Кіпр заявіў аб скасаванні праграмы выдачы грамадзянства за інвестыцыі
7- 13.10.2020, 15:55
- 15,576
Грамадзянства краіны, якая ўваходзіць у Еўразвяз, каштавала ад 2 мільёнаў 200 тысяч еўраў.
Улады Кіпра скасуюць праграму выдачы грамадзянства краіны за інвестыцыі. Яна дзейнічацьме да канца кастрычніка, а потым будзе закрытая. Грамадзянства краіны, якая ўваходзіць у Еўразвяз, каштавала ад 2 мільёнаў 200 тысяч еўраў. Больш за тысячу чалавек, якія атрымалі пашпарты, былі расейцамі, паведамляе «Радыё Свабода».
Аб касаванні праграмы паведаміў афіцыйны твітэр прэзідэнта Кіпра. У паведамленні сказана, што праграма скасаваная на прапанову міністраў фінансаў і ўнутраных спраў.
To Υπουργικό Συμβούλιο ενέκρινε την πρόταση των Υπουργών Οικονομικών και Εσωτερικών για κατάργηση του παρόντος επενδυτικού προγράμματος από 1/11/20. Η πρόταση βασίστηκε στις διαχρονικές αδυναμίες αλλά και στην καταχρηστική εκμετάλλευση που έτυχαν οι πρόνοιες του προγράμματος.
— Προεδρία της ΚΔ (@CYpresidency) October 13, 2020
Паводле звестак неназваных крыніц газеты «Политис», да закрыцця праграмы ўлады разгледзяць яшчэ 700 ужо пададзеных заявак на грамадзянства, і заяўкі, якія будуць пададзеныя да канца месяца.
На лістапад мінулага года грамадзянства Кіпра атрымалі 4000 іншаземцаў. У жніўні канал «Аль-Джазіра» правёў расследаванне, у якім называліся імёны ўладальнікаў дзвюх з паловай тысяч такіх пашпартоў, 40 адсоткаў з іх былі расейцамі.
Кіпрскі пашпарт ёсць у мільярдэра Алега Дзерыпаскі, які знаходзіцца пад санкцыямі ЗША, былога ўладальніка «Уралкалію» Дзмітрыя Рыбалоўлева, суўладальніка Evraz Аляксандра Абрамава і суўладальніка аэрапорта Шарамеццева Аляксандра Панамарэнкі, пісала выданне The Bell. Акрамя іх – у былых суўладальнікаў «Промсувязьбанка» Аляксея і Дзмітрыя Ананьева, банкіра Алега Цінькова і ў многіх іншых бізнэсоўцаў.
У расследаванні «Аль-Джазіры» сцвярджалася, што многія атрымальнікі пашпартоў Кіпра зарабілі свае грошы злачынным шляхам. Праграма актыўна крытыкавалася ўладамі Еўразвязу. Чыноўнікі ЕЗ мяркуюць, што прададзеныя пашпарты дапамагаюць шматлікім замежнікам ухіляцца ад выплаты падаткаў і павялічваюць карупцыю. Улады рэспублікі адмаўлялі абвінавачанні, заяўляючы, што праграма выратавала дзяржаву ад банкруцтва, а выпадкі атрымання пашпартоў на незаконныя даходы расследуюцца і спыняюцца.