Названыя шэсць папулярных міфаў пра здароўе
5- 27.10.2020, 17:26
- 21,005
Гэтыя нібыта навуковыя звесткі ўкараніліся ў калектыўным несвядомым.
«Популярная механика» распавяла пра шэсць усім вядомых міфаў пра здароўе.
1. Неабходна выпіваць восем шклянак вады на дзень
Пра гэта шмат хто чуў, але ніхто не ведае, адкуль узялася гэтая «норма». І чаму менавіта вады, а не гарбаты ці соку? Напраўду гэта сцвярджэнне не падмацаванае навуковымі звесткамі. Магчымай яго крыніцай можа быць састарэлая рэкамендацыя Амерыканскай нацыянальнай даследчай рады (NRC) ад 1945 году, згодна з якой дарослыя павінны спажываць 1 мілілітр вады для кожнай калорыі ежы на дзень.
2. Цукар робіць дзяцей гіперактыўнымі
Многія бацькі перакананыя, што ўжыванне ў ежу салодкіх прадуктаў павышае актыўнасць іх дзяцей. Аднак гэта не так: у 1996 годзе было праведзенае даследаванне, падчас якога 12 дзецям давалі цукар і плацэба. У выніку ў іх паводзінах не было знойдзена аніякіх адрозненняў.
3. Трэба праводзіць дэтаксікацыю арганізма
Ёсць мноства праграм і прадуктаў, прызначаных, як прынята меркаваць, для «дэтаксікацыі». Але ці трэба нам гэта? Вядома, мы жывем у «таксічным» свеце. Аднак як толькі таксіны назапашваюцца, печань выводзіць іх з арганізма без усякай старонняй дапамогі. Калі таксіны паступаюць з вадкасцю, іх выводзяць ныркі.
4. Ужыванне антыаксідантаў падаўжае жыццё
Насуперак ходкай думцы, таблеткі, якія змяшчаюць антыаксіданты, такія, як вітамін А і Е, не толькі не дапамагаюць арганізму, але і могуць быць шкодныя ў залішняй колькасці. На жаль, старэнне арганізма - комплексны працэс і распаўсюджванне свабодных радыкалаў, з якімі закліканыя змагацца антыаксіданты, гэта толькі яго следства, а не прычына.
5. Лішняя вага скарачае жыццё
Вядома, атлусценне вельмі шкоднае для здароўя. Індэкс масы цела, большы за 40, павялічвае рызыку развіцця дыябету, хвароб сэрца і некаторых тыпаў раку. Аднак, як паказаў нядаўні агляд амаль ста даследаванняў з удзелам трох мільёнаў чалавек, усё далёка не так страшна, як прынята меркаваць. Згодна з гэтым аглядам, людзі з залішняй масай цела мелі на 30% менш шанцаў памерці ад сэрцава-судзiнных захворванняў, чым людзі са звычайнай масай цела.
6. Мы павінны карміцца як пячорныя людзі
Наш арганізм прыстасаваны для ўжывання ежы, якую нашы далёкія продкі маглі здабыць на паляванні або сабраць, ці не так? Аднак чалавек эвалюцыянаваў, навучыўся весці сельскую гаспадарку і да дыеты «пячорнага стагоддзя» яму вяртацца няма патрэбы. Тое, што чалавек генетычна «запраграмаваны» на ежу, якую можна здабыць толькі паляваннем ці збіраннем, хутчэй міф, чым праўда.