дзве прапрэзідэнцкія партыі, узначаленыя выхадцамі з поўдня краіны, а амаль усе апазіцыйныя партыі, у тым ліку ўзначаленыя выхадцамі з поўначы, не патрапілі ў парламент.

Пасля абвяшчэння вынікаў выбараў у краіне пачаліся масавыя пратэсты, якія прывялі да палітычнага крызісу. У ноч на 6 кастрычніка дэманстранты занялі Белы дом, у якім засядае парламент і знаходзіцца апарат прэзідэнта, а таксама будынак ДКНБ, і вызвалілі некалькіх палітыкаў, на якіх былі распачатыя крымінальныя справы пасля прыходу да ўлады прэзідэнта Сааранбая Жээнбекава.

Жээнбекаў пратэсты расцаніў як "спробу захопу ўлады" і заявіў, што застаецца легітымным прэзідэнтам. У Бішкеку быў абвешчаны рэжым надзвычайнага становішча і ўведзеныя войскі. Прадстаўнікі Генштаба Кыргызстана пацвердзілі, што на ўсіх ўездах у Бішкек устаноўлены блокпосты, дзе вайскоўцы "будуць сачыць за выкананнем патрабаванняў рэжыму надзвычайнага становiшча i захаваннем правапарадку".

Напісаць каментар 4

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках