Аляксандр Ярашук: Пратэсты на прадпрыемствах будуць прадаўжацца да ажыццяўлення транзіту ўлады
- 28.10.2020, 17:37
- 22,089
Актыўная фаза забастовак перарастае ў іншыя формы «партызанскай барацьбы».
Пра гэта заявіў старшыня Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафзвязаў (БКДП) Аляксандр Ярашук у каментары для сайта naviny.by сітуацыі на прадпрыемствах пасля заканчэння тэрміну народнага ультыматуму.
«У аўторак у параўнанні з панядзелкам стала цішэй, што датычыцца прадпрыемстваў. Але нішто нікуды не дзелася, вонкавыя формы праявы пратэсту сышлі ўглыб, у тым ліку ў сабатаж, італійскі страйк», - сказаў Ярашук.
Ён заўважыў, што на прахадных буйных прадпрыемстваў цяпер дзяжурыць АМАП. «Рабочыя і так не былі настроены масава пратэставаць. Гэтыя забастоўкі мы больш карэктна называем акцыямі пратэсту. Гэта тое, што могуць дазволіць сабе працоўныя. Усё трансфармавалася ў сабатаж, на працоўных месцах людзі праводзяць італійскія забастоўкі. У той ці іншай форме гэта праяўляецца на ўсіх прамысловых прадпрыемствах. Можна назваць для прыкладу і МАЗ, і Менскі электратэхнічны завод. Забастоўка ў класічнай форме праходзіць на «Гродна Азоце», - адзначыў прафсаюзны лідар.
«Не ведаю, якое будзе прадаўжэнне, але можна казаць, што хутчэй за ўсё ўсе акцыі будуць насіць хвалепадобны характар. Гэты як заснулы вулкан, які час ад часу выкідвае клубы пары і попелу», - заўважыў ён.
Пры гэтым ён адзначыў, што праблемы, якія сталі прычынай хваляванняў у грамадстве, не ліквідуюцца. «Улады імкнуцца развязаць праблему адным адзіным спосабам - запалохваннем рабочых, сілавой расправай, прымусам у рознай форме, у тым ліку рэпрэсіямі, уключаючы справы ў адміністрацыйных правапарушэннях, звальненні актывістаў і гэтак далей», - заўважыў кіраўнік аб'яднання.
З ягоных слоў, усё гэта будзе прадаўжацца датуль, пакуль не будзе ажыццёўлены транзіт улады. «Але рэжым ні ў якой форме не мае намеру мяняць сваю палітыку і стратэгію, не мае намеру садзіцца за стол перамоваў і весці дыялог для выхаду з вострага палітычнага і сацыяльна-эканамічнага крызісу. Таму мы можам зрабіць прагноз, што тычыцца рэальнага сектара эканомікі: мы будзем назіраць акцыі пратэсту, якія будуць выяўляцца ў своеасаблівай форме «партызанскай барацьбы». Таму што такія формы для працоўных больш бяспечныя і звыклыя», - адзначыў Ярашук.
Пры гэтым ён падкрэсліў, што пратэстуюць не толькі рабочыя на прадпрыемствах, але і студэнты, навучэнцы каледжаў.
«Прыватны бізнэс таксама пратэстуе. Іх дзеянні накіраваныя на тое, каб прычыніць як мага большую шкоду сістэме дзяржкіравання, бо закрыццё кавярняў, цырульняў і іншых аб'ектаў сферы паслуг азначае нявыплату падаткаў у бюджэт. У сферы абслугоўвання занятыя больш за 50% работнікаў. «Краіна будзе пазбаўляцца істотнага паступлення ў бюджэт і гэта будзе сур'ёзна дэстабілізаваць усю сістэму ўлады і таксама будзе няўхільна набліжаць краіну да развязкі», - падсумаваў Ярашук.
У сваю чаргу старшыня Беларускага незалежнага прафзвязу Максім Пазнякоў мяркуе, што сітуацыя з забастоўкамі развяжацца ў найбліжэйшыя дні.
«Цяпер вельмі шмат што вызначаецца на «Гродна Азоце». Калі хлопцы там выстаяць і прадоўжаць страйкаваць, то па ланцужку забастоўка можа перакінуцца і на астатнія прадпрыемствы», - мяркуе Пазнякоў.