Беларуская экалагічная актывістка: БелАЭС патрэбная толькі Лукашэнку і Расеі
21- 10.11.2020, 16:57
- 38,824
Астравецкую станцыю запусцілі без ліцэнзіі.
Беларуская атамная электрастанцыя (БелАЭС) часова прыпыніла вытворчасць электраэнэргіі ў аўторак, 10 лістапада, хоць яна была падключаная да энэргасістэмы краіны толькі некалькі дзён таму. На ўрачыстай цырымоніі 7 лістапада прысутнічаў Лукашэнка.
Экспэртка грамадскага аб'яднання «Экадом» і каардынатарка беларускай антыядзернай кампаніі Таццяна Новікава падзялілася з «Нямецкай хваляй» сваім меркаваннем аб тым, каму выгаднае будаўніцтва БелАЭС, чаму станцыя ўяўляе пагрозу для навакольнага асяроддзя і з якой прычыны Літва наважыла адмовіцца ад усіх паставак электраэнэргіі з Беларусі.
- Нягледзячы на акцыі пратэсту актывістаў і эколагаў, у Беларусі пад Астраўцом 7 лістапада адкрылі БелАЭС. Лукашэнка назваў гэта гістарычным момантам, сказаўшы, што Беларусь становіцца ядзернай дзяржавай. Як вы да гэтага ставіцеся?
- Я да гэтага стаўлюся як да нонсэнса. Ад моманту энэргетычнага пуску да моманту здачы АЭС у эксплуатацыю праходзіць шмат часу - ад дзясяці месяцаў, як у Расеі, да аднаго года, як у ЗША. Калі рэактар абсалютна новы і паліва яшчэ ні разу не працавала, яго загружаюць у рэактар, праводзяць цеплавыя, гідраўлічныя эксперыменты. Затым паліва апрамяняюць: яно пачынае працаваць спачатку на мінімальным узроўні. Потым яго пачынаюць павышаць, і дзесьці на ўзроўні 25-50% адбываецца падключэнне рэактарнай устаноўкі да прылад, якія генеруюць электраэнэргію.
Менавіта гэта цяпер і адбылося. Гэта значыць, нічога такога, што магло б кваліфікавацца як набыццё Беларуссю статусу ядзернай дзяржавы ці як афіцыйнае адкрыццё АЭС. У Мінэнэрга заявілі, што пуск адбыўся, аднак увядзенне АЭС у эксплуатацыю адбудзецца ў канцы першага квартала 2021 года. Гэта значыць, што толькі тады атамная станцыя зможа рэгулярна пастаўляць электраэнэргію ў сетку.
Для Лукашэнкі гэты аб'ект мае выключна палітычнае значэнне. Гэта (цырымонія 7 лістапада. - Рэд.) робіцца выключна для таго, каб знізіць градус грамадскай увагі да гэтай тэмы, каб гэта ўспрымалася як нейкая рэальнасць - вось, станцыю ўжо пабудавалі і здалі ў эксплуатацыю, цяпер вам трэба з гэтым жыць.
- Вы ўжо больш за дзесяць гадоў выступаеце супраць БелАЭС. На ваш погляд, у чым яе галоўная праблема?
- Галоўная праблема палягае ў тым, што гэты аб'ект не мае эканамічнага значэння і ўяўляе небяспеку для экалогіі. Ён не патрэбны Беларусі: ён патрэбен толькі аднаму чалавеку (Аляксандру Лукашэнку. - Рэд.) ды Расеі. Для «Расатама» будаўніцтва такіх аб'ектаў - гэта спосаб пашырэння геапалітычнага ўплыву. Пуцін і ягонае асяроддзе мяркуюць, што чым больш расейскіх ядзерных аб'ектаў будзе пабудавана па ўсім свеце, тым больш гэтыя краіны будуць залежаць ад Расеі. Фактычна, гэта праўда, бо гэтым краінам трэба будзе мець справу з ядзернымі адкідамі, з расейскімі ядзернымі тэхналогіямі і спецыялістамі. Гэтая палітыка цікавая і Лукашэнку: ён верыць у тое, што гэта дае яму статус ядзернай дзяржавы і цяпер яго будуць паважаць.
Кожная атамная электрастанцыя небяспечная. На ёй заўсёды ёсць рызыка аварыі, і яна заўсёды выкідвае радыенукліды ў руцінным рэжыме. БелАЭС будавалася ў рэжыме закрытасці - і ўжо дакладна вядома, што з парушэннямі. Яе пуск адбываецца ў адсутнасць ліцэнзіі: для гэтага памянялі заканадаўства. Паводле закона, для ўводу АЭС у эксплуатацыю ліцэнзія патрэбная, а для пуску дастаткова звычайнага дазволу.
- Калі электрастанцыю падключылі да сеткі, прэзідэнт Літвы Гітанас Наўседа заклікаў Еўразвяз адмовіцца ад імпарту вырабленай у Беларусі электрычнасці. Аператар энэргасістэмы Літвы Litgrid паведаміў аб поўным прыпыненні камерцыйных паставак электрычнасці з Беларусі. Чаму?
- Калі на БелАЭС адбудзецца аварыя, Літва павінна будзе эвакуяваць сваю сталіцу. Сталіца Літвы знаходзіцца ў 50 кіламетрах ад станцыі. У Беларусі казалі, што будуць прадаваць ім (краінам Балтыі. - Рэд.) электраэнэргію так, што яны не змогуць ад гэтага адмовіцца. Ужо не - Літва адмовілася не проста ад беларускай атамнай электрастанцыі ды яе электраэнэргіі, а ад беларускай электраэнэргіі наогул. З 3 лістапада, калі Беларусь заявіла аб фізічным пуску БелАЭС, яны закрылі ўсю энэргасістэму на прыёме. Яны не могуць аддзяліць кілаваты, вырабленыя на Беларускай АЭС, ад іншых кілават, бо гэта агульная электраэнергія, якая ідзе ў агульную сетку. Таму яны адмовіліся ад усёй электраэнэргіі з Беларусі.
Да пуску БелАЭС Беларусь пастаўляла электраэнэргію ў Літву, гэта быў выгадны рынак. Цяпер Беларусь становіцца яшчэ больш залежнай ад Расеі.