14 кастрычнiка 2024, панядзелак, 4:10
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Савудаўская Арабія прапанавала Еўропе новыя зніжкі на нафту

4
Савудаўская Арабія прапанавала Еўропе новыя зніжкі на нафту

У лістападзе савудаўская нафта патаннее для кліентаў у ЕЗ трэці месяц запар.

Савудаўская Арабія прадаўжае зніжаць афіцыйныя кошты сваёй нафты для кліентаў у Еўропе, дзе яе гатункі канкуруюць з расейскай маркай Urals, піша finanz.ru.

У лістападзе савудаўская нафта патаннее для кліентаў у ЕЗ трэці месяц запар, паведамляе Reuters са спасылкай на прайс-ліст дзяржаўнай здабыўной кампаніі каралеўства Saudi Aramco.

Пакупнікам на поўдні Еўропы прапануюцца зніжкі для ўсёй лінейкі гатункаў. Arab Extra Light патаннее на 30 цэнтаў і будзе прадавацца на 1,5 даляра ніжэй за кошт Brent. Такую ж зніжку савудыты прапануюць на гатунак Arab Light, кошт якога знізіцца да дысконту 1,9 даляра да Brent.

Цяжкія маркі Arab Medium і Arab Heavy патаннеюць на 50 і 30 цэнтаў адпаведна і каштавацьмуць на 2,1 даляра ніжэй за Brent.

Для пакупнікоў на паўночным захадзе Еўропы кошт нафты Arab Medium знізіцца на 10 цэнтаў, а Arab Heavy - на 30 цэнтаў. У выніку першы гатунак будзе прадавацца на 2 даляры танней за Brent, а другі - на 2,3 даляра.

Цэны Arab Extra Light і Arab Light, прыкметна зніжаныя ў верасні і кастрычніку, не зменяцца: першая марка каштавацьме на 1,9 даляра танней за Brent, другая - на 2 даляры.

Палітыку зніжак савудыты прадаўжаюць амаль выключна на еўрапейскім рынку, дзе з савецкіх часоў традыцыйна гаспадараць расейскія пастаўшчыкі.

Так, для Азіі савудаўская нафта ў лістападзе падаражэе: Arab Super Light - на 30 цэнтаў, Arab Extra Light - на 20 цэнтаў, Arab Light - на 10 цэнтаў.

Для ЗША прайс-ліст Saudi Aramcо застанецца практычна без змен. Невялікае - на 10 цэнтаў - зніжэнне адбудзецца толькі для гатунку Arab Extra Light, тады як астатнія маркі будуць прадавацца тым жа коштам, што і ў кастрычніку.

Эр-Рыяд вярнуўся да палітыкі зніжэння коштаў у жніўні, і з таго часу асноўныя гатункі для Азіі ды Еўропы патаннелі прыкладна на 2 даляры за барэль.

Гэта дапамагло савудытам на 26% павялічыць экспарт, вярнуўшы яго практычна на дакрызісныя ўзроўні. Калі ў чэрвені Saudi Aramco адгружала 4,971 млн барэляў на дзень, то ў верасні ўжо 6,258 млн, падлічылі аналітыкі IHS Markit.

Гэта ўсяго на 3% ніжэй за ўзровень студзеня, калі пандэмія і цэнавыя войны сніліся рынку хіба што ў страшных снах.

Расея саступае савудытам бітву за кліентаў і пакуль павялічыць пастаўкі да значэнняў пачатку года не можа, вынікае з падлікаў Markit.

У верасні танкерамі з расейскіх партоў на экспарт было адпраўлена 3,59 млн барэляў на дзень, што на 21% ніжэй за студзеньскія аб'ёмы (4,54 барэляў за дзень).

Назапашаным вынікам за студзень-верасень расейскі нафтавы экспарт абрынуўся на 14%, тады як савудаўскі - 6,25 барэляў за дзень - застаецца на леташніх адзнаках.

Напісаць каментар 4

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках