Эрдаган звярнуўся да Пуціна і назваў умовы Турцыі па Нагорным Карабаху
- 28.10.2020, 18:19
- 46,526
Анкара заявіла пра свае «чырвоныя рысы».
Прэзідэнт Турцыі Рэджэп Эрдаган заклікаў Расею да сумеснага ўрэгулявання канфлікту ў Нагорным Карабаху. Для гэтага Маскве варта правесці перамовы з Ерэванам, а Анкары пагаварыць з Баку. Бакі павінны зразумець, ці існуе магчымасць для развязання гэтага пытання.
Пра гэта кіраўнік Турэцкай рэспублікі заявіў падчас свайго выступу ў парламенце Турцыі ў сераду, 28 кастрычніка, паведамляе інфармагенцтва Reuters.
З яго слоў, у ходзе перамоў з Пуціным ён заклікаў Расею да сумеснага развязання пытання армяна-азербайджанскага ўзброенага супрацьстаяння ў Нагорным Карабаху. Турцыя і Расея павінны правесці перамовы з Азербайджанам і Арменіяй на прадмет магчымасці завяршэння канфлікту.
«Мы абмеркавалі з Пуціным падзеі ў Карабаху. Мы сказалі: прыходзьце на Каўказ, вырашыце гэтае пытанне. Калі хочаце, давайце разам вырашым. Вы пагаворыце са сваімі партнёрамі, мы - са сваімі. Няхай нашы кіраўнікі МЗС і іншыя таксама пагавораць. Галоўнае зразумець, вырашым мы гэтае пытанне ці не. Давайце ўжо гэта скончым», - сказаў Эрдаган.
Таксама ён дадаў, што ў працэсе перамоў бакі павінны ўлічваць пазіцыю і інтарэсы Турцыі.
«Мы паінфармавалі Пуціна пра «чырвоныя рысы» Анкары ў гэтым пытанні», - падкрэсліў Эрдаган.