14 кастрычнiка 2024, панядзелак, 4:10
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Кіраўнік раёна Віцебска, які прымусіў настаўнікаў на выбарах перапісаць пратакол, сышоў з пасады

18
Кіраўнік раёна Віцебска, які прымусіў настаўнікаў на выбарах перапісаць пратакол, сышоў з пасады
СЯРГЕЙ СТАШЭЎСКІ
ФОТА: СЯРГЕЙ СЕРЕБРО / NEWS.VITEBSK.CC

Кастрычніцкім раёнам Віцебска Сташэўскі «кіраваў» амаль 6 гадоў.

Чыноўнік Сяргей Сташэўскі, які сёлета 9 жніўня прымусіў настаўнікаў на выбарчым участку № 25 перапісаць пратакол галасавання на карысць Лукашэнкі, больш не з'яўляецца кіраўніком адміністрацыі Кастрычніцкага раёна Віцебска.

З уласных крыніцаў tut.by. стала вядома, што 1 кастрычніка Сяргея Сташэўскага праводзілі з пасады кіраўніка раённай адміністрацыі. Дзе і кім ён будзе працаваць, пакуль невядома.

2 кастрычніка прозвішча, імя і фота Сташэўскага прыбралі з раздзелу «кіраўніцтва» на сайце адміністрацыі Кастрычніцкага раёна Віцебска.

Нагадаем, пасля выбараў у інтэрнэце з'явіўся аўдыязапіс, на якім былы кіраўнік Кастрычніцкага раёна Віцебска Сяргей Сташэўскі сустракаецца з чальцамі камісіі ўчастка № 25 у СШ № 44 пасля падліку галасоў і прымушае іх перапісаць пратакол, каб у кандыдаткі ў прэзідэнты Святланы Ціханоўскай засталося ўсяго 20% , хоць менавіта яна перамагла на гэтым участку.

17 жніўня, на сустрэчы з дэлегацыяй гараджанаў, якія мірна пратэставалі супраць вынікаў выбараў, губернатар Мікалай Шарснёў заявіў, што ў дачыненні да Сяргея Сташэўскага праводзіцца праверка. Ён не ўдакладніў, хто яе ініцыяваў – абласныя ўлады ці сілавыя структуры.

Ці скончылася гэтая праверка і чым – невядома. Паўтара тыдні таму журналісты адправілі на імя старшыні аблвыканкама афіцыйны запыт з просьбай паведаміць пра вынікі праверкі ў дачыненні да Сташэўскага. Адказу на яго пакуль няма.

У жніўні – верасні журналісты спрабавалі датэлефанавацца да Сяргея Сташэўскага асабіста. Аднак у прыёмнай адміністрацыі раёна спачатку казалі, што ён знаходзіцца ў адпачынку, потым – што яго няма на працоўным месцы.

Сяргей Сташэўскі нарадзіўся ў 1975 годзе ў горадзе Бельцы (Рэспубліка Малдова). Скончыў БДУ паводле спецыяльнасці «правазнаўства» і Акадэмію кіравання паводле спецыяльнасці «дзяржаўнае і мясцовае кіраванне».

Кар'еру пачаў у сталіцы, у аддзеле сацзабеспячэння Ленінскага раёна Менска, потым працаваў у розных пасадах у Мінпрацы. З 2004 да 2007 года – галоўны спецыяліст апарату Саўміна, пазней – памочнік намесніка прэм'ер-міністра.

У Віцебск пераехаў 11 гадоў таму. Спачатку быў намеснікам, а потым кіраўніком адміністрацыі мясцовай СЭЗ.

Кастрычніцкім раёнам Віцебска Сташэўскі кіраваў амаль 6 гадоў.

Напісаць каментар 18

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках