Егіпет скасаваў візавы збор для турыстаў
2- 6.10.2020, 18:33
- 20,087
Спрашчэнне правілаў уезду распаўсюджваецца на папулярныя сярод адпачывальнікаў рэгіёны краіны.
Урад Егіпта з 1 лістапада 2020 года да 30 красавіка 2021 года скасаваў візавы збор для турыстаў, паведамляе korrespondent.net.
Паказана, што спрашчэнне правілаў уезду распаўсюджваецца на папулярныя сярод адпачывальнікаў рэгіёны краіны: Паўднёвы Сінай, Чырвонае мора, Луксор і Асуан.
У большасці выпадкаў турысты павінны мець пры сабе адмоўны ПЦР-тэст на каранавірус, зроблены не пазней, чым за 72 гадзіны да ўезду ў Егіпет. Гэта патрабаванне не распаўсюджваецца на такія гарады: Хургада, Шарм-эль-Шэйх, Марса-Алам, Таба.
Там тэставанне можна прайсці ў аэрапортах.
Раней улады Егіпта трэцім разам за апошні месяц змянілі ўмовы ўезду ў краіну замежных падарожнікаў.
Паводле інфармацыі егіпецкіх уладаў, з моманту аднаўлення ўязнога турызму (з 1 ліпеня) на курортах Шарм-эль-Шэйха і Хургады пабывалі 150 тысяч замежнікаў. У асноўным гэта турысты з Украіны, Беларусі, Швайцарыі, Вугоршчыны і Сербіі. Паводле афіцыйнай інфармацыі, выпадкаў заражэння COVID-19 сярод адпачывальнікаў не зарэгістравана.