Леанід Заіка: Другую АЭС трэба пабудаваць у Шклове пры ўмове перасялення туды Лукашэнкі
9- 12.11.2020, 8:17
- 24,175
Толькі ў такім выпадку праект будзе мець сэнс.
Другую БелАЭС можна будаваць толькі з умовай размяшчэння яе ў Шклове і перасялення туды цяперашняга кіраўніцтва краіны на чале з Лукашэнкам, заявіў сайту БП кіраўнік аналітычнага цэнтра "Стратэгія" Леанід Заіка.
- Заявы беларускіх уладаў не перастаюць здзіўляць. Лукашэнка перасцярог беларускіх медыкаў ад выезду за мяжу: нібыта ў той жа Польшчы ім не дадуць нармальна працаваць, адправяць на другарадную, трэцярадную ролю.
- Беларускія медыкі на трэцярадных ролях у сябе на радзіме. І нават больш за тое, у іх з'явілася такая дадатковая нагрузка як адсідка ў следчым ізалятары.
Сядзяць там нават цэлымі калектывамі, сем'ямі.
Таму не думаю, што цяпер разумна палохаць нашых медыкаў вось такімі заявамі. Тут яны - ніхто, а там будуць паважанымі чальцамі грамадства і паспяховымі людзьмі.
Гэта нармальна, што польскія лекары з’язджаюць у Бэльгію, вакансіі вызваляюцца і беларускія лекары пачынаюць выязджаць у Польшчу. Ёсць прафесіі, якія маюць высокую цану працоўнай сілы на сусветным рынку. Вось у мяне брат працуе на кампанію ў Нямеччыне і ўсім задаволены.
- Але ці не стане ад'езд лекараў ударам па якасці і ўзроўню беларускай медыцыны?
- Якасць беларускай медыцыны мяне ніколі не вабіла. Лекары добрыя, але абслугоўвання як такога няма. Мне даводзілася працаваць і ў ЗША, і ў Кітаі, таму мне ёсць з чым параўноўваць. У Штатах медсёстры працуюць зусім па-іншаму.
Так што не турбуйцеся.
Як было кепска ў беларускай медыцыне за Лукашэнкам, так і будзе. Хоць лекары ў нас добрыя.
- Улады тым часам працягваюць заяўляць аб магчымасці будаўніцтва другой атамнай станцыі. Як ставіцеся да гэтай ідэі?
- Назіраю сярод чыноўнікаў нейкі прыліў энтузіязму ў сувязі з запускам першай АЭС пад Астраўцом. Але магу канстатаваць, што кіраўніцтва краіны вельмі дрэнна ведае міжнародны досвед.
Я параіў бы чыноўнікам заплаціць 50-100 тысяч даляраў за даследаванне, як Швэцыя змяніла свой энэргетычны баланс. Там істотна зменшылі ролю газу і атамнай энэргіі.
Швэдскі варыянт - акурат для Беларусі. Будаваць у нашай невялікай краіне велічэзныя атамныя станцыі - неразумна.
За будаўніцтва першай БелАЭС узяліся ў стане шоку, калі пачаліся праблемы з Расеяй праз кошт газу. І гэта было памылкай.
Калі і будаваць другую атамную станцыю, то толькі ў горадзе Шклове і пры ўмове перасялення туды ўсяго цяперашняга кіраўніцтва краіны на чале з Лукашэнкам. Толькі ў такім выпадку будаўніцтва другой АЭС будзе мець сэнс.