Святлана Ціханоўская падтрымала страйкоўцаў «Гродна Азота»
- 1.11.2020, 11:27
- 13,626
Для беларусаў працаўнікі прадпрыемства - героі, якія кожным сваім учынкам паскараюць агульную перамогу.
Святлана Ціханоўская падтрымала работнікаў прадпрыемства «Гродна Азот». Словы падтрымкі апублікавала прэс-служба Святланы Ціханоўскай.
У сваім звароце да работнікаў гэтага прадпрыемства яна адзначыла, што «вясной беларусы ўсёй краінай збіралі дапамогу лекарам, каб яны маглі ратаваць беларусаў. Цяпер народ гатовы дапамагаць вам, дарагі «Гродна Азот», таму што ваш подзвіг дапамагае ўсім нам наблізіць жыццё ў новай Беларусі».
З яе слоў, у свабоднай Беларусі ніхто не будзе ўважаць, што прафесіянала можна замяніць любым мінаком; ніхто не будзе шантажаваць кантрактамі; ніхто не назаве самазванцамі за тое, што чалавек выказвае сваё меркаванне.
«Усе мы ведаем, хто сапраўдныя самазванцы ў Беларусі. Яны робяць выгляд, што страйку няма. Але яны баяцца яго, баяцца вашай сілы - і таму запалохваюць вас. Памятайце: праўда на вашым баку. Народ Беларусі, фонды салідарнасці і я з вамі. Дзякуючы вашай адвазе ўсё новыя і новыя людзі далучаюцца да страйку на іншых заводах і прадпрыемствах, выходзяць на маршы, падтрымліваюць адзін аднаго. Ніхто не пакіне вас у бядзе, таму што для ўсіх нас працаўнікі «Гродна Азот» - героі, якія кожным сваім учынкам паскараюць нашу доўгачаканую агульную перамогу», - падкрэсліла Ціханоўская.