Вольга Барабаншчыкава: Салей бы сёння не маўчаў з нагоды сітуацыі ў Беларусі, ён не быў баязліўцам
12- 12.11.2020, 19:03
- 63,355
Цяперашнія ж беларускія хакеісты і футбалісты выявіліся баязліўцамі.
Вядомая беларуская тэнісістка Вольга Барабаншчыкава, якая стала госцем новага выпуску праграмы на YouTube «жизнь-малина», распавяла пра тое, што Руслан Салей не маўчаў бы з нагоды сітуацыі ў Беларусі, паведамляе «Трибуна».
Руслан Салей загінуў у авіякатастрофе разам з камандай «Лакаматыў» 7 верасня 2011 года.
- У Менску на Кубку федэрацыі мяне пазнаёмілі з Русланам Салеем. Дарэчы, ён тады яшчэ не быў у Амерыцы. Праз некаторы час ён трапіў у НХЛ. І вось нас пазнаёмілі. Я падумала: «Ну нейкі сярэдні хакеіст». Потым ён тэлефанаваў пару разоў, запрашаў паабедаць. Але неяк не атрымалася. А потым ужо сустракаліся ў Амерыцы.
Руслан вельмі любіў японскія рэстарацыі. Ён некалькі разоў вучыў мяне піць напой, калі ў піва дадаеш сакэ.
- У нас гэта называецца «Падводная лодка»
- А, так? (Смяецца) Проста адлятаю пасля гэтага! Потым некалькі разоў на гульні запрашаў і пасля гульняў мы сустракаліся. Ён знаёміў мяне з хакеістамі таксама. Руслан - проста дабрак. У нас дзень нараджэння быў у адзін дзень.
У мяне ўражанне пра яго - проста добры мішка. Я не чула ніколі, каб ён пра кагосьці дрэннае нешта сказаў. Ён як быццам бы гатовы быў даць прытулак усяму свету і даць падзяліцца сваім цяплом. Ён проста нейкі нерэальны.
- Ёсць меркаванне, што ў цяперашняй сітуацыі, якая ў нас цяпер сфармавалася ў краіне, Руслан бы не маўчаў.
- О! Я ўпэўнена, што ён бы не маўчаў. Таму што фраза «баязлівец не гуляе ў хакей», гэта не пра хакеістаў, якія ў нас цяпер. Але гэта пра Руслана. Я ўпэўненая. Ён бы не маўчаў. Ён не быў бы баязліўцам. Ён быў пайшоў сваімі вялікімі плячыма і казаў бы ўсё, як ёсць.
- У цябе было ці ёсць знаёмства з Аляксандрам Глебам?
- Было.
- Вы падтрымліваеце нейкія стасункі?
- Не-не. Ужо даўно. Даўно разышліся нашы дарожкі. У Сашы ўжо даўно свая выдатная сям'я.
- Маўчанне футбалістаў ты як расцэньваеш?
- Гэтак жа, як і хакеістаў. Толькі хакеісты вось асабіста для мяне былі больш мужнымі. Мне здавалася, што ім не страшна нічога. Яны моцныя, адважныя. Я так думала. Але высвятляецца, што не такія. Таму для мяне асабіста гэта вялікае расчараванне. Як, думаю, і для многіх. Ну а футбалісты таксама. Ну што тут скажаш? Мне здаецца, што і так усё зразумела. Яны атрымаюць такую ж падтрымку ад народа як яны падтрымліваюць людзей цяпер. Мне здаецца, што трэба казаць пра тых людзей, якія сапраўды заслужылі павагу. Таму што іх столькі! Паглядзі вось на гэтую салідарнасць. Колькі людзей не думаюць толькі пра сябе. Колькі людзей мне кажуць: «Ну чаго табе дрэнна ці што жывецца?». Не! Мне вельмі нядрэнна жывецца, але мне хочацца, каб мая дачка расла ў свабоднай краіне. Каб яна магла выказвацца, хадзіць са сцягам, калі ёй захочацца, шыць сарафан сабе з гэтага сцяга. Мне хочацца, каб ты не баяўся, калі ты скажаш нешта не так. Мне хочацца, каб нашы дзеці не імкнуліся выехаць вучыцца за мяжу, таму што там больш плацяць. Усе гэтыя чыноўнікі, якія кажуць, што ў нас усё выдатна... Іх дзеці вучацца дзе? Практычна ўсе вучацца за мяжой.