14 кастрычнiка 2024, панядзелак, 4:10
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Расейскі «Ашчадбанк»: Лукашэнка чарговым разам запусціў «друкарскі станок»

19
Расейскі «Ашчадбанк»: Лукашэнка чарговым разам запусціў «друкарскі станок»

Прагназуецца хуткае пагаршэнне сітуацыі ў эканоміцы Беларусі.

«Ашчадбанк» скептычна ставіцца да прагнозу ўрада Беларусі аб нулявым росце эканомікі ў 2020 годзе і прагназуе пагаршэнне сітуацыі ў эканоміцы краіны, піша сайт thinktanks.by.

Аналітыкі цэнтра макраэканамічных даследаванняў расейскага «Ашчадбанка» называюць прагноз нулявога росту беларускай эканомікі, на які раней спадзявалася ўрад, «вельмі малаімаверным сцэнарам». За студзень - жнівень падзенне эканомікі Беларусі склала 1,3%. Імаверна, да канца года рэцэсія толькі ўзмоцніцца.

Са станоўчых з'яў у дакладзе адзначаецца ўдалы ход жніва і невялікі рост раздробнага гандлю. Аднак гэта можна назваць своеасаблівай лыжкай мёду ў бочцы дзёгцю. Той жа рост гандлю звязаны з жаданнем насельніцтва як мага хутчэй пазбавіцца ад рублёвых накапленняў праз чаканні дэвальвацыі нацыянальнай валюты. Акрамя таго, на фоне скарачэння вытворчасці афіцыйная статыстыка рапартуе аб павелічэнні рэальных даходаў насельніцтва. Папросту кажучы, Лукашэнка чарговым разам запусціў «друкарскі станок», а значыць, далейшае падзенне рубля і павелічэнне інфляцыі непазбежныя.

«Нягледзячы на пік палітычнага крызісу і частковае прыпыненне крэдытавання, жнівень прадэманстраваў параўнальна нядрэнныя эканамічныя вынікі. Падзенне ВУП за 8 месяцаў склала 1,3% супраць 1,6% месяцам раней. З нашых разлікаў гэта эквівалентнае росту эканомікі ў жніўні на 0,8% пасля скарачэння на 1% у ліпені. Дадатковую падтрымку, у параўнанні з папярэднім месяцам, надаў сектар сельскай гаспадаркі. Яго станоўчы ўнёсак у рост павялічыўся з 0,1 адсотка да 0,4, а рост валавога дададзенага кошту галіны ў студзені - жніўні склаў 8,1%. Статыстыка яскрава праілюстравала папярэднія вынікі жніва - спрыяльныя варункі надвор'я спрыялі збору добрага ўраджаю», - гаворыцца ў дакладзе.

Прамысловасць, наадварот, як адзначаюць экспэрты, перайшла да скарачэння аб'ёмаў вытворчасці. У жніўні падзенне склала 0,1%, пасля росту на 1,1% у ліпені.

«На вынікі ціснуць перабоі з пастаўкамі нафты, якія прывялі да сціску нафтаперапрацоўкі на 10,2% за год. Праблемы з экспартам калійных угнаенняў адбіліся на выпуску хімічнай прадукцыі ды знізілася ў жніўні на 6,3%. Разам з прамысловасцю цалкам заканамерна скарацілася і транспартная галіна: грузаабарачэнне чыгуначнага транспарту ў жніўні ніжэйшае на 8%, а сукупнае грузаабарачэнне - на 2,3%», - гаворыцца ў дакладзе.

Экспэрты адзначаюць, што нягледзячы на жорсткія эканамічныя ўмовы, рэальныя заробкі прадаўжаюць хутка расці. У жніўні рост склаў 7,6%, пры павелічэнні рэальных наяўных даходаў насельніцтва на 5,4% у студзені - ліпені.

«Мы асацыюем такую дынаміку з дзяржаўнымі прадпрыемствамі, праз якія рэалізуецца знаёмы інструмент падтрымкі спажывецкага попыту. Апошні трансфармуецца ў рост абарачэння раздробнага гандлю, які склаў 2,7% у студзені – жніўні».

Экспэрты «Ашчадбанка» нагадваюць, што палітыка стымулявання даходаў у мінулым ужо прыводзіла да істотных праблемаў. Назапашванне дадатковых дысбалансаў і цяпер стварае істотныя рызыкі для курсу беларускага рубля і інфляцыі. Эфект прыпынення крэдытавання яшчэ не паспеў цалкам адбіцца на хуткасці росту ВУП, але экспэрты чакаюць пагаршэння стану эканамічнай актыўнасці ў найбліжэйшыя месяцы.

«Прагноз нулявога росту за год, агучаны міністрам эканомікі, становіцца вельмі малаімаверным сцэнарам развіцця падзей», - сказана ў дакладзе.

Напісаць каментар 19

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках