«На ўсё аддзяленне было два ртутныя тэрмометры»
- 1.11.2020, 17:16
- 15,102
Гісторыя пінчанкі, якой давялося нядаўна ляжаць у лякарні.
Пінчанка распавяла «Медыя-Палессе», як ляжаць у лякарні падчас другой хвалі Сovid-19.
На мінулым тыдні кіраўніцтва Пінскай паліклінікі неаднаразова распавядала СМІ пра гатоўнасць бальніцы да прыёму каранавірусных хворых. Несумненна, сітуацыя са сродкамі абароны, прыборамі для штучнай вентыляцыі лёгкіх стала лепшай у параўнанні з вясновай. Пра гэта кажа і медперсанал лякарні. Перад кожнай зменай ім выдаюць маскі, пальчаткі, ахоўныя касцюмы...
Але людзі хварэюць не толькі на каранавірус. Пінчанка распавяла, што адбываецца ў адным з аддзяленняў лякарні.
- У мяне паднялася тэмпература да 39 градусаў. Некалькі дзён я спрабавала збіць яе самастойна, але стан толькі пагаршаўся. Выклікала хуткую. Мне параілі выпіць анальгін. Праз гадзіну тэмпература не спала. Патэлефанавала лякарню не забіраюць: «Арганізм змагаецца. І, шчыра кажучы, лепш лячыцца дома, бо ў шпіталі каранавірус. Ці мала што». На наступны дзень, у пятніцу, выклікала лекара на дом. Яна агледзела мяне, выпісала лісток непрацаздольнасці і дала накіраванне на аналізы.
У суботу з тэмпературай паехала здаваць аналізы. Медсястра сказала, што яны дрэнныя і трэба тэрмінова ехаць у шпіталь. Інфекцыйны кабінет не працаваў. Усіх хворых з тэмпературай і без прымаў дзяжурны лекар на 4-м паверсе. Мне выпісалі накіраванне на шпіталізацыю.
У прыёмны пакой лякарні я прыехала а 12 гадзіне. І праседзела там больш за 3-ы гадзіны, таму што на ўсё аддзяленне - і бруднае, і чыстае - быў адзін лекар. За гэты час у мяне ўзялі аналіз крыві на каранавірус, ён быў адмоўны. Але як потым сказаў лекар, дакладнасць гэтых тэстаў прыкладна 40%. Мяне паклалі ў шпіталь.
У палаце нас было трое, ляжалі ў шахматным парадку, з захаваннем сацыяльнай дыстанцыі. Аддзяленне было запоўненае на траціну: ляжала толькі 16 чалавек, а яно разлічанае на 40.
З новаўвядзенняў у лякарні: абавязковае нашэнне маскі за межамі палаты. Выходзіць з палаты толькі на працэдуры, абследаванні і ў прыбіральню. Увесь астатні час мы знаходзіліся ў палаце. Ежу таксама развозілі па палатах.
Прыбіралі санітаркі 2-3 разы на дзень. І самае прыемнае, у аддзяленні не было тараканаў. Наогул.
Праўда, і антысептыкаў у нашым аддзяленні не было. Прылады былі, але яны былі пустыя. За час майго знаходжання ў лякарні нават пасля неаднаразовых пытанняў, мне адказалі, што гэтым займаецца сястра-гаспадыня, маўляў, спытайце ў яе.
Не магу не распавесці пра яшчэ адзін непрыемным выпадак. На ўсё аддзяленне было 2 ртутныя тэрмометры. Раней было 6, але разбілі, а ў продажы няма.
Нягледзячы на агульную сітуацыю з каранавірусам, персанал аддзялення таксама не страчваў аптымізму. «Мы ўжо ўсе перахварэлі на каранавірус. Некаторыя нават двойчы». Адна з медсясцёр распавяла, што другім разам, калі яна захварэла, ёй нават лісток непрацаздольнасці не далі, хадзіла на працу.
Але ў чацвер сітуацыя змянілася: за дзень паступіла больш за 40 чалавек. Калі ўлічыць, што ў шпіталь забіраюць толькі ў цяжкіх выпадках, сітуацыя стала сапраўды напружаная. І гэта пры ўмове, што да нас не возяць жыхароў Століна і Лунінца. Нашае аддзяленне ў тэрміновым парадку пачалі рыхтаваць да прыёму кавідных пацыентаў.
Колькі чалавек ляжыць з каранавірусам у шпіталі, не ведаюць нават лекары. Кожны адказвае за сваё аддзяленне. Але размовы пра ўспышку на прадпрыемствах і ў школах горада ёсць. Людзі паміраюць не толькі ад каранавіруса, інфарктаў, інсультаў і іншых хвароб. І мінімальны набор сродкаў дэзінфекцыі павінен быць ва ўсіх аддзяленнях.
Усіх «нецяжкахворых» пацыентаў у пятніцу выпісалі далечвацца дома. Аддзяленне перасялілі на 4-ы паверх. З усіх пацыентаў пакінулі толькі 12 чалавек, якіх чакалі аперацыі або патрабавалася назіранне лекараў.