«Я выбіраю сумленне»
5- 30.10.2020, 15:09
- 19,120
З ГрДУ на знак пратэсту звальняецца дацэнт.
Гарадзенскі фатограф, выкладчык кафедры журналістыкі ГрДУ ім. Я. Купалы, кандыдат гістарычных навук, дацэнт Сяргей Марозаў пастанавіў звольніцца з універсітэта з 1 лістапада, піша tut.by.
Ён апублікаваў у Instagram заяву на імя рэктара Ірыны Кітуркі, дзе патлумачыў прычыны сваёй пастановы:
- Немагчыма плённа працаваць на ніве адукацыі і навукі ў варунках, калі адбываецца пераслед з мэтай дыскрэдытацыі як выкладчыка за асабістую думку, меркаванне, адрознае ад «генеральнай лініі».
Сяргей Марозаў не згодны з тым, што студэнтаў і выкладчыкаў па ўсёй краіне звальняюць за тое, што яны рэалізуюць канстытуцыйнае права на свабоду меркаванняў і мітынгаў, калі зверху даюць «карт-бланш на зверскае выкарыстанне сілы» ў дачыненні да мірнага насельніцтва, калі людзей дзеляць на «чырвоных» і «белых», маўляў, цяпер такі час, калі кожнаму трэба выбіраць дарогу, якой ён будзе ісці.
- Я выбіраю сумленне, - напісаў фатограф.
Дэкан кафедры, са слоў Сяргея, паставіў візу на гэтай заяве. Ён ужо падпісаў абходны ліст, у панядзелак забярэ працоўную.
Сяргей не выключае, што вернецца да выкладчыцкай дзейнасці, але калі, як і дзе - гэта пытанне будучыні.
У жніўні, пасля прэзідэнцкіх выбараў фатограф на знак пратэсту супраць гвалту выкінуў у смеццевы бак усе граматы і дыпломы, якімі яго ўзнагароджвалі сілавыя структуры за супольную працу - ён здымаў для іх сацыяльную рэкламу.