Кошты нафты абрынуліся на навінах з Лібіі
4- 26.10.2020, 9:46
- 24,096
Лібійская нафта хлыне на рынак у той момант, калі свет ахапіла другая хваля пандэміі.
Нафта імкліва патаннела на вячэрнім гандлі ў пятніцу на навінах пра тое, што Лібія аднаўляе пастаўкі на сусветны рынак і плануе патроіць здабычу ў найбліжэйшы месяц, піша finanz.ru.
Як паведамляе Bloomberg, Нацыянальная нафтавая кампанія Лібіі абвясціла ў пятніцу, што здымае рэжым форс-мажора з двух ключавых партоў - Эс-Сідэра і Рас-Лануфа, праз якія сыравіна адпраўляецца на экспарт.
Здабыча ў краіне, што падала летам амаль да нуля, перавысіць 1 млн барэляў за дзень цягам 4 тыдняў, заявіла NOC.
На 22.01 паводле менскага часу, снежаньскі ф'ючэрс на гатунак Brent таннее на 1,8%, да 41,7 даляра за барэль. Кантракты на WTI падаюць на 2,1%, да 39,77 даляра за бочку.
Аднаўленне лібійскага экспарту стала магчымым пасля таго, як прызнаны ААН урад нацыянальнай згоды (УНЗ) і прадстаўнікі Лібійскага нацыянальнага войска дамовіліся аб замірэнні на перамовах у Жэневе.
Лідар ЛНВ маршал Халіфа Хафтар некалькі гадоў вёў вайну за нафтавыя рэсурсы пры падтрымцы расейскіх вайсковых дарадцаў, зброі і ПВК. У красавіку ён абвясціў сябе вярхоўным кіраўніком Лібіі, але праз некалькі месяцаў здаўся, бо пацярпеў паразу ад турэцкага войска ў бітве за Трыпалі, якая доўжылася больш за год.
Лібійская нафта хлыне на рынак у той момант, калі свет ахапіла другая хваля пандэміі, колькасць заражэнняў перавышае 400 тысяч на дзень, а краіны Еўропы адна за адной уводзяць каменданцкую гадзіну, што абяцае непазбежнае зніжэнне попыту на паліва.
«Агульнанацыянальнае замірэнне ў Лібіі будзе спрыяць павелічэнню вытворчасці (нафты) і яго стабілізацыі прынамсі цяпер, - адзначае партнёр Again Capital Джон Кілдаф. - Пры гэтым сітуацыя з Covid не паляпшаецца, калі не становіцца горшай».