Суд пакінуў Віктара Бабарыку ў СІЗА КДБ
27- 7.10.2020, 18:27
- 44,255
Пастанову прымала суддзя Юлія Густыр.
Суд Цэнтральнага раёна пакінуў пастанову падоўжыць Віктару Бабарыку тэрмін утрымання пад вартай у дзеянні, паведамляе tut.by. Пастанову прымала суддзя Юлія Густыр.
Нагадаем, адвакаты Віктара Бабарыкі мяркуюць, што выстаўленае абвінавачванне парушае права на абарону: з яго не зразумела, якія канкрэтна дзеянні абвінавачанага нібыта ўтвараюць злачынствы, падстаў для падаўжэння тэрміну ўтрымання пад вартай няма і гэтая мера стрымання падлягае замене. Абарона падала скаргу на пастанову памочніка начальніка Управы, старшага следчага ў асабліва важных справах следчага ўправы КДБ Пакава ад 10 жніўня 2020 года аб прадаўжэнні тэрміну ўтрымання пад вартай Віктара Бабарыкі.
Скарга разглядалася ў закрытым судовым пасяджэнні, адвакаты хадайнічалі, каб Віктар Бабарыка ўдзельнічаў у ім па відэасувязі, хадайніцтва задаволенае не было. Скаргу суд таксама адхіліў.
- Скаргу пакінуць без задавальнення. На пастанову аб пакіданні скаргі без задавальнення можа быць пададзена цягам 24 гадзін скарга ў Менскі гарадскі суд, - заявіла суддзя Юлія Густыр.