Падрабязнасці вызвалення Віталя Шклярава: у Беларусь прыязджаў адмысловы пасланнік прэзідэнта ЗША ў справах закладнікаў
22- 28.10.2020, 17:16
- 59,930
Лукашэнку давялося адпусціць палітвязня.
Паліттэхнолаг Віталь Шкляраў вярнуўся ў ЗША і цяпер знаходзіцца ў Вашынгтоне. Пра гэта паведаміў тэлеканал CNN са спасылкай на амерыканскага дзяржсакратара Майка Пампэа, піша tut.by.
Паводле слоў дзяржсакратара ЗША Майка Пампэа, Шкляраў вярнуўся ў Вашынгтон у аўторак увечары.
- Пасля трох месяцаў неправамернага ўтрымання пад вартай і дамашняга арышту, спадар Шкляраў уз'яднаўся са сваёй сям'ёй і прыбыў у Злучаныя Штаты, - распавёў Пампэа ў заяве для CNN.
Дзяржсакратар таксама падкрэсліў, што амерыканскі прэзідэнт выразна пазначыў сваю пазіцыю: ЗША не пацерпяць ад замежных урадаў неправамернага ўтрымання пад вартай амерыканскіх грамадзян.
Як паведаміла CNN інфармаваная крыніца, цяпер Шкляраў знаходзіцца ў шпіталі і праходзіць розныя абследаванні ў якасці захадаў засцярогі - паліттэхнолаг перанёс каранавірус, калі знаходзіўся пад вартай у Беларусі. Ён таксама распавёў, што спецпасланнік прэзідэнта ЗША ў справах закладнікаў Роджэр Карстэнс на гэтым тыдні прыбыў у Беларусь, каб вярнуць Шклярава ў Амерыку: спачатку яны разам адправіліся ў Кіеў, дзе вызвалены паліттэхнолаг прабыў нейкі час з сям'ёй, а затым вылецелі ў ЗША.