Леанід Заіка аб новай ініцыятыве Лукашэнкі: Гэта стрэл сабе нават не ў нагу, а ў галаву
61- 5.10.2020, 16:47
- 183,876
Чым абернецца для Беларусі адмова ад грузапатоку краін Балтыі.
Аляксандр Лукашэнка ў панядзелак падчас сустрэчы са старшынём ДМК Юрыем Сянько сказаў, што транзіт грузаў з Літвы і Латвіі праз Беларусь складае 40%, і папярэдзіў аб тым, што «калі мы возьмемся за гэтую плынь (грузаперавозак - заўв.), то лагістычныя пункты Літвы недаатрымаюць дзесьці чвэрць».
- Пазіцыя «без шкоды для Беларусі» ў гэтым выпадку не падыходзіць. Таму што скарачэнне замежных гандлёвых аперацый, у тым ліку і транзітных, у кожным выпадку прычыніць шкоду не толькі Латвіі ды Літве, але і Беларусі, - адзначыў у экспрэс-каментары «Салідарнасці» кіраўнік аналітычнага цэнтра «Стратэгія» Леанід Заіка.
Ён уважае такія пагрозы краінам Балтыі за «палітычныя фантазіі» ды не раіць закрываць краіну.
- Ёсць такая тэхніка падліку сродкаў, якія пакідаюць дальнабойнікі транзітам праз Беларусь, дзе яны набываюць паліва, снедаюць, абедаюць і вячэраюць і іншае.
Я думаю, страты будуць прыкладна сіметрычнымі. Літва і Латвія і нават Польшча змогуць скарыстацца іншымі калідорамі, напрыклад, праз Украіну ці Расею.
Пагражаць, што «кагосьці пасадзяць на галодны паёк» - гэта з вобласці палітычных фантазій. Міжнародныя эканамічныя стасункі заўсёды ўзаемазвязаныя. Наогул, па-дурному закрываць краіну, - адзначыў вядомы эканаміст.
Ён не ўважае і за адраснае пытанне Лукашэнкі старшыні ДМК аб тым, што, «трэба распачаць найбліжэйшым часам, каб утрымаць эканоміку сёлета».
- Пытанні можна адрасаваць каму заўгодна, і кіраўніку мытнага камітэта, і кіраўніку падатковай. Іншая справа, што яны будуць вельмі збянтэжаныя, бо гэта не іхняя справа, лічыць статыстычныя паказчыкі ў экспартна-імпартных аперацыях і вызначыць дэвіяцыі трансферу.
Наогул мытная служба павінна спрыяць як мага большаму транзіту праз тэрыторыю Беларусі. Спыняць транзітныя аперацыі з краінамі Балтыі - гэта стрэл сабе нават не ў нагу, а, баюся, што ў галаву, - мяркуе экспэрт.