«Некаторыя аўтобусы скасавалі»: што адбываецца на мяжы Беларусі з Украінай
1- 30.10.2020, 15:40
- 17,569
Сітуацыя ў пятніцу, 30 кастрычніка.
Беларусы, якіх не пускалі на радзіму пасля вяртання з Украіны 29 кастрычніка, усё ж змаглі праехаць пункт пропуску. З паведамленняў у гомельскіх тэлеграм-чатах, адзін з аўтобусаў разгарнулі на мяжы, а грамадзянам Беларусі прапанавалі прайсці пешшу. Уначы на спадарожных аўто ім давялося дабірацца да Гомеля, піша kp.by.
Таксама ў сацсетках распавядалі аб тым, што продаж квіткоў на аўтобусы ва Украіну скасавалі 29 кастрычніка. Аднак паводле афіцыйных звестак на 30 кастрычніка, набыць квіткі можна:
- Скасавалі толькі некаторыя аўтобусы, напрыклад, «Гомель - Чарнігаў». Міжнародныя рэйсы «Магілёў - Кіеў», «Менск - Кіеў» засталіся, на іх можна набыць квіткі, - патлумачылі на аўтавакзале ў Гомелі. - Умовы для беларусаў не змяніліся: пры перасячэнні беларускага пункта пропуску патрэбны толькі пашпарт, украінскага - пашпарт і страхоўка, якая кампенсуе лячэнне ад каранавіруса. Для вяртання ў краіну ніякіх новых умоў не з'явілася. Па прыездзе неабходная самаізаляцыя, як і раней.
У гомельскай пагрангрупе пакуль не даюць ніякай інфармацыі, акрамя той, што размешчаная на сайце Дзяржпамежкамітэта. Здымаць і знаходзіцца ў пункце пропуску можна толькі з дазволу ДПК пасля афіцыйнага запыту.
Нагадаем, 29 кастрычніка беларуская памежная служба паведаміла, што «ў сувязі з эпідэмічнай абстаноўкай у сумежных краінах Беларусь часова абмяжоўвае ўезд на сваю тэрыторыю праз наземныя пункты пропуску асобных катэгорый фізічных асоб з Латвіі, Літвы, Польшчы і Украіны». У той жа час пад абмежаванні не падпадаюць: супрацоўнікі дыпламатычных прадстаўніцтваў і консульстваў, кіроўцы, якія выконваюць міжнародныя перавозкі, чальцы цягніковых і лакаматыўных брыгад міжнародных злучэнняў. А пункт пропуску ў Нацыянальным аэрапорце «Мінск» пакуль функцыянуе без абмежаванняў.
Паводле звестак сайта ДПК на 12:00 30 кастрычніка, чэргаў на мяжы з Украінай, Польшчай, Літвой і Латвіяй практычна няма - на некаторых кірунках стаяць толькі фуры.