Названа галоўная падзея ў сусветнай эканоміцы ў наступным годзе
3- 10.11.2020, 21:41
- 20,934
Эканамісты лічаць гэта прыкметай аптымізму інвестараў.
Апытаныя CNBC аналітыкі назвалі распрацоўку вакцыны ад каранавіруса і навіны пра яе галоўнай падзеяй наступнага года, здольнай аказваць уплыў на эканоміку і сусветныя рынкі.
Амерыканскі фондавы рынак паказаў рост 10 лістапада на фоне паведамленняў пра паспяховае выпрабаванне вакцын адразу ад двух кампаній: амерыканскай Pfizer і нямецкай BioNTech. Эканамісты ўважаюць гэта прыкметай аптымізму інвестараў.
Пры гэтым даражэюць у асноўным акцыі банкаў і традыцыйных кампаній. Прадстаўнікі тэхналагічнага сектара (за выключэннем фармацэўтычных кампаній), наадварот, падаюць у цане, што можна расцаніць як сведчанне заканчэння ажыятажнага попыту на стартапы.
У найбліжэйшыя месяцы настрой рынкаў будзе шмат у чым вызначацца паспяховасцю барацьбы ўрадаў розных краін з распаўсюджваннем каранавіруса. Яшчэ адным фактарам павінны стаць дзеянні новай адміністрацыі ЗША. Калі Джо Байдэн, які стаў пераможцам выбараў, паспрыяе вылучэнню новых мер дапамогі, эканоміка атрымае дадатковае стымуляванне, што абавязкова адаб'ецца на катыроўках, адзначаюць аналітыкі.
Каранавірус і прэзідэнцкія выбары ў ЗША ў апошні час заставаліся двума асноўнымі крыніцамі нявызначанасці, і іх ухіленне ў той ці іншай меры паспрыяе пераходу інвестараў з аблігацый, якія лічацца менш рызыкоўнымі актывамі, у акцыі, даходнасць па якіх не фіксаваная.