У Кыргызстане спынілі працу сістэмы SWIFT
9- 7.10.2020, 20:04
- 26,868
Кыргызскі Нацбанк таксама рэкамендаваў усім фінансавым установам спыніць працу.
У Кыргызстане на фоне масавых пратэстаў спынілі працу міжнароднай міжбанкаўскай плацежнай сістэмы (SWIFT). Пра гэта сказала прадстаўніца Нацыянальнага банка краіны Аіда Карабаева, паведамляе Интерфакс у сераду, 7 кастрычніка.
Гаворыцца, што ўлады пайшлі на такі крок з мэтай прадухілення адтоку капіталу з краіны.
Кыргызскі Нацбанк таксама рэкамендаваў усім фінансавым установам спыніць працу і ўзмацніць захады бяспекі да стабілізацыі сітуацыі ў краіне.
«Прынятыя захады неабходныя для забеспячэння бяспекі сістэмы, захавання актываў. Нацбанк адсочвае сітуацыю, і па меры яе стабілізацыі банкаўская сістэма пачне сваю дзейнасць у штатным рэжыме», - патлумачыла Карабаева.
Напярэдадні ў Кыргызстане адключылі банкаматы, каб грамадзяне не мелі магчымасці зняць наяўныя. З банкаматаў таксама канфіскавалі ўсе грошы нібыта праз пагрозу марадзёрства.
Нагадаем, вечарам 5 кастрычніка ў сталіцы Кыргызстана пачаліся масавыя пратэсты нязгоды з вынікамі мінулых парламенцкіх выбараў. Пратэстоўцы захапілі шэраг адміністрацыйных будынкаў і выпусцілі з СІЗА некалькі былых топ-палітыкаў краіны.
Раніцай у аўторак ЦВК краіны абвясціў пра непрызнанне вынікаў парламенцкіх выбараў. Дату паўторных выбараў плануюць абвясціць у найбліжэйшыя два тыдні.