14 кастрычнiка 2024, панядзелак, 4:10
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Пратэстоўцы ў Кыргызстане захапілі мясцовыя КДБ і Белы дом і вызвалілі экс-прэзідэнта Атамбаева

61
Пратэстоўцы ў Кыргызстане захапілі мясцовыя КДБ і Белы дом і вызвалілі экс-прэзідэнта Атамбаева
Фота: Reuters

Сілавікі, якія ахоўвалі ўрадавыя будынкі, выйшлі з паднятымі рукамі і сказалі, што яны з народам.

5 кастрычніка ў Бішкеку прайшлі акцыі пратэсту нязгодных з вынікамі парламенцкіх выбараў, якія адбыліся ў Кыргызстане ў нядзелю. Пратэсты перараслі ў сутычкі з сілавікамі, былі ўжытыя спецсродкі для разгону. Ноччу мітынгоўцы ўвайшлі на тэрыторыю парламента. Пра гэта з месца падзей паведамляюць карэспандэнты ТАСС, РІА Навіны, 24.kg.

З 16 партый у парламент змаглі трапіць толькі чатыры. Лідары 12 партый, якія не перасягнулі сяміадсоткавы парог, запатрабавалі ад ЦВК Кыргызстана ануляваць вынікі галасавання.

Днём у панядзелак прыхільнікі партый, якія не патрапілі ў Жагорку Кенеша (парламент Кыргызстана), выйшлі на плошчы Ала-Тоо. Паводле звестак мясцовых СМІ, там сабралася некалькі тысячаў чалавек. Пратэст прадоўжыўся і ноччу.

Спачатку сілавікі назіралі за тым, што адбываецца. Калі пратэстоўцы паспрабавалі трапіць на тэрыторыю парламента і зламалі жалезную браму, пачаўся разгон.

СМІ пішуць пра сутычкі з сілавікамі, пратэстоўцы закідвалі іх камянямі. Пад ноч пратэстоўцы сталі будаваць барыкады, паведамлялася пра выкарыстанне «кактэйлю Молатава». Відавочцы паведамляюць, што ў выніку сутыкненняў згарэла адна патрульная машына, а мітынгоўцы захапілі пажарную машыну. Галоўны лекар Цэнтра экстраннай медыцыны Іскендэр Шаяхметаў расказаў, што пабіта 6 машынаў хуткай дапамогі.

Пасля трэцяй гадзіны ночы паводле мясцовага часу (пасля паўночы паводле менскага) пратэстоўцы прарваліся на тэрыторыю Белага дому, дзе знаходзіцца парламент Кыргызстана і адміністрацыя прэзідэнта.

У будынку парламента нікога з супрацоўнікаў або дэпутатаў у гэты момант не было.

Прэзідэнт Кыргызстана Сааранбай Жээнбекаў на 6 кастрычніка прызначыў сустрэчу з лідарамі ўсіх 16 партый, якія ўдзельнічалі ў парламенцкіх выбарах. Паводле словаў прэс-сакратаркі прэзідэнта, Жээнбекаў пакінуў будынак адміністрацыі за некалькі гадзінаў да таго, як туды ўварваліся мітынгоўцы.

Частка мітынгоўцаў прарвалася ў будынак СІЗА Дзяржаўнага камітэта нацыянальнай бяспекі (ДКНБ), паведамляе карэспандэнт ТАСС з месца падзей. Там знаходзіўся экс-прэзідэнт Кыргызстана Алмазбек Атамбаеў.

Сілавікі, якія ахоўваюць ДКНБ, самі выйшлі з паднятымі рукамі і сказалі, што яны з народам. Пасля перамоваў з кіраўніцтвам дзяржкамітэта экс-прэзідэнт Кыргызстана Алмазбек Атамбаеў, які знаходзіўся ў СІЗА ГКНБ са жніўня 2019 года, быў вызвалены. Гэта адбылося блізу 4:30 раніцы паводле мясцовага часу. Прэс-сакратарка Атамбаева Кундуз Жалдубаева пацвердзіла, што ён на волі.

Пратэстоўцы вызвалілі з СІЗА экс-прэзідэнта Кыргызстана Атамбаева. У чэрвені ён быў асуджаны на 11 гадоў турмы за ўдзел у вызваленні крымінальнага аўтарытэта Азіза Батукаева.

Пазней з калоній былі вызваленыя таксама экс-дэпутат Садыр Жапараў і былы прэм'ер-міністр Сапар Ісакаў, асуджаны ў чэрвені на 18 гадоў турмы.

Грамадскі тэлеканал КТРК таксама перайшоў пад кантроль удзельнікаў пратэстаў. У эфіры яны просяць не ладзіць марадзёрства ў Бішкеку.

Фота: Reuters
Фота: Reuters
Фота: Reuters
Фота: Reuters
Фота: Reuters
Фота: RFE/RL
Фота: RFE/RL
Фота: RFE/RL
Фота: RFE/RL
Фота: RFE/RL
Фота: RFE/RL
Фота: RFE/RL
Напісаць каментар 61

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках