14 кастрычнiка 2024, панядзелак, 4:10
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Святлана Ціханоўская сустрэлася з прэзідэнтам і прэм'ер-міністрам Славаччыны

18
Святлана Ціханоўская сустрэлася з прэзідэнтам і прэм'ер-міністрам Славаччыны
ФОТА: RADOVAN STOKLASA (REUTERS)

Кіраўніца Славаччыны Зузана Чапутава выказала падтрымку беларускаму народу.

У рамках свайго візіту ў Славаччыну Святлана Ціханоўская сустрэлася з міністаркай замежных спраў, прэм'ер-міністаркай, а пазней і з прэзідэнткай гэтай краіны Зузанай Чапутавай, паведамляе «Радыё Свабода».

«Сустрэча доўжылася 30 хвілін і прайшла ў цёплай атмасферы. Святлану сустрэлі як дзяржаўнага лідара», - паведамляе тэлеграм-канал Ціханоўскай.

Святлана Ціханоўская расказала пра сітуацыю з палітвязнямі, а таксама аб неабходнасці падтрымліваць студэнцкія і гуманітарныя праекты і надаваць дапамогу параненым падчас мірных пратэстаў.

Зузана Чапутава выказала падтрымку беларускаму народу і пацікавілася, як могуць выглядаць перамовы аб новых выбарах у Беларусі, а таксама якія краіны могуць удзельнічаць у якасці пасярэднікаў.

Ціханоўская падарыла прэзідэнтцы Славаччыны кнігу «Краiна Беларусь» на ангельскай мове.

ФОТА: RADOVAN STOKLASA (REUTERS)

Таксама ў Браціславе адбылася сустрэча Святланы Ціханоўскай з прэм'ер-міністрам Славаччыны Ігарам Матавічам. Пасля сустрэчы Матавіч заявіў, што Славаччына не прызнае Аляксандра Лукашэнку прэзідэнтам Беларусі.

Прэм'ер-міністр таксама падкрэсліў ролю беларускіх жанчын у барацьбе за свабоду і дэмакратычныя выбары. Матавіч запэўніў Ціхaноўскую ў падтрымцы беларускага народа з боку славацкага ўрада.

«Выбары з'яўляюцца выбарамі, калі яны дэмакратычныя; а тое, што адбылося ў Беларусі, адназначна не было дэмакратычным, празрыстым і справядлівым», - сказаў прэм'ер-міністр, дадаўшы, што Славаччына гатовая падтрымаць беларускі народ у барацьбе за свабоду і дэмакратыю.

Прэм'ер-міністр таксама сказаў, што паважае асабістую пазіцыю Ціхaноўскай, якую яна дагэтуль выяўляла ў барацьбе, і мяркуе, што яна будзе настойлівай у гэтай барацьбе да самага канца.

«Я цвёрда веру, што, як і краіны Еўрапейскага Звязу, Расея і краіны на ўсход ад Беларусі, дадуць беларускаму народу свабоду прымаць дэмакратычныя і свабодныя пастановы», - сказаў на заканчэнне Матавіч.

Сёння МЗС Славаччыны пастанавіла адклікаць амбасадара з Беларусі для кансультацый. Пра гэта ў чацвер паведаміў у «Твітэры» кіраўнік замежнапалітычнага міністэрства Іван Корчак.

«Я наважыў адклікаць кіраўніка нашай місіі ў Менску для кансультацый у Славаччыне на знак салідарнасці з Літвой і Польшчай. Крокі, зробленыя ўладамі Беларусі супраць іншых краін Еўразвязу, непрымальныя», - напісаў ён.

Таксама Святлана Ціханоўская сустрэлася з кіраўніком МЗС Славаччыны Іванам Корчакам, дыяспарай і прадстаўнікамі НДА.

Раней сёння Святлана Ціханоўская атрымала ў Браціславе прэмію GLOBSEC за ролю лідара і самаадданасць. Гэтую прэмію штогод уручае арганізацыя GLOBSEC і чэшская еўраатлантычная рада JAGELLO 2000. Прэмію Ціханоўскай уручыў аналітык, былы міністр міжнародных дачыненняў Славаччыны Павал Дэмеш.

Напісаць каментар 18

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках