18 лiстапада 2024, панядзелак, 4:26
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Думаю, закрыцьцё межаў зьвязанае з затрыманьнем Ігара»

6
«Думаю, закрыцьцё межаў зьвязанае з затрыманьнем Ігара»
Ігар Аліневіч
Фотa: charter97.org

Маці палітвязьня Аліневіча ня ведае, дзе сын.

Родныя экс-палітвязьня Ігара Аліневіча гавораць «Радыё Свабода», што нічога ня ведалі пра ягоны намер прыехаць у Беларусь.

«Усё як звычайна, нават горш»

Пра затрыманьне экс-палітвязьня Ігара Аліневіча стала вядома ў ноч на 29 кастрычніка. У 2 гадзіны ночы родным Ігара патэлефанавалі з памежнага пераходу ў Ельску і паведамілі, што Ігар знаходзіцца там.

Ніякай новай інфармацыі яго родныя з таго часу не атрымлівалі.

«У мяне няма ніякай новай інфармацыі, — гаворыць маці Ігара Аліневіча Валянціна. — Я нават ня ведаю, дзе цяпер сын знаходзіцца. Усё, што вядома на гэты момант, гэта інфармацыя зь міліцэйскіх „зьліваў“.

Валянціна Аліневіч
фотa: svaboda.org

Ніхто не адказвае на нашыя пытаньні. Абышла ўсё ўжо, ніхто нічога ня кажа. Усё як звычайна, нават горш. Нам пазванілі ўначы з памежнага атраду, паведамілі пра затрыманьне Ігара. Гэта было ў дзьве гадзіны ночы, з 28 на 29 кастрычніка. Больш ніякай афіцыйнай інфармацыі мы не атрымлівалі.

Мы званілі ў Каленкавічы, там гаварылі, што сына няма ў іх. Хаця ўчора па тэлевізары расказалі, што Ігар быў акурат у Каленкавічах. Потым яго нібыта некуды перавезьлі, але куды, нам не гавораць».

Па словах Валянціны Аліневіч, яна спрабавала знайсьці сына ў СІЗА і ІЧУ Менску, аднак беспасьпяхова. Ёй альбо адмаўляліся даваць інфармацыю, альбо казалі, што Ігара ў іх няма.

31 кастрычніка расейскае інфармацыйнае агенцтва «РИА Новости» са спасылкай на Памежны камітэт Беларусі коратка паведаміў пра затрыманьне на беларуска-ўкраінскай мяжы групы з чатырох чалавек, якія нібыта мелі пры сабе зброю. Сьцьвярджалася таксама, што яны належаць да анархісцкага руху. Пазьней інфармацыя пра затрыманьне «радыкальна настроенай групы» зьявілася ў тэлеграм-канале Памежнага камітэту.

У паведамленьні памежнікаў гаварылася, што пры сабе затрыманыя мелі агнястрэльную зброю, гранату, халодную зброю, фотакамэру, ноўтбукі і іншае абсталяваньне.

Такую ж інфармацыю ў эфіры БТ агучыў прадстаўнік Памежнага камітэту Антон Бычкоўскі. У сюжэце дзяржаўнай тэлевізіі сьцьвярджаецца, што Аліневіч мог мець дачыненьне да падпалаў аўтамабіляў ля будынка пракуратуры ў Салігорску і будынка ДАІ ў Мазыры.

Разам зь ім ля ўкраінскай мяжы затрымалі яшчэ трох актывістаў: Дзьмітрыя Рэзановіча, Сяргея Раманава і Дзьмітрыя Дубоўскага. Паводле інфармацыі праваабарончага цэнтру «Вясна», усе затрыманыя могуць знаходзіцца ў СІЗА КДБ у Менску.

Дзьмітры Разановіч здолеў патэлефанаваць сваякам і паведаміць, што ім выстаўляюць абвінавачаньне паводле артыкулу 289 (акт тэрарызму) і артыкулу 295 (незаконнае абарачэньне зброі) Крымінальнага кодэксу.

Валянціна Аліневіч з сынам Ігарам пасьля ягонага вызваленьня з турмы ў 2015 годзе
courtesy photo

«Мы ня ведаем нават, у чым абвінавачваюць сына, паводле якога артыкулу, — гаворыць маці Ігара Аліневіча Валянціна. — Толькі тое, што паказваюць па дзяржаўных тэлеканалах. Як звычайна ў нас. Да суду па тэлевізары расказваюць пра нешта. Ну я хоць тэлевізар пагляджу, так ніколі яго не ўключаю. Што я думаю пра інфармацыйныя зьлівы і тэлесюжэты? Што я магу гаварыць, калі я нічога ня ведаю. Як можна нейкія высновы рабіць, калі няма ніякай дакладнай інфармацыі? Адзінае, што я магу сказаць, гэта тое, што я была абсалютна ня ў курсе плянаў Ігара прыехаць у Беларусь. Ён не дзяліўся сваімі плянамі пра гэта».

«Казала, што не пасьпееш прыехаць, як цябе тут жа на мяжы схопяць»

Валянціна Аліневіч гаворыць, што з сынам кантактавала рэгулярна. Апошнім часам адгаворвала ад прыезду ў Менск.

«Калі толькі пачынаўся каранавірус, Ігар ірваўся прыехаць, дапамагчы нам тут, — гаворыць Валянціна. — І я яго ўвесь час адгаворвала. Казала, што не пасьпееш прыехаць, як цябе тут жа на мяжы схопяць. Таму што цяпер усіх запар хапаюць. Гэта было яшчэ вясной, і пазьней таксама мы абмяркоўвалі».

Па словах жанчыны, зараз яна занятая найперш пошукамі сына і адваката для яго. Валянціна Аліневіч дапускае, што закрыцьцё межаў Беларусі з 1 лістапада можа быць зьвязанае з затрыманьнем яе сына. Праблемы з уездам у краіну пачаліся акурат 29 кастрычніка, неўзабаве пасьля затрыманьня Ігара Аліневіча на мяжы.

«Адваката ў Ігара пакуль няма, я цяпер спрабую вырашыць гэтае пытаньне, — кажа Валянціна Аліневіч. — Разумееце, мы нават ня ведаем, дзе ён. Калі па-ранейшаму ў Гомельскай вобласьці, то трэба там некага наймаць. Калі ў Менску, то тут. Вось ужо трое сутак з моманту затрыманьня, але нічога мы ня ведаем. Для нас затрыманьне Ігара было вялізным шокам. Думаю, што закрыцьцё межаў зьвязана з затрыманьнем Ігара. Улады баяцца».

Хто такі Ігар Аліневіч

Ігару Аліневічу 37 гадоў. Па спэцыяльнасьці ён інжынэр-электроншчык. 28 лістапада 2010 году Аліневічы быў затрыманы, а 27 траўня 2011 году асуджаны на 8 гадоў пазбаўленьня волі. Яго прызналі вінаватым у «хуліганстве, учыненым групай асобаў, і пашкоджаньні маёмасьці агульнанебясьпечным спосабам у асабліва буйным памеры».

На судовым працэсе ішла гаворка аб нападзе на амбасаду Расеі ў Менску, акцыі ля Генштабу, а таксама пашкоджаньні будынкаў казіно і камэрцыйнага банку. Ігар Аліневіч віны сваёй не прызнаў ні ў адным з эпізодаў.

У 2015 годзе ён выйшаў на свабоду разам з Міколам Статкевічам і шэрагам іншых палітвязьняў. Неўзабаве пасьля вызваленьня Аліневіч зьехаў зь Беларусі, жыў за мяжой.

Кніга Ігара Аліневіча
courtesy photo

У 2013 годзе за кнігу «Еду ў Магадан» Ігар Аліневіч стаў першым ляўрэатам прэміі Францішка Аляхновіча Беларускага ПЭН-цэнтру.

У 2016 годзе Аліневіч стаў ляўрэатам Нацыянальнай прэміі за абарону правоў чалавека імя Віктара Івашкевіча ў намінацыі «За асабістую мужнасць».

Напісаць каментар 6

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках