Замежнае гандлёвае абарачэнне Беларусі скарацілася на 17%
4- 10.11.2020, 10:50
- 12,861
На падзенне паўплывалі палітычны крызіс і каранавірус.
У студзені-верасні 2020 года замежнае гандлёвае абарачэнне тавараў і паслуг Беларусі склала 51 млрд 134,2 млн даляраў, што на 17,1% менш, чым за аналагічны перыяд 2019 года, сведчаць папярэднія звесткі Нацыянальнага банка, піша сайт naviny.by.
Экспарт тавараў і паслуг знізіўся на 15,5% да 26 млрд 318,5 млн даляраў, імпарт - на 18,8% да 24 млрд 815,7 млн даляраў.
Станоўчае сальда замежнага гандлю таварамі і паслугамі склала 1 млрд 502,8 млн даляраў. У студзені-верасні 2019 года сальда было 599,1 млн даляраў.
Замежнае гандлёвае абарачэнне тавараў у студзені-верасні скарацілася на 18% да 41 млрд 449,6 млн даляраў. Экспарт тавараў знізіўся на 17,2% і склаў 20 млрд 53 млн даляраў, імпарт - на 18,8% да 21 млрд 396,6 млн даляраў. Адмоўнае сальда гандлю таварамі склала 1 млрд 343,6 млн даляраў (у студзені-верасні 2019 года - мінус 2 млрд 118,4 млн даляраў).
Замежнае гандлёвае абарачэнне паслуг за дзевяць месяцаў 2020 года знізілася на 13% да 9 млрд 684,6 млн даляраў. Экспарт паслуг зменшыўся на 9,6% і склаў 6 млрд 265,5 млн даляраў, імпарт - на 18,8% да 3 млрд 419,1 млн. Станоўчае сальда склала 2 млрд 846,4 млн даляраў супраць 2 млрд 717,5 млн у студзені-верасні 2019 года.