Баскетбалістка Алена Леўчанка: Гэтым летам народ Беларусі прачнуўся
4- 28.10.2020, 17:03
- 38,743
Знакамітая спартоўка расказала, чаму наважылася ўдзельнічаць у пратэстах.
Вядомая беларуская баскетбалістка Алена Леўчанка, якая адсядзела 15 дзён і знаходзіцца цяпер на лячэнні ў Грэцыі, дала інтэрв'ю Reuters.
- Я хачу, каб мы былі вольныя ў новай Беларусі, дзе мы можам свабодна выказваць сваё меркаванне і не баяцца быць звольненымі, пасаджанымі ў турму, аштрафаванымі або збітымі, - сказала спартоўка.
- Я думаю, што мы разбураем стэрэатыпы, бо вельмі доўгі час усе думалі, што спартоўцы - гэта толькі спартоўцы, што мы толькі трэніруемся. Але як мы можам захоўваць маўчанне, калі нам пара стаць фанатамі нашага народа? - прадоўжыла яна.
Леўчанка расказала, што да гэтага года яна нават не галасавала. Але спалучэнне фактараў - грэблівае стаўленне Лукашэнкі да каранавіруса, арышт або вымушаны ад'езд іншых кандыдатаў у прэзідэнты, а таксама гвалт з боку міліцыі супраць дэманстрантаў - вымусіла яе далучыцца да пратэстаў.
- Я магла б проста заплюшчыць на гэта вочы, з'ехаць і жыць камфортна, - сказала яна. - Але я не магу. Гэтым летам народ Беларусі прачнуўся. Мы хацелі зменаў, хацелі паспрабаваць нешта новае.
У разважаннях пра перажытае Леўчанка так выказалася пра ўлады:
- Мне іх шкада. Мы, дэманстранты, у турме, за кратамі, значна больш вольныя, чым яны.