14 кастрычнiка 2024, панядзелак, 4:10
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Маргарыта Ляўчук: Зірніце, як акрыялі духам беларусы!

7
Маргарыта Ляўчук: Зірніце, як акрыялі духам беларусы!
МАРГАРЫТА ЛЯЎЧУК

Вядомая оперная спявачка заявіла, што ўтрая ганарыцца тым, што нарадзілася ў Беларусі.

Вядомая беларуская оперная спявачка Маргарыта Ляўчук распавяла "Народнай Волі", як у гэты няпросты час падсілкоўваецца пазітывам.

- Маргарыта, вы на дзіва пазітыўны чалавек! Як вам удаецца ў сённяшняй няпростай сітуацыі не сысці ў дэпрэсію, не раскіснуць? Некаторыя нават моцныя асобы цяпер у міноры. Адкуль вы чэрпаеце пазітыў?

- Ведаеце, чаму я часта тэлефаную сваёй 87-гадовай бабулі? Я ад яе рэальна падсілкоўваюся! У яе і то баліць, і іншае, але ў яе заўсёды ўсё добра. Яна дзеда пахавала, ясная справа, сумуе, але не скардзіцца ніколі. А другая мая бабуля - яна маладзейшая, ёй 80, але яна поўная супрацьлегласць! І я разумею, што мая 87-гадовая бабуля - яна суперпазітыўная, усё жыццё такой была. І я не разумела, адкуль у яе сілы, настрой. Яна вельмі файная, і для мяне - прыклад. Таму я таксама ўсяму свету кажу, што ўсё добра!

Паглядзіце, у нас у краіне зараз рэальна ўсё дрэнна, але, з іншага боку, як акрыялі духам беларусы, усяму свету заявілі, што мы - нацыя! І я беларусамі ганаруся.

Вядома, нельга забыць боль і пакуты, якія адны беларусы прычынілі іншым, гэта сумна. Але трэба ўмець дараваць і ісці далей, на святло маяка. Я кожны дзень гляджу, што робяць беларусы і ганаруся сваёй краінай усё больш і больш! Глядзіш фатаграфіі прыгожых людзей, якія спяваюць у дварах, выходзяць з ліхтарыкамі, назіраеш марш пенсіянераў, дзе ўсё бабулькі прыгожыя, - гэта замілоўвае. І не дае загразнуць у гэтай бездані суму і негатыву.

Я падсілкоўваюся ад размоў з гэтымі выдатнымі людзьмі, ад іх іскрыстых вачэй. Нас б'юць, а мы лятаем!

Я сапраўды абудзілася духам. Адбылося нараджэнне новай нацыі. Я заўсёды ганарылася тым, што я беларуска, але за-ра-а-аз!.. ўтрая ганаруся, што нарадзілася ў гэтай краіне! Беларусы - гэта сіла! А дабро заўсёды перамагае зло, таму толькі наперад і толькі з пазітывам! Я веру ў шчаслівую будучыню нашай краіны!

Напісаць каментар 7

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках