14 кастрычнiка 2024, панядзелак, 4:11
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Le Monde: Турцыя Эрдагана здзекуецца з Крамля

20
Le Monde: Турцыя Эрдагана здзекуецца з Крамля

Рэгіянальная дзяржава з гіганцкімі амбіцыямі «водзіць за нос» Пуціна.

"Падтрымка Анкарой наступу Азербайджана ў Нагорным Карабаху наглядна паказвае, як сярэдняя дзяржава можа стрымліваць расейскіх і амерыканскіх цяжкавагавікоў", – піша аглядальнік газеты Le Monde Ален Фрашон (пераклад – inopressa.ru).

"(...) Дзе ж амерыканскае лідарства, калі адзін з чальцоў NATO, Турцыя, без папярэджання сваіх хаўруснікаў абуджае фронт баявых дзеянняў у Нагорным Карабаху? Дзе перавага Расеі ў яе традыцыйнай зоне ўплыву, калі пры падтрымцы Турцыі адна былая савецкая рэспубліка Азербайджан нанесла ўдар па іншай – Арменіі? Рэгіянальная дзяржава з гіганцкімі амбіцыямі, Турцыя Эрдагана, здзекуецца з Крамля", – разважае аўтар артыкула.

"(...) Якая мэта Баку? Паспрабаваць вярнуць частку земляў, якія былі саступленыя ў ходзе баёў мінулага стагоддзя? Аднавіць міжнародныя перамовы пра статус Карабаха? Масква прыглядаецца, заклікае да спынення агню, словам, вагаецца, што рабіць. Азербайджанскую атаку спланавалі і загадзя падрыхтавалі тыя сілы, якія традыцыйна ўзбройвае Расея. Стасункі паміж Баку і Масквой таксама сентыментальныя: таварыш папа Аліеў, Гейдар, бацька цяперашняга прэзідэнта Азербайджана Ільхама Аліева, быў членам Палітбюро СССР. Узы былі змацаваныя чаркай гарэлкі ў руцэ і спевам Інтэрнацыяналу. Гэта не дробязь", – паказвае Фрашон.

"Ці вядомыя Пуціну намеры маладога Аліева? Крамлёўскаму стратэгу заўсёды можна прыпісаць нейкую макіявелеўскую матывацыю, што падахвочвае на час аднавіць вайну ў рэгіёне. Выгаду разглядзець цяжка. Што тычыцца іншага боку канфлікту, то тут Расея прысутнічае яшчэ ў большай ступені: з Арменіяй яна звязаная дамовай пра абарону, якая не распаўсюджваецца на Нагорны Карабах; яна ўзбройвае войскі Ерэвана; у яе ёсць ваенная база на тэрыторыі Арменіі. Расея адчувае сябе як дома і ў Баку, і ў Ерэване", – гаворыцца ў артыкуле.

"Звычайна Крэмль дае сігнал да заканчэння баёў паміж армянамі і азербайджанцамі. А тыя і іншыя падпарадкоўваюцца свайму пастаўшчыку зброі. Толькі на гэты раз Баку можа спадзявацца на вялікую здольнасць да самастойных дзеянняў дзякуючы Турцыі Эрдагана. Справа цюркамоўных азербайджанцаў у Карабаху стала справай прэзідэнта Турцыі", – адзначае журналіст.

"(...) У Кангрэсе ЗША, які назваў разню турэцкіх армянаў на рубяжы XX стагоддзя генацыдам, наўрад ці станоўча ацэняць удзел турэцкага хаўрусніка ў NATO ў нападзе на армянаў у Карабаху. Прынята меркаваць, што гісторыя абавязвае Турцыю выконваць нейтралітэт, прынамсі паміж Азербайджанам і Арменіяй. Аднак Трамп мае слабасць да Эрдагана", – каментуе Фрашон.

"З таго моманту, як ЗША мяркуюць, што прысутнасць Турцыі ў NATO апраўдвае іх памяркоўнасць да ўсіх выхадак Эрдагана, у таго з'явілася поўная свабода дзеянняў, каб праводзіць сваю палітыку рэгіянальнага экспансіянізму – на Каўказе, Блізкім Усходзе, у Магрыбе і Усходнім Міжземнамор'і. Злучаныя Штаты, вядома, выказваюць шкадаванне, але згаджаюцца на гэта", – аналізуе аглядальнік.

"Пазіцыя Расеі нічым не лепшая. Калі Пуцін думаў, што, прадаючы прэзідэнту Эрдагану летась супрацьракетныя сістэмы С-400, ён заваюе яго ўдзячнасць, то ён памыляўся. Сёння вялікі крамлёўскі стратэг раптам выявіў, што ён супрацьстаіць Турцыі і яе войскам, як мінімум, на двух франтах, блізкіх для ягонага сэрца: у Сірыі, дзе Анкара акупуе частку краіны; у Лівіі, дзе туркі і расейцы ваююць у процілеглых лагерах. Не кажучы ўжо пра Каўказ, дзе Эрдаган распальвае баі паміж двума пратэжэ Крамля..." – гаворыцца ў публікацыі.

"У 1956 годзе, калі раззлаваны прэзідэнт ЗША Дуайт Эйзенхаўэр, якога ў гэтай канкрэтнай сітуацыі ўхваліў СССР, загадаў брытанцам, французам і ізраільцянам спыніць ваенныя дзеянні супраць Егіпта, да яго прыслухаліся. У пачатку 90-х, калі ЗША ўстанавілі мір на Балканах, з згоды Масквы, гарматы таксама змоўклі. Цяжкавагавікі яшчэ валодалі уплывам. Сёння ж Эрдаган, які валодае сярэдняй вагой, водзіць за нос Пуціна", – рэзюмуе Ален Фрашон.

Напісаць каментар 20

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках