14 кастрычнiка 2024, панядзелак, 4:10
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

МЗС Нямеччыны: ЕЗ увядзе санкцыі супраць Расеі, калі атручэнне Навальнага пацвердзіцца

8
МЗС Нямеччыны: ЕЗ увядзе санкцыі супраць Расеі, калі атручэнне Навальнага пацвердзіцца

Cанкцыі будуць сувымерныя.

Еўразвяз увядзе санкцыі ў дачыненні да Расеі ў тым выпадку, калі эксперты Арганізацыі забароны хімічнай зброі (АЗХЗ) пацвердзяць атручэнне Аляксея Навальнага атрутай "Навічок".

Пры гэтым санкцыі супраць расейскага газаправода "Паўночны струмень – 2" неабходна сур'ёзна абдумаць, заявіў міністр замежных справаў Нямеччыны Хайка Маас у інтэрв'ю выданню t-online.

Маас адзначыў, што сур'ёзнае парушэнне Міжнароднай канвенцыі хімічнай зброі не можа застацца без адказу. Пры гэтым, паводле словаў міністра, санкцыі павінны быць адраснымі і сувымернымі.

Каментуючы магчымыя санкцыі ў дачыненні да "Паўночнага струменю – 2", Маас падкрэсліў, што ад абмежаванняў пацерпяць многія еўрапейскія працоўныя. У будаўніцтве задзейнічана больш за 100 еўрапейскіх кампаній, палова з іх – нямецкія, падкрэсліў ён.

Навальны цяпер знаходзіцца ў Нямеччыне. Палітыка ўжо выпісалі з стацыянара клінікі Charité ў Берліне, куды яго даставілі з рэанімацыі омскай лякарні. Яму стала дрэнна 20 жніўня ў самалёце падчас палёту з Томска ў Маскву. Пілот паспеў пасадзіць самалёт у Омску, пасля чаго Навальнага павезлі ў мясцовую лякарню.

2 верасня афіцыйны прадстаўнік урада ФРГ Штэфен Зайберт заявіў, што ў арганізме Навальнага знайшлі сляды хімічнага атрутнага рэчыва з групы "Навічок", а канцлерка Нямеччыны Ангела Меркель запатрабавала ад Расеі тлумачэнняў таго, што адбылося. Расейскія ўлады катэгарычна адмаўляюць дачыненне да атручвання апазіцыйнага палітыка. Дзве незалежныя лабараторыі з Францыі і Швэцыі таксама пацвердзілі высновы спецыялістаў з лабараторыі бундэсвера пра тое, што Навальнага атруцілі атрутай з групы "Навічок".

25 верасня група сенатараў ЗША прапанавала ўвесці санкцыі супраць расейскіх афіцыйных асобаў у сувязі з атручваннем апазіцыйнага палітыка Аляксея Навальнага. Дакумент прадугледжвае санкцыі супраць расейскіх чыноўнікаў, "датычных да грубых парушэнняў міжнароднага права", у тым ліку да "нядаўняга атручвання" Навальнага.

У інтэрв'ю Der Spiegel 1 кастрычніка Навальны сказаў, што да ягонага атручвання датычны асабіста прэзідэнт Расеі Уладзімір Пуцін. "Я сцвярджаю, што за гэтым злачынствам стаіць Пуцін, іншых версій здарэння ў мяне няма", – заявіў Навальны. Ён пацвердзіў, што пасля курсу лячэння ў Нямеччыне мае намер вярнуцца ў Расею.

Напісаць каментар 8

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках