18 лiстапада 2024, панядзелак, 4:24
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Выйшаўшы з лякарні, Іван сеў у вазок і паехаў на мітынг»

8
«Выйшаўшы з лякарні, Іван сеў у вазок і паехаў на мітынг»

Гісторыя 18-гадовага жыхара Заслаўя.

Аб тым, што здарылася ў жніўні-верасні з 18-гадовым Іванам Красоўскім, «Салідарнасці» расказалі ягоныя блізкія. Маладзён асабіста пагутарыць з журналістамі пакуль не можа, бо знаходзіцца ў менскім следчым ізалятары на вуліцы Валадарскага. На Івана завялі крымінальную справу, яго вінавацяць ва ўдзеле ў масавых беспарадках. Учорашняму школьніку пагражае ад трох да васьмі гадоў турмы.

Год таму Іван скончыў школу, але паступіць далей у яго не выйшла. Сяброўства з анархістамі прывабіла да хлопца ўвагу супрацоўнікаў ГУБАЗіК.

9 жніўня ён хацеў прагаласаваць, як-ніяк - першыя выбары ў ягоным паўналетнім жыцці. Але за некалькі дзён да галасавання каля дома пачалі пільнаваць супрацоўнікі міліцыі. Аднойчы ў кватэры знікла электрычнасць, каля дзвярэй у пад'ездзе ў гэты момант хтосьці чакаў.

Хлопец змог выбрацца з кватэры толькі ўвечары 9-га, але на выбарчы пункт ён не рызыкнуў ісці, а з'ехаў у Менск да сяброў. Першую ноч пасля выбараў Іван нікуды не хадзіў. А ўночы 11 жніўня ўжо быў ля «Рыгі».

Івана затрымалі на чыгуначным вакзале ў Менску 12 жніўня. Ён меўся сустрэць маму, якая везла яму свежую бялізну і адзенне. Вось што ён расказаў пра затрыманне і пра тое, што з ім адбывалася далей.

Каля вакзала яго спынілі міліцыянты патрульна-паставой службы, такія ж ўчорашнія школьнікі. Мабыць, іхнюю ўвагу прывабіла аблічча: белы бранзалет, значкі з "Пагоняй". Спраўдзілі дакументы і паведамілі, што яго шукаюць бацькі. Хлопца адвялі ў аддзяленне, якое знаходзіцца ў будынку вакзала.

Дзяжурны выклікаў супрацоўнікаў ГУБАЗіК. Паводле слоў Івана, пасля іх прыезду яго збілі першы раз. Перад гэтым ён прасіўся ў прыбіральню, але замест гэтага атрымаў штурхель у мачавы пухір.

Пасля гэтага Іван апынуўся ў турме на завулку Акрэсціна, дзе яго называлі каардынатарам пратэстаў. Са слоў хлопца міліцыянт, які яго прымаў, загадаў: «Выводзьце гэтых сабак». «Сабакамі» выявіліся амонаўцы, якія збілі яго так, што ў выніку юнак апынуўся ў шпіталі.

Пасля сустрэчы з «сабакамі» Іван апынуўся ў напханым збітымі затрыманымі маленькім шпацырным дворыку. Ён так часта траціў прытомнасць, што іншыя затрыманыя сталі крычаць ахове: «Выклікайце хуткую дапамогу, малы зараз памрэ!»

Спярша яго агледзеў турэмны медык, пасля гэтага хлопца перадалі «хуткай дапамозе». У Івана было падазрэнне на пералом сцёгнавай косткі, магчыма, праз болевы шок ён і траціў прытомнасць.

Праз некалькі дзён маладзёна выпісалі з бараўлянскага шпіталю. Дзеля траўмаў ён з вялікай цяжкасцю трымаўся на нагах. Давялося шукаць вазок. Але ўжо ў суботу, 15 жніўня, ён паехаў на вазку да станцыі «Пушкінскай» на мітынг у памяць пра Аляксандра Тарайкоўскага.

Да затрымання Іван не прапусціў ніводнага нядзельнага маршу. Ягонае фота ў вазку не раз трапляла ў рэпартажы СМІ, мастачка Вольга Якубоўская намалявала хлопца ў вобразе ката ў вазку ў асяроддзі ваўкоў.

24 верасня хлопца затрымалі ў Менску на падыходзе да станцыі метро. Ён паспеў напісаць сябрам аб падазроных мужчынах, якія рухаліся за ім назіркам.

Блізкія юнака просяць пісаць яму лісты: Менск, 220030 Валадарскага 2, ізалятар 1. Красоўскаму Івану Іванавічу.

Іванавай маме патрэбная дапамога для аплаты паслуг абаронцы.

Напісаць каментар 8

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках