14 кастрычнiка 2024, панядзелак, 4:10
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Навальнаму дапамагла выйсці з комы «размова Майка і Ніка»

7
Навальнаму дапамагла выйсці з комы «размова Майка і Ніка»
АЛЯКСЕЙ НАВАЛЬНЫ

Палітык пачаў смяяцца над трызненнем беларускага дыктатара.

Аляксей і Юлія Навальныя далі інтэрв'ю вядомаму расейскаму відэаблогеру Юрыю Дудзю, яно выйшла 5 кастрычніка. Галоўнай тэмай размовы стала атручванне апазіцыйнага палітычнага дзеяча і ягонае наступнае знаходжанне ў коме. Без прытомнасці Аляксей правёў амаль 20 дзён. Для беларусаў жа цікавым момантам стаў кавалачак, у якім Юлія ўзгадвае, што прымусіла Аляксея ўпершыню засмяяцца пасля таго, што адбылося.

У адказе на пытанне Юрыя Дудзя Юлія Навальная зрабіла заўвагу, што мы наглядзеліся ў фільмах, нібыта хтосьці ляжыць у палаце, адкрывае вочы - і тут усе сваякі на яго кідаюцца, абдымаюць, чалавек адразу ўсіх (ці не ўсіх) пазнае, і вакол гэтага будуецца цэлы сюжэт. Але, калі яе муж пачаў выходзіць з комы, стала зразумела, што ў жыцці працэс адбываецца зусім па-іншаму.

- Ты памятаеш момант, калі ён [Аляксей Навальны] прыйшоў у сябе?

- У першы ж дзень, калі мы прыехалі, я сказала нямецкім лекарам: «Вы, калі ласка, калі будзеце выводзіць яго з комы, я таксама буду ў шпіталі». Яны адказалі: «Так, добра».

[Усё адбываецца так:]

Зніжаецца доза прэпарата, праз які ён знаходзіцца ў коме, і ён неяк паціху расплюшчвае вочы... Ён адкрывае вочы і зноў іх закрывае. Нібыта глядзіць, але, напэўна, нічога не разумее. І гэта [выхад з комы] пытанне некалькіх дзён. То бок, няма такога, што ён прачнуўся і сказаў усім «добрай раніцы» або заўсміхаўся. Такога моманту не было.

Але я, вядома, памятаю той момант, калі ён не размаўляў, бо ў яго ўжо была трахеастома - па-мойму, так яна правільна называецца. Гэта трубка ў шыі. Таму ён не мог гаварыць. Там ёсць спецыяльная заглушка, якую ўключаюць у нейкі момант, і з ёй можна размаўляць. Але гэта было не адразу. Мне здаецца, ён яшчэ не мог гаварыць у першыя дні. І я яму стала паказваць перамовы, якія «зліў» Лукашэнка, перамовы Польшчы...

- Майка і Ніка?

- Так, Польшчы з Нямеччынай. І ў нейкі момант ён пачаў смяяцца. Тады я зразумела, што як бы, напэўна, мы яшчэ пазмагаемся.

- Што ён хутчэй жывы, чым мёртвы?

- Так.

Нагадаем, 3 верасня Аляксандр Лукашэнка ў гутарцы з прэм'ер-міністрам Расеі Міхаілам Мішусціным заявіў, што заява Мэркель аб атручэнні Навальнага з'яўляецца фальсіфікацыяй. І паабяцаў даць нейкі запіс перахопленай тэлефоннай размовы з «двума абанентамі».

На наступны дзень, 4 верасня, тэлеграм-канал «Пул Першага» апублікаваў запіс тэлефоннай размовы «Ніка» з Берліна і «Майка» з Варшавы. У ёй Берлін дае справаздачу перад Варшавай, што «матэрыялы па Навальнаму гатовыя» і неўзабаве павінна рушыць услед заява канцлеркі.

Сапраўднасць запісу выклікала сумневы ў інтэрнэт-карыстальнікаў, і яны тут жа сталі прыдумляць мэмы і жарты на гэтую тэму.

Напісаць каментар 7

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках