«Будзь, як вада»: сакрэт поспеху пратэстаў ад Ганконга да Беларусі
4- 1.11.2020, 12:15
- 28,296
Аўтакраты нямоглыя перад тактыкай легендарнага Бруса Лі.
Некалькі тыдняў запар грамадзяне Каралеўства Тайланд пратэставалі супраць аўтарытарнага праўлення свайго манарха. Урад абвясціў надзвычайнае становішча, забараніў дэманстрацыі і арыштаваў лідараў руху. Але нягледзячы на ўсё гэта, людзі ўсё роўна выходзілі на вуліцы. Яны кажуць, што выкарыстоўвалі тактыку, запазычаную ў дэмакратычнага руху Ганконга, лозунгам якога было: «Будзь, як вада!».
І гэта, як піша Die Zeit (пераклад - unian.net), цытата. Гэтыя словы належаць майстру баявых мастацтваў Брусу Лі, які рос у Ганконгу.
«Будзь аморфным, бясформенным, як вада. Яна можа цячы, а можа і знішчаць. Так што будзь вадой, сябар мой», - казаў Лі.
Рух у Ганконгу максімальна карыстаўся гэтым настаўленнем больш за год. Дагэтуль для яго прыхільнікаў «быць вадой» азначае дзейнічаць дэцэнтралізавана і ў тых месцах, дзе мала паліцыі. Сутыкнуўшыся з пераследамі, грамада разыходзіцца і сцякаецца ў іншае месца. У Беларусі людзі дзейнічаюць гэтак жа. Яны таксама бяруць прыклад з Ганконга і карыстаюцца тактыкай вады. Мэта ў тым, каб захоўваць на вуліцах столькі людзей, каб у нейкі момант баланс сіл змяніўся. І вось у такі момант вада можа знішчыць.
Як так здарылася, што масавыя рухі настолькі падобныя? Чаму яны выстаўляюць падобныя патрабаванні? Яны вучацца адзін у аднаго ці за імі нехта стаіць? Часам удзельнікаў пратэстаў выводзіць на вуліцы адна і тая ж праблема. Напрыклад, 50 гадоў таму вайна ў В'етнаме дала штуршок абурэнню ва ўсім свеце. Ці ж нядаўна смерць афра-амерыканца Джоджа Флойда стала прычынай масавых пратэстаў не толькі ў ЗША.
Але нават без агульнай прычыны, масавыя рухі часта здзяйсняюцца хвалямі, быццам яны каардынуюць свае дзеянні. Адным з прыкладаў можа паслужыць Арабская вясна, якая ахапіла Сірыю, Емен і многія іншыя краіны ў 2011 годзе. Ці ж рэвалюцыі ва Украіне, Грузіі і Кыргызстане на пяць гадоў раней.
Можна паглядзець і на больш раннія перыяды, каб заўважыць гэты феномен. Напрыклад, на пратэсты ў краінах Усходняга блока 30 гадоў таму, моладзевыя пратэсты ў 1960-х і хвалі дэкаланізацыі пасля 1945 года. Нават яшчэ раней. Кастрычніцкі пераварот у Расейскай імперыі 1917 года натхніў рухі ва ўсім свеце: у Нямеччыне, Вугоршчыне, Гішпаніі, у Кітаі, Аргентыне і нават на Кубе.
На 70 гадоў раней імпульс Французскай рэвалюцыі 1848 года распаўсюдзіўся на Аўстрыю, Нямеччыну, Італію і Вугоршчыну. Ён дайшоў аж да Бразіліі. Больш за тое, французская рэвалюцыя 1830 году дала штуршок Вясне нацый. Бельгійцы паўсталі супраць галандцаў. Палякі выступілі супраць Расейскай імперыі. Вядома, рэвалюцыі ў ЗША і Францыі ўплывалі на Еўропу. Але іх імпульс быў адчувальны таксама ў Мексіцы, Перу і Аргентыне.
Феномен узаемасувязі пратэстаў можна адсочваць праз усю гісторыю аж да старажытных паўстанняў. Але чаму гэта адбываецца? Як масавыя рухі ўзаемадзейнічаюць паміж сабой? Die Zeit піша, што ў пэўнай ступені тут выконвае ролю псіхалогія. І гэта можна прасачыць у мемуарах відавочцаў з усіх эпох. Навіны пра тое, што прыгнечаны народ змог пераадолець страх, натхняе і мабілізуе іншых. Поспех сялянскіх армій у Швейцарыі стаў натхненнем для сялян у суседніх рэгіёнах Нямеччыны, якія паўсталі ў 1524-1525 гадах.
«Тое, што могуць зрабіць тунісцы, мы маглі зрабіць ужо даўно», - казалі ў Алжыры ў 2011 годзе.
Часам рэвалюцыянеры наўпрост вучацца адзін у аднаго, як гэта адбылося з «тактыкай вады». Змагары за свабоду Бангладэш, якія выступілі супраць брытанскага каланіяльнага рэжыму ў Індыі ў 1930-х, капіявалі супраціў Ірландыі супраць акупацыйных сіл Вялікабрытаніі. З іншага боку, рэвалюцыянеры, што ездзілі ў іншыя краіны з мэтай падзяліцца досведам, маглі сутыкнуцца з праблемамі праз нацыянальныя асаблівасці. Напрыклад, аргентынскі марксіст Эрнэста Чэ Гевара пацярпеў паразу ў Конга і Балівіі ў 1960-х, калі паспрабаваў увасобіць там партызанскую стратэгію. Хоць яна добра спрацавала на Кубе.
Просты экспарт рэвалюцыі ніколі не працаваў. Пасля Кастрычніцкага перавароту бальшавікі заснавалі міжнародны рух, мэтай якога было паўтарыць расейскі сцэнар у іншых краінах. Асноўнай ідэяй «Камуністычнага Інтэрнацыяналу» было тое, што СССР не мог існаваць сам. Таму патрэбныя былі рэвалюцыі і ў іншых краінах. Асабліва ў Нямеччыне. Напраўду, падаплёка для гэтага сапраўды была. І ў Нямеччыне адбываліся галодныя бунты. Беспарадкі, арганізаваныя «камуністычным інтэрнацыяналам» і Кампартыяй Нямеччыны прывялі да нападаў на аддзяленне паліцыі Гамбурга ў 1923 годзе. Але ўсё ж рух праваліўся.
Падабенства паміж масавымі пратэстамі выходзіць за межы простай імітацыі тактык. Напрыклад, лозунгі звычайна вельмі простыя. Іх зразумець можна імгненна. Напрыклад, у франкамоўных краінах у часы «Арабскай вясны» лозунгам было «Далоў!». Таксама радыкалізацыя рухаў таксама звычайна паступовая. Часта спачатку яны патрабуюць рэформаў, потым адстаўку лідараў дзяржавы. А потым можа дайсці і да змены канстытуцыі і рэструктурызацыі дзяржаўнага апарату.
Таксама часта гвалту няма. Яго выкарыстоўваюць толькі ў вельмі крайнім выпадку. Сімваламі становяцца абсалютна бясшкодныя аб'екты: кветкі, белыя стужкі або парасоны. Таксама, як, напрыклад, у Беларусі нядаўна, з'яўляюцца пэўныя нізінныя арганізацыі: камітэты гарадскога раёна або жылога дома. Ці ж пратэстны рух запускае ўласнае СМІ, якое становіцца прапагандысцкім і арганізацыйным інструментам. Калісьці гэтую ролю выконвалі ўлёткі сялянскіх рухаў у Нямеччыне і «самвыдат» у СССР. А цяпер такія ўласныя СМІ ствараюцца ў Facebook і Telegram. І ўдзельнікі пратэстаў у Беларусі і Тайландзе імі карыстаюцца.
Аўтакраты ва ўсіх кутках свету: ад Манагуа да Менска, - тлумачаць падабенства тактык і арганізаванасці сваіх апанентаў тым, што іх нібыта вучаць адны і тыя ж аналітычныя цэнтры або таемныя замежныя кадры. Напрыклад, у Вугоршчыне мільярдэр Джордж Сорас заснаваў дыскусійныя клубы і няўрадавыя арганізацыі. Але ў вачах прэм'ер-міністра Віктара Орбана там працуюць чужынцы, замежнікі і ворагі народа, якія плануюць нешта злавеснае. Уладзіміру Пуціну і яго прыхільнікам на Усходзе і Захадзе ўсюды мроіцца ЦРУ, якое арганізуе «каляровыя рэвалюцыі». Крэатыўнасць і аўтаномнасць насельніцтва проста не існуе ў аўтарытарным светапоглядзе.
Масавыя пратэсты могуць прывесці да ўсталявання канстытуцыйнай дзяржавы ці новай дыктатуры. Але кожны раз яны пачынаюцца для таго, каб скончыць з рэпрэсіямі і здабыць свабоду, справядлівасць, а такім чынам і пэўную дэмакратызацыю. Гэта аснова самога ДНК такіх рухаў. І менавіта гэта галоўная прычына ўсіх падобных рысаў і «паралельных адкрыццяў», якія робяць людзі на вуліцах.